26 красавiка 2024, Пятніца, 11:34
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Макрон высунуў Трампу ўмовы для падпісання дэкларацыі G7

4
Макрон высунуў Трампу ўмовы для падпісання дэкларацыі G7
ФОТА: AFP

Прэзідэнт Францыі не падпіша дэкларацыю G7, калі ЗША не пойдуць на саступкі ў мытах, угодзе з Іранам і пагадненні ў клімаце.

Францыя не падпіша выніковую супольную заяву лідараў краінаў «Вялікай сямёркі» (G7) паводле вынікаў саміту ў Квебеку, калі не даможацца ад ЗША саступак у ключавых пытаннях, паведамляе Bloomberg са спасылкай на французскага чыноўніка, які захацеў застацца невядомым. Паводле словаў крыніцы агенцтва, такую пастанову прыняў прэзідэнт Эманюэль Макрон, паведамляе РБК.

Для таго каб пад дэкларацыяй з'явіўся подпіс французскага прэзідэнта, Белы дом павінен пайсці на саступкі ў пытанні наконт мытаў на сталь і алюміній, удакладніў суразмоўца агенцтва. Акрамя таго, Макрон мяркуе, што прэзідэнт ЗША Дональд Трамп павінен прадэманстраваць прагрэс у дачыненні да ядзернай угоды з Іранам і Парыжскага пагаднення ў клімаце (пра выхад з абодвух пагадненняў ЗША абвесцілі пасля прыходу да ўлады Трампа).

Пводле словаў чыноўніка, Макрон упэўнены, што Вялікая Брытанія, Нямеччына, Японія, Францыя, Італія і Канада павінны супрацьстаяць ЗША як у мытах на сталь і алюміній з Еўрапейскага звязу, Канады і Мексікі, так і ў іншых пытаннях.

Саміт G7 пройдзе ў канадскім Квебеку 8–9 чэрвеня. Раней да аб'яднання пазіцый краінаў Еўропы датычна тарыфаў і пагаднення наконт іранскага атама заклікала канцлерка Нямеччыны Ангела Меркель. Пра гэта яна заявіла 6 чэрвеня, выступаючы ў Мюнхене на пасяджэнні фракцыі Еўрапейскай народнай партыі (EPP).

2 чэрвеня міністры фінансаў шасці краінаў G7 пасля пасяджэння напярэдадні саміту выступілі з заявай пра тое, што яны занепакоеныя і расчараваныя пастановай Вашынгтона ўвесці новыя мыты.

За апошнія тыдні Макрон пабываў з візітамі ў Вашынгтоне і Маскве. Адмову ЗША ад ядзернай угоды з Іранам Макрон называў памылкай, аднак пераканаць Трампа змяніць сваю пазіцыю ён не здолеў. Пасля ягонай тэлефоннай размовы з Трампам 13 траўня Белы дом распаўсюдзіў заяву, у якой гаварылася пра абмеркаванне прэзідэнтамі новай «усёабдымнай» угоды адносна Ірана. «Прэзідэнт Трамп падкрэсліў неабходнасць усёабдымнага пагаднення, якое ахоплівала б усе аспекты дэстабілізавальнай актыўнасці Ірана на Блізкім Усходзе», – заявіла тады прэс-служба прэзідэнта ЗША.

5 чэрвеня падчас прэс-канферэнцыі з прэм'ерам Ізраіля Біньямінам Нетаньяху журналісты папрасілі Макрона пракаментаваць матэрыял тэлеканала CNN, у якім ягоная тэлефонная размова з Трампам была ахарактарызаваная як жудасная.

«Як казаў Бісмарк, – адказаў Макрон, – калі б мы расказалі людзям, з чаго робяцца сасіскі, яны наўрад ці сталі б іх есці». «Таму мне падабаецца, калі людзі бачаць ежу ўжо гатовай. Я не ўпэўнены, што кухонныя каментары павысілі б заказы на яе ці палепшылі апетыт», – растлумачыў прэзідэнт Францыі.

У сакавіку Трамп абвесціў пра ўвядзенне мытаў на імпартныя сталь і алюміній. Ён патлумачыў тады, што спрабуе абараніць ЗША ад несправядлівых умоваў гандлю з іншымі краінамі. Спачатку ўвядзенне гэтай меры супраць краінаў-хаўрусніцаў было адкладзенае. Аднак у канцы траўня кіраўнік Міністэрства гандлю ЗША Уілбур Рос заявіў, што ЗША ўводзяць мыты на сталь і алюміній з Еўразвязу, Мексікі і Канады з 1 чэрвеня. Ён растлумачыў, што гаворка ідзе пра 25-адсоткавыя мыты на ўвоз сталі і 10-адсоткавыя на ўвоз алюмінію.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках