15 верасня 2026, aўторак, 19:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Пішу яму лісты і аплачваю навучанне»

«Пішу яму лісты і аплачваю навучанне»
Ілюстрацыйнае фота: Unsplash

Беларуска ўзяла пад апеку хлопчыка з Уганды.

Ужо два месяцы Яўгенія (імя зменена) піша лісты незнаёмаму хлопчыку ў Уганду і пералічвае яму грошы на навучанне. 15-гадовы Генры марыць стаць урачом, але ў ягонай сям'і няма грошай на адукацыю. Яўгенія расказала MOST, чаму вырашыла стаць апякункай хлопчыка.

Яўгенія жыве ў Польшчы чатыры гады. Ужо некалькі гадоў яна час ад часу дапамагае дабрачынным праектам у Афрыцы. Пра гэтую ініцыятыву яна даведалася ад сваёй калегі. Та перыядычна ездзіць у Афрыку і дапамагае мясцовым жыхарам.

— Звычайна едуць туды на некалькі месяцаў. На ахвяраванні набываюць ложкі афрыканскім сем'ям. Там частыя паводкі, і з-за гэтага мэбля пастаянна псуецца. Акрамя таго, дапамагаюць з лячэннем, ежай, канцылярскімі таварамі.

Раней Яўгенія пералічвала грошы на харчаванне і іншыя патрэбы дзяцей, а сёлета ўпершыню ўзяла пад пастаянную апеку школьніка.

— Мая знаёмая сказала, што ёсць двое дзяцей з Афрыкі, над якімі трэба ўзяць апеку. Абодвух пастаянна фінансава падтрымліваць яна не магла, але выбіраць паміж імі не хацелася. Выберыш аднаго, а з другім што? Яна спытала, ці не хачу я далучыцца да дапамогі.

Яўгенія адразу пагадзілася. Яна падпісала дамову з фондам, які дапамагае афрыканскім дзецям. Дамова бестэрміновая. Яе можна скасаваць, калі апякун з нейкіх прычын больш не зможа дапамагаць падапечнаму дзіцяці.

— Галоўнае — зрабіць гэта загадзя, каб не перапыняць дапамогу і навучанне дзіцяці.

У межах гэтай дапамогі апякун павінен быць на сувязі з дзіцём, пісаць яму матывуючыя лісты і аплачваць навучанне ў школе.

— Там школьная адукацыя платная. І не ўсе маюць магчымасць вучыцца. Як правіла, дазволіць сабе навучанне ў школе могуць далёка не ўсе. Кожны месяц я пішу яму лісты і аплачваю навучанне — па 200 злотых у месяц, — кажа беларуска.

У сям'і тры ложкі і два старыя матрацы

Бліжэй пазнаёміцца са сваім падапечным Яўгенія змагла дзякуючы перапісцы. Хлопчык напісаў ёй сваю гісторыю.

15-гадовы Генры жыве ў вёсцы на захадзе Уганды разам з родзічамі ў драўляным доме. У сям'і ўсяго тры ложкі і два старыя матрацы, якія ім даводзіцца дзяліць. Бацькі зарабляюць выпадковымі падпрацоўкамі і на невялікай гаспадарцы, але гэтых грошай недастаткова для ўсіх патрэбаў вялікай сям'і.

Генры — адзін з дзевяці дзяцей. Але двое яго братоў памерлі: аднаго збіла машына, другі памёр пяць гадоў таму пасля працяглай хваробы. Не ўсе дзеці ў сям'і змаглі вучыцца: хтосьці перапыніў вучобу праз хваробу, хтосьці — праз беднасць. Аднойчы бацьку нават давялося прадаць частку зямлі, каб аплаціць лячэнне аднаго з сыноў.

Адзін брат падпаліў дом, другі — пагражаў расправай

Калі Генры быў маленькім, яго старэйшы брат, які меў сур'ёзныя псіхічныя праблемы, у адсутнасць бацькоў падпаліў дом. Хлопчык апынуўся ўнутры і атрымаў цяжкія апёкі. У бальніцы ён правёў больш за тры месяцы.

Сітуацыя ў сям'і заставалася небяспечнай: адзін са старэйшых братоў пагражаў Генры расправай. І тады маці аддала яго пад апеку дзядзькі, які ўтрымліваў дом для дзяцей-сірот. Там ён правёў пяць гадоў. Пасля закрыцця гэтага месца хлопчык пераехаў да бабулі і дзядулі, а пасля смерці дзядулі яго далей выхоўвала бабуля.

— Генры, нягледзячы на ўсё гэта, вельмі хоча атрымаць адукацыю — скончыць мясцовую школу, а потым паступіць ва ўніверсітэт і стаць урачом. Яго мара — ратаваць людзей. І я буду шчаслівая, калі мой удзел дапаможа яму ў гэтым, — кажа Яўгенія.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках