26 красавiка 2024, Пятніца, 12:04
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Леў Гудкоў: Найбліжэйшым часам чакаецца спад папулярнасці Пуціна

1
Леў Гудкоў: Найбліжэйшым часам чакаецца спад папулярнасці Пуціна
ЛЕЎ ГУДКОЎ
ФОТА: RFE/RL

Сацыёлаг патлумачыў, як зменіцца ўзровень падтрымкі Пуціна і ці ёсць патэнцыял у расейскай апазіцыі.

У аўторак, 19 чэрвеня, «Левада-цэнтр» апублікаваў вынікі апытання пра палітычныя перавагі расейцаў, праведзеныя ў траўні 2018 года. Паводле звестак сацыёлагаў, крыху больш за палову расейцаў хацелі б, каб Уладзімір Пуцін застаўся на пасадзе кіраўніка дзяржавы і пасля 2024 года, калі скончыцца яго цяперашні прэзідэнцкі тэрмін. Толькі 27 адсоткаў рэспандэнтаў заявілі, што не хацелі б працягу прэзідэнцтва Пуціна. Пра тое, як гэта можна растлумачыць, у інтэрв'ю DW распавёў дырэктар цэнтра, сацыёлаг Леў Гудкоў.

- Чаму вы наважылі цяпер, у пачатку чацвёртага прэзідэнцкага тэрміну Пуціна, задаць пытанне аб тым, колькі расейцаў хацелі б, каб і пасля 2024 года нічога не мянялася?

- Пасля электаральнай кампаніі мы спрабуем зафіксаваць дынаміку масавых установак у дачыненні да ўлады агулам і да Пуціна між іншым. Таму цалкам лагічна спытаць, наколькі моцныя тыя настроі, якія прывялі да яго абрання, наколькі моцны мабілізацыйны эфект усёй выбарчай кампаніі. Ён слабее.

Калі ў траўні-жніўні 2017 годзе галасаваць за працяг прэзідэнцтва Пуціна былі гатовыя 66-67 працэнтаў, гэта значыць больш за дзве траціны выбарцаў, то сёння гэтая лічба апусцілася да 51 працэнта. Узнікае разрыў паміж ухвалой Пуціна, яго палітыкі - яго існым рэйтынг трымаецца на ўзроўні блізу 80 адсоткаў - (і тым фактам, што. - Рэд.) пераабраць яго на наступны тэрмін хацелі б толькі 51 працэнт расейцаў. Гэта значыць, узнікае пэўная дынаміка спаду, канчаецца электаральная мабілізацыя.

Цікава, хто хацеў бы за яго галасаваць і праз шэсць гадоў, а хто ўжо цяпер - супраць. У большай ступені за яго хацелі б галасаваць малаадукаваныя, бедныя людзі і жыхары правінцыі - малых гарадоў і вёсак, знуджаныя па савецкай сістэме і сацыялізму. Супраць - больш адукаваная група насельніцтва, у першую чаргу, жыхары Масквы і людзі сярэдняга ўзросту - больш забяспечаныя, якія дамагліся большага поспеху, больш кваліфікаваныя, сацыяльна кампетэнтныя і актыўныя. Але, хутчэй за ўсё, яны не бралі ўдзел у прэзідэнцкай кампаніі ў сакавіку 2018 года.

- 51 працэнт расейцаў хацелі б, каб Пуцін заставаўся прэзідэнтам і далей: гэта менш, чым на выбарах. Гэта шмат ці мала?

- Цяжка сказаць, таму што і самі выбары - даволі штучная працэдура, і іх нельга назваць дэмакратычнымі. Гэта хутчэй тое, што называецца акламацыя - гэта значыць арганізаваны кансэнсус, мабілізацыя грамадскай думкі з выкарыстаннем усіх сродкаў прымусу. Таму натуральна, што такая сітуацыя масавай падтрымкі не можа доўга працягвацца. Я думаю, што найбліжэйшым часам мы будзем назіраць некаторы спад яго (Пуціна - Рэд.) папулярнасці, звязаны і з абвешчанымі пенсійнымі рэформамі, і з хранічным зніжэннем ўзроўню жыцця.

- 27 адсоткаў выступаюць супраць працягу прэзідэнцтва Пуціна. Як вы лічыце, гэта можна лічыць пратэстным патэнцыялам? Ці ж гэта проста жаданне змяняльнасці ўлады?

- Патэнцыйна гэта праціўнікі Пуціна. Але яны цяпер дэмаралізаваныя, не арганізаваныя і не выказваюць сваю пазіцыю інакш, акрамя як некаторым бурчанне ў сацыяльных сетках. Патэнцыял палітычнай, грамадскай арганізацыі вельмі нізкі. Збольшага гэта следства рэпрэсій супраць апазіцыі і грамадзянскай супольнасці, збольшага - страта ўпэўненасці ў магчымасці нешта змяніць у гэтым аўтарытарным рэжыме.

- Згодна з вынікамі вашага апытання, расейцы хутчэй чакаюць ад Пуціна нармалізацыі стасункаў Расеі з Захадам (54 адсоткі), чым росту ўзроўню жыцця (45 адсоткаў). Чым вы гэта тлумачыце?

- Гэта вельмі характэрны разрыў паміж ацэнкамі, заснаванымі на ўласным досведзе, і ацэнкамі дзеянняў палітыкаў у сферах, якія не падпарадкоўваюцца паўсядзённаму досведу. Зыходзячы з паўсядзённага досведу, са звычайных стасункаў з уладай, людзі ведаюць, што дзяржава іх падмане і ўсе дэкларацыі, абяцанні, праграмы, пра якія аб'яўляў Пуцін, не будуць выкананыя. У той жа час іх вельмі палохае працяг ці нават абвастрэнне канфрантацыі з Захадам, і гэтыя 54 адсоткі - гэта, хутчэй, надзеі на будучае паляпшэнне, чым больш-менш рэалістычныя ацэнкі маючых адбыцца дзеянняў кіраўніцтва краіны.

- Ці прывядзе павышэнне пенсіённага ўзросту да падзення папулярнасці Пуціна? Ці праводзілі вы на гэты конт апытанне?

- Найбліжэйшым часам мы запусцім апытанне і атрымаем звесткі. Я думаю, што рэакцыя будзе негатыўнай, але яе ступень і інтэнсіўнасць цяпер вельмі цяжка ацаніць.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках