29 сакавiка 2024, Пятніца, 0:28
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Саслабелыя нафтавыя нетры Расеі збянтэжылі аналітыкаў

5
Саслабелыя нафтавыя нетры Расеі збянтэжылі аналітыкаў

Патэнцыял РФ вывучылі ў сувязі з падрыхтоўкай угоды АПЕК.

Перспектыва ўгоды паміж АПЕК і яе хаўруснікамі для павелічэння здабычы змушае нафтатрэйдэраў вывучаць незнаёмую ім сферу: свабодныя вытворчыя магутнасці Расеі, паведамляе finanz.ru.

У рамках беспрэцэдэнтнага супрацоўніцтва з АПЕК у скарачэнні здабычы РФ упершыню ў сваёй гісторыі наўмысна спыніла нафтавыя свідравіны. Яна далучылася да вытворцаў АПЕК, такіх як Саудаўская Арабія або Кувейт, аднак меркаваць аб тым, наколькі Расея можа павялічыць сваю вытворчасць і ў якія тэрміны, значна складаней.

Памер свабодных магутнасцяў Расеі «стаў крытычным пытаннем, якое ўплывае на стабільнасць сусветных нафтавых рынкаў», адзначае IHS Inc. «Гэта новая тэрыторыя для іх, у іх ніколі не было вытворчасці, якая наўмысна стрымлівалася», - сказаў Мэцью Сэджарс, кіроўны дырэктар у энэргетычных даследаваннях Расеі і Каспія ў кансалтынгавай фірме.

Роскід адзнак

Міністр энэргетыкі РФ Аляксандр Новак хоча, каб 24 краіны, якія скарачаюць вытворчасць са студзеня 2017 года, павялічылі ліміт здабычы на 1,5 мільёна барэляў за дзень. Іншыя чальцы групы пакуль не дамовіліся, але ПАТ «Раснафта» ўжо пачала тэставаць свае магчымасці для аднаўлення здабычы. Аб'ём вытворчасці РФ вырас да 11,09 мільёна барэляў за дзень у першы тыдзень чэрвеня, што перавышае квоту краіны ў рамках угоды АПЕК + прыкладна на 140 тысяч барэляў за дзень.

Роскід ацэнак таго, як яшчэ Расея можа павялічыць вытворчасць, з'яўляецца істотным. Аналітыкі ВК «Рэнесанс Капітал» ацэньвалі свабодныя магутнасці на 215 тысяч барэляў за дзень, у той час як Goldman Sachs Group Inc. і ПАТ «Газпром нафту» - у межах 500 тысяч.

Рознагалоссі ёсць і аб патэнцыйных тэмпах павышэння прапановы. Wood Mackenzie Ltd. мяркуе, што Расея можа цалкам аднавіць сваё зніжэнне здабычы 300 тысяч барэляў за дзень цягам трох месяцаў, у той час як адзнака Goldman Sachs 500 тысяч барэляў мяркуе ад шасці да дзевяці месяцаў. IHS прагназуе дадатковыя 300 тысяч цягам прыкладна двух месяцаў, а 500 тысяч - цягам шасці месяцаў, кажа Сэджарс.

Ранейшыя радовішчы

Гэта нашмат больш павольна, чым у Саудаўскай Арабіі, якая, паводле ацэнак Міжнароднага энэргетычнага агенцтва, мае магчымасць павялічыць здабычу на 2 мільёны барэляў за дзень цягам 90 дзён, хоць ніколі не выкарыстоўвала ўсе гэтыя магутнасці за доўгі перыяд.

Частка рознагалоссяў звязаная з тым, што расейскія «свабодныя магутнасці» - гэта не тое, да чаго прывык нафтавы рынак. У адрозненне ад Саудаўскай Арабіі, дзе павелічэнне вытворчасці часам можа патрабаваць толькі запуску непрацоўнага аб'екта, у Расеі гэта не так. Асноўная частка здабычы паступае са старых сібірскіх радовішчаў, дзе кампаніям даводзіцца ўвесь час свідраваць, проста каб абмежаваць зніжэнне магутнасцяў.

Калі ў снежні 2016 года Расея пагадзілася скараціць здабычу на 300 тысяч барэляў на дзень, кампаніі па-рознаму падышлі да рэалізацыі скарачэнняў.

Так, «Раснафта», што пампуе больш за 40 адсоткаў расейскай нафты, прытармазіла развіццё новых праектаў. Гэта азначае, што кампанія можа неўзабаве нарасціць здабычу, калі будзе прынятая пастанова аб згортванні скарачэнняў.

Аднак большасць кампаній аддалі перавагу скараціць здабычу на старых радовішчах, закрыўшы менш рэнтабельныя свідравіны і знізіўшы інвестыцыі, закліканыя кампенсаваць падзенне вытворчасці. Незразумела, якая доля гэтых свідравін можа быць ці будзе запушчаная зноў.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках