Сянцоў і генерал Маскалькова
- 16.06.2018, 21:25
- 13,842
Сапраўднага ўпаўнаважанага ў правах чалавека ў Расеі цяпер проста няма.
Паводзіны ўпаўнаважанай у правах чалавека Расеі Таццяны Маскальковай сведчаць пра дэградацыю інстытута амбудсмэна ў РФ. Як піша gordonua.com,, такое меркаванне ў калонцы для «Радіо Свобода» выказаў палітычны аглядальнік Віталь Портнікаў.
Так ён пракаментаваў заяву Маскальковай, што ўкраінскі палітвязень Алег Сянцоў, які абвясціў галадоўку, «дадаў у вазе».
«Адыёзная заява сведчыць не толькі пра асобу самой Маскальковай. Яна адлюстроўвае дэградацыю самога інстытута расейскага амбудсмэна», - мяркуе Портнікаў.
Са слоў аглядальніка, раней пасаду расейскага амбудсмэна займалі людзі, якія «спрабавалі захаваць рэпутацыю», а ў Маскальковай «такога жадання не відаць».
«Яна - не праваабаронца, уся яе кар'ера праходзіла ў МУС (міністэрства ўнутраных спраў. - заўв.) Расеі. Праваабаронцамі яна пагарджае і не хавае гэтага», - заявіў Портнікаў.
Ён не выключае, што задача Маскальковай на цяперашняй пасадзе, з якой яна «спраўляецца на выдатна», - «ператварыць у філіял сілавога ведамства інстытут упаўнаважаны ў правах чалавека Расеі».
У якасці прыкладаў аглядальнік прывёў меркаванне амбудсмэна пра тое, што ўпаўнаважаны павінен супрацьстаяць заходнім спецслужбам, і яе сцверджанне, што ў Расеі няма палітычных зняволеных.
Каментуючы намеры расейскага амбудсмэна наведаць ва Украіне зняволеных з РФ, Портнікаў заявіў, што «з расейцамі мог бы сустрэцца любы іншы генерал ФСБ ці МУС Расеі».
«Таму што сапраўднага ўпаўнаважанага ў правах чалавека ў Расеі цяпер проста няма», - падсумаваў аглядальнік.
14 чэрвеня Маскалькова паведаміла, што яна і ўпаўнаважаная ў правах чалавека Украіны Людміла Дзянісава разлічваюць наведаць 34 зняволеных на тэрыторыях абедзвюх краін. Амбудсмэн з РФ распавяла, што ва Украіне перш за ўсё плануе наведаць кіраўніка «РИА Новости Украина» Кірыла Вышынскага, дэзерціраў Аляксандра Баранава і Максіма Адзінцова, а таксама Алену Аднавал, якая была даверанай асобай кандыдата ў прэзідэнты Пуціна на незаконных выбарах у акупаваным Крыме. Яна плануе прыехаць ва Украіну на наступным тыдні.