26 красавiка 2024, Пятніца, 16:31
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Вольга Нікалайчык: «Тэхнолагі» Лубянкі праз свайго халуя-старасту спрабуюць адрадзіць Савецкі Саюз

20
Вольга Нікалайчык: «Тэхнолагі» Лубянкі праз свайго халуя-старасту спрабуюць адрадзіць Савецкі Саюз
ВОЛЬГА НІКАЛАЙЧЫК

Барацьба за Курапаты - прынцыповае пытанне выжывання нацыі.

Грамадская актывістка і рэжысёрка Вольга Нікалайчык, удзельніца абароны Курапатаў, распавяла сайту Charter97.org, чаму народны мемарыял давядзецца абараняць зноўку і зноўку і як канчаткова дамагчыся перамогі ў гэтым супрацьстаянні:

- З таго, што адбываецца ў Курапатах, можна зрабіць выснову, што ўладам удалося за два з паловай дзесяцігоддзі кіравання Лукашэнкі змікшыраваць праблему народнага мемарыяла і наогул - сталінскіх рэпрэсій. Гэта дазваляе ўладам дзейнічаць у Курапатах подла і нечакана. І справа не толькі ў адкрытай нядаўна рэстарацыі. Пытанні ўзнікаюць перш за ўсё да лукашэнкаўскіх чыноўнікаў розных узроўняў.

Чаму ўлады скарацілі ахоўную зону Курапатаў? Летась там будавалі бізнэс-цэнтр, а цяпер адкрылі рэстарацыю «Поедем поедим». Пры гэтым ёсць менская кальцавая дарога - 64 кіламетры свабоднай для забудовы зямлі, але «ўклініцца» трэба было менавіта ў ахоўную зону.

Хачу таксама адзначыць, што на мой погляд, падзеі ў Курапатах і на паўднёвым усходзе Украіны - звёны аднаго ланцуга. «Тэхнолагі» Лубянкі праз свайго халуя-старасту Лукашэнку спрабуюць адрадзіць Савецкі Саюз на беларускіх землях. Для гэтага ім трэба знішчыць у памяці людзей інфармацыю пра мільённыя сталінскія рэпрэсіі.

Вось вам і вельмі просты адказ, чаму ўлады спрабуюць з усіх бакоў сціснуць Курапаты і зрабіць з народнага мемарыяла ледзь прыкметны астравок. Паставіць таблічкі - і на гэтым усё «замяць», каб людзі забыліся пра страшныя рэчы, якія там адбываліся.

Падкрэслю, што яшчэ да вайны з Украінай задача з Крамля «рэканструяваць СССР» досыць паспяхова ўелася ў галовы беларускіх чыноўнікаў. Ва Украіне расейскія лялькаводы апякліся, але тут, у нас, яны і далей наступаюць на курапацкую зямлю. Цяпер гэта ўрочышча стала сімвалічным месцам, свайго кшталту сэрцам Беларусі.

Разумееце, барацьба за Курапаты цяпер - прынцыповае пытанне выжывання нацыі. Калі мы дазволім «карчме на касцях» працаваць у поўным рэжыме, то пакажам, што можам падпарадкавацца марыянеткаваму рэжыму Лукашэнкі і ягоным гаспадарам з Лубянкі і ў іншых пытаннях.

Але, паўтаруся, справа не толькі ў адной рэстарацыі. Калі думаць канцэптуальна, то адказ на курапацкую праблему адзін: трэба мяняць уладу. Усё вельмі проста: толькі змяніўшы Лукашэнку, мы закрыем і скандальную карчму назаўсёды. А цяпер, як паказвае практыка, чыноўнікі могуць знайсці дзясяткі шчылін, каб дазволіць такія ўстановы ў Курапатах.

Таму змагацца цяпер трэба шматвектарна: з дапамогай курапацкай вахты, з дапамогай судоў, пікетаў у Менску перад Міністэрствам культуры, аблвыканкамам, КДБ.

Я не веру, што КДБ ці Мінкульт прымуць пастановы на карысць беларускага народа. Але мы прыцягнулі ўвагу грамадства да гэтай праблемы - і гэта ўжо вельмі важна. Важна, што мы ствараем рэзананс і не даем рэстарацыі працаваць.

Але поўнай перамогі мы дасягнем, калі памяняем уладу. Вось тады на месцы «Поедем поедим» можна будзе зрабіць музей памяці ахвяр НКВД - такі, якія цяпер ёсць у Літве і іншых краінах былога СССР.

Напісаць каментар 20

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках