26 красавiка 2024, Пятніца, 22:16
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як ЖКГ пагражае беларусам забіраць дзяцей за пазыкі ў «камуналцы»

15
Як ЖКГ пагражае беларусам забіраць дзяцей за пазыкі ў «камуналцы»
ІЛЮСТРАЦЫЙНАЕ ФОТА

Юрысты заклікаюць рэагаваць на беззаконне камунальнікаў.

У красавіку сям'я вядомых беларускіх дызайнераў Юліі Галаўніной і Сяргея Скрыпнічэнкі перажыла сур'ёзны стрэс. З гімназіі, у якой вучыцца іх 10-гадовы сын, патэлефанавалі і паведамілі што хлопчык знаходзіцца ў сацыяльна-небяспечным становішчы, паведамляе «Еўрарадыё».

Нагодай для «трывожнага званка» стала запазычанасць у камунальных аплатах.

«Мы плацім за кватэру і за святло так, як нам зручна. Можам два месяцы не плаціць, можа ўзнікнуць пеня, але плацім заўсёды, - распавядае Сяргей Скрыпнічэнка. - У індывідуальных прадпрымальнікаў прыбытак фармуецца па-рознаму. Здараецца, што вымушаны выдаткаваць грошы на нешта больш важнае. Атрымалася, што ў нас паўстала запазычанасць за два месяцы. А ЖКГ тут жа адправіла ліст у школу».

«З сістэмай нельга барукацца, бо сістэма адужае»

Скрыпнічэнку тэлефануе шакаваны класны кіраўнік і кажа, што да іх дадому могуць прыйсці з праверкай. Юлія і Сяргей тут жа ідуць плаціць за «камуналку», робяць копію рахункаў і аддаюць іх у школу. І на ўсялякі выпадак рыхтуюцца да прыёму дарагіх гасцей.

«Фармальна, логіка такая: калі бацькі не плацяць за кватэру, значыць, дзіця ў небяспецы. Адпаведна, усе гэтыя заклапочаныя службы павінны дзіцятка ратаваць, - разважае Скрыпнічэнка. - Але, напраўду, гэта лухта: якое дачыненне да «камуналкі» мае дзіця? Атрымліваецца шантаж, прычым, шантаж без варыянтаў».

Праверка да Скрыпнічэнкі так і не дайшла. Але, кажа наш суразмоўца, такія выпадкі ў іх школе практыкуюцца. Нядаўна іншая сям'я аплаціла «камуналку», але адбыўся нейкі збой у сістэме, аплата не зафіксавалася. ЖКГ тут жа паведаміла ў школу пра неаплату.

«З сістэмай нельга барукацца, бо сістэма падолее, але мы б паказалі тое, што ў нас усё добра, калі б давялося. Усё адно мы працягваем плаціць так, як нам зручна, але цяпер улічваем гэты фактар», - падсумоўвае дызайнер.

Два месяцы, і ЖКГ пачынае дзейнічаць. Як гэта працуе.

Сістэма жыллёва-камунальнай гаспадаркі пачынае ціснуць на беларусаў ужо праз два месяцы пасля затрымкі ў аплаце «камуналкі».

«Два перыяды запазычанасці - адпраўляюцца пазовы ў суд і лісты ў школы, калі ў вас ёсць дзеці, - тлумачаць у адным з разлікова-даведачных цэнтраў Менска. - Калі дзяцей няма або яны не ўнесеныя ў асабовы рахунак, вам адключаюць ваду і святло, а калі ёсць дзеці - толькі ваду».

Але цяпер вучні могуць займацца ў гімназіях далёка ад месца жыхарства. Адкуль сістэма ЖКГ ведае, дзе вучацца дзеці? Высвятляецца, што разлікова-даведачныя цэнтры працуюць у цесным узаемадзеянні з аддзеламі адукацыі.

«Калі дзіця зарэгістраванае па месцы пражывання, інфармацыю пра запазычанасць у камунальных аплатах мы адпраўляем у аддзел адукацыі. А яны перанакіроўваюць у школы», - тлумачаць схему ў РДЦ Цэнтральнага раёна Менска.

Праз школы яны спрабуюць запалохаць неаплатнікаў, дзейнічаць на псіхіку праз самае дарагое, што ёсць у сям'і

Са слоў праваабаронцы Гары Паганяйлы, у гэтым выпадку і школы, і камунальныя гаспадаркі дзейнічаюць незаконна:

«ЖКГ могуць прапаноўваць, высвятляць прычыну, могуць ставіць пытанне пра судовае спагнанні, пра перасяленне ў жыллё з меншай плошчай. Праз школы яны спрабуюць запалохаць неаплатнікаў, дзейнічаць на псіхіку праз самае дарагое, што ёсць у сям'і».

У такіх выпадках Гары Паганяйла раіць абскардзіць дзеянні ЖКГ і школ у вышэйшых арганізацыях.

«На ўсякае беззаконне трэба рэагаваць прывучэннем чыноўнікаў дзейнічаць у межах іх паўнамоцтваў і ў адпаведнасці з законам».

Напісаць каментар 15

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках