У Гомельскім раёне створзяць пастаянны памежны паст для праверкі дакументаў
- 15.09.2026, 16:27
Модуль памежнікаў павінен з'явіцца ў гэтым месцы да пачатку лістапада.
Як заўважыў «Флагшток», для Шарпілаўскага сельвыканкама закупаюць модуль для нясення службы памежнымі нарадамі ў пасёлку Някрасаў. Ён размешчаны на мясцовай аўтадарозе, якая вядзе ўглыб Гомельскага раёна ад паромнай пераправы цераз раку Сож у раёне санаторыя «Залатыя пяскі». Далей дарога выходзіць на трасу Е95 («Чарнігаўская шаша»).
Згодна з закупкай, модуль памежнікаў павінен з'явіцца тут да пачатку лістапада 2026 года. У дакументацыі тэндэру ёсць апісанне і фота пажаданага модуля, які абыдзецца ў 24 тыс. рублёў.
Гэта вагончык памерам 3 на 4 метры з каркасам з профіляў рознага сячэння. Фасад павінен быць абліцаваны металічнымі касетамі з плоскага ліста з палімерным пакрыццём. Вонкавыя сцены павінны быць выкананыя з сэндвіч-панэляў.
На прыкладзеных фота на вагончыку ёсць надпіс «Праверка дакументаў». З гэтага вынікае, што ў гэтым месцы створяць пастаянны памежны паст для кантролю дакументаў.
