26 красавiка 2024, Пятніца, 18:22
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Гамяльчанкі галадоўкай прымусілі ўлады пайсці на саступкі

Гамяльчанкі галадоўкай прымусілі ўлады пайсці на саступкі
АКСАНА ФІЛІПЕНКА І АЛЕНА ГРЫНЬКО
ФОТА: SVABODA.ORG

Дзве беларускі пратэставалі супраць бяздзейнасці камунальнікаў.

Чыноўнікі адрэагавалі на пратэст 33-гадовай Алены Грынько і 48-гадовай Аксаны Філіпенкі, якія праз штучна створаныя камунальныя бар'еры два тыдні трымалі галадоўку, паведамляе «Радыё Свабода». Яны напісалі зварот да Лукашэнкі з просьбай пазбавіць іх беларускага грамадзянства.

«Як толькі інфармацыя пра зварот з'явілася ў інтэрнэце, у нас за дзень перабывалі аж дзевяць начальнікаў: з адміністрацыі Навабеліцкага раёна, гарадскога і абласнога выканкамаў, жыллёва-камунальнага прадпрыемства і «Гомельэнэргозбыта», - сказалі Алена і Аксана.

50 гадоў без капрамонту

Чыноўнікі папрасілі не адпраўляць зварот да Лукашэнкі на пазбаўленне беларускага грамадзянства. Кіраўнік раённай адміністрацыі Сяргей Казачок і намеснік старшыні гарвыканкама <> Віталь Атаманчук разам з падначаленымі ўзяліся тэрмінова развязваць усе пытанні.

«Не толькі са мной, з усімі іншымі жыхарамі нашага дома №14 на вуліцы Урыцкага «Гомельэнэргазбыт» пачаў укладаць дамовы на індывідуальнае энэргазабеспячэнне. Замянілі на новыя электралічыльнікі. Камунальнікі абяцаюць таксама зрабіць у доме капітальны рамонт», - пералічвае станоўчыя зрухі Аксана Філіпенка.

ДОМ №14 НА ВУЛІЦЫ ЎРЫЦКАГА Ў ГОМЛІ, ДЗЕ ЖЫВУЦЬ АКСАНА І АЛЕНА

Алене Грынько ўлады дазволілі дапрыватызаваць падсобныя памяшканні ў кватэры - кухню, ванну, туалет, калідор.

«Камунальнікі цяпер робяць пераацэнку гэтых памяшканняў, каб вызначыць іх рэшткавы кошт. Дому нашаму ўжо 51 год. Раней мясцовыя ўлады прапаноўвалі мне выкупіць тыя памяшканні камерцыйным коштам - за 18,7 тысячы рублёў. Проста астранамічная сума», - кажа Алена.

Пратэстную галадоўку Алена Грынько і Аксана Філіпенка трымалі з 24 траўня да 6 чэрвеня. Дамагаліся канкрэтных адказаў на свае заявы, у тым ліку ад памочніка кіраўніка ў рэгіёне - інспектара Гомельскай вобласці Юрыя Шулейкі. Накіравалі нават тэлеграму на імя кіраўніцы адміністрацыі Лукашэнкі Наталлі Качанавай, каб яна паўплывала на Шулейку, які за месяц не адказаў на іх заявы і сышоў у адпачынак.

Жанчыны ў сваіх заявах казалі, што ўсе жыхары дома апынуліся ў небяспечнай сітуацыі - ён не меў капітальнага рамонту з моманту пабудовы ў 1967 годзе. Жыллёва-камунальная служба замяніла электраправодку без тэхнічнага праекта. Электраэнэргія перыядычна знікае. Людзі баяцца пажару.

Блокі-секцыі замест кватэр

АКСАНА ФІЛІПЕНКА І АЛЕНА ГРЫНЬКО

Раней дом №14 належаў чыгунцы. Прыняўшы яго ў гарадскую камунальную ўласнасць, улады зрабілі, фактычна, інтэрнат, хоць у афіцыйных адказах называюць «жылым домам». Пры гэтым пішуць у лістах не «кватэры», а «блокі-секцыі».

Жыхары не мелі магчымасці ўкласці наўпроставыя дамовы з энэргетыкамі на забеспячэнне кватэр электрычнасцю, бо раённае камунальнае прадпрыемства зрабіла гэта ад свайго імя як для інтэрната. Адпаведна, тарыфы на электраэнэргію былі больш высокія. На думку галадоўнікаў, такім чынам дзейнічалі карупцыйныя схемы папаўнення даходаў камунальнікаў і ўзбагачэння за кошт гараджан.

У адказ на тэлеграму ў адміністрацыю Лукашэнкі галадоўнікі атрымалі ліст - але не ад памочніка дыктатара ў рэгіёне, а намесніка старшыні Гомельскага аблвыканкама Уладзіміра Гарбачова. Ліст чыноўніка быў звычайнай адпіскай.

Алена і Аксана спынілі галадоўку і падрыхтавалі зварот да Лукашэнкі з просьбай пазбавіць іх беларускага грамадзянства, бо ўважаюць, што іх правы ў Беларусі парушаюцца.

«Пасля гэтага гарадскія чыноўнікі і забегалі, цэлымі дэлегацыямі наведвалі мяне і Алену», - кажа Аксана Філіпенка.

Наперадзе ў жанчын яшчэ суды ў разліках за электраэнэргію і атрыманні афіцыйнага дазволу на дапрыватызацыю падсобных памяшканняў.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках