Відэафакт: Усе галы беларусаў на чэмпіянатах свету ў футболе
- 30.06.2018, 21:47
- 11,521
Адзін з беларускіх спартоўцаў нават аформіў дубль.
Каманда Беларусі ніколі не гуляла ў фінальных стадыях ЧМ. Затое там выступала каманда СССР, у якую ў розны час траплялі нашы суайчыннікі - і забілі цэлых чатыры галы, піша by.tribuna.com.
Выдатны нападнік, які стаў потым вялікім трэнерам, Эдуард Малафееў аформіў дубль у матчы абрэвіятур СССР - КНДР (3:0) на ЧС-1966 у Англіі. Дарэчы, Малафееву і партнёрам зусім крыху не выстарчыла да медалёў - у матчы за 3-е месца яны саступілі Партугаліі (1:2).
На ЧС-1986 у Мексіцы каманда СССР у стартавым матчы распляжыла вугорцаў (6:0), а адзін з галоў раскошным ударам забіў Сяргей Алейнікаў. Тады каманда Саюза вылецела ў 1/8 фіналу ад бэльгійцаў (3:4).
На ЧС-1990 у Італіі Алейнікаў мог забіць другі мяч, але трапіў у пярэчку. Затое дабіў у браму яшчэ адзін беларус Андрэй Зыгмантовіч. Праўда, СССР гэта не дапамагло - нягледзячы на разгром Камеруна (4:0), каманда не выйшла з групы.
Бонус. Беларус паводле нацыянальнасці Арцём Мілеўскі, які ў маладосці змяніў грамадзянства, выступіў за каманду Украіны на ужо ЧС-2006 - і дапамог ёй дабрацца да чвэрцьфіналу, забіўшы ў пасляматчавай серыі пенальці ў матчы 1/8 фіналу супраць швайцарцаў. Праўда, супраць будучых чэмпіёнаў італьянцаў у нашых суседзяў шанцаў не было (0:3).