26 красавiка 2024, Пятніца, 11:39
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Леанід Судаленка: ААН і беларускі ўрад гавораць на розных мовах

1
Леанід Судаленка: ААН і беларускі ўрад гавораць на розных мовах
ЛЕАНІД СУДАЛЕНКА
ФОТА: CHARTER97.ORG

Праваабаронцы патрабуюць выканання беларускімі ўладамі міжнародных абавязанняў.

Беларусь - адзіная еўрапейская краіна, якая не з'яўляецца сябрам Рады Еўропы, бо, апроч іншага, дагэтуль не адмовілася ад ужывання смяротнага пакарання, піша «Нямецкая хваля».

Грамадзяне краіны пазбаўленыя магчымасці звяртацца ў Еўрапейскі суд правоў чалавека (ЕСПЧ). На міжнародным узроўні паскардзіцца на свой урад яны могуць толькі ў Камітэт правоў чалавека ААН (КПЧ ААН). Агулам з 1997 года, калі была пададзеная першая беларуская скарга ў гэтую структуру, іх зарэгістравана ўжо 273. Беларусь упэўнена знаходзіцца ў першай тройцы краін, чые грамадзяне часцей за ўсё звяртаюцца ў КПЧ.

Жыхары Магілёва, якія атрымалі штрафы і адміністрацыйныя арышты за ўдзел у леташніх акцыях пратэсту супраць скандальнага дэкрэту "аб дармаедах", таксама скарысталіся такім шанцам. У сваіх зваротах яны заявілі аб парушэнні іхняга права на свабоду мірных сходаў, якое гарантуе Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах (МПГПП). Адказы беларускіх уладаў выклікалі здзіўленне ў скаржнікаў.

Ці злоўжываюць беларусы правам звароту ў КПЧ ААН?

Магілёўскі праваабаронца Барыс Бухель дапамог падаць паўдзясятка скаргаў у КПЧ ААН ад удзельнікаў акцыі пратэсту. Працэдура гэтая доўгая, тлумачыць ён, бо звяртацца ў офіс ААН трэба толькі пасля таго, як вычарпаныя ўсе магчымасці судовай сістэмы на радзіме. Потым жэнэўскія службоўцы на працягу паўгода вызначаюць, ці скарга падлягае разгляду, і калі пастанова дадатная, то адпраўляюць яе беларускім уладам для рэагавання. Іх прадстаўнікі маюць для гэтага паўгода. Атрыманы адказ КПЧ ААН перасылае скаржникам для каментара. На мінулым тыдні праваабаронца акурат атрымаў такія адказы з афіцыйнай пазіцыяй беларускага ўрада. Іх змест выклікаў у Бухеля здзіўленне.

Прадстаўнік сталай місіі Беларусі пры ААН у сваіх заўвагах абвінаваціў аўтара скаргаў на "злоўжыванні правам на зварот у міжнародныя інстанцыі". Пры гэтым, адзначае Барыс Бухель, што аб сутнасці выкладзеных прэтэнзій не было сказана ні слова, улады проста шукаюць фармальныя падставы, каб прызнаць скаргі непрымальнымі і прадухіліць разгляд у КПЧ ААН.

Беларускія дыпламаты ў сваіх заўвагах спаслаліся на тое, што грамадзяне, якія мяркуюць, што іхнія правы парушаныя, маглі б абскардзіць прысуд у пракуратуру, а таксама старшыням абласнога і Вярхоўнага судоў. І далей, працягвае Бухель, у найлепшых савецкіх традыцыях дыпламаты падаюць статыстыку пра тое, колькі пратэстаў за год вынесла пракуратура ў адміністрацыйных справах: 3766, з іх задаволеныя 3665 або 97%. "Хоць усім ясна, што для КПЧ ААН гэта ну зусім непатрэбная інфармацыя", - адзначае праваабаронца.

Яшчэ больш жорстка пазіцыю ўлад крытыкуе кіраўнік гомельскага "Цэнтру стратэгічнай цяганіны" Леанід Судаленка. Яшчэ ў 2008 годзе ён перамог у такой справе супраць Беларусі, тады ў сваёй пастанове КПЧ ААН зазначыў, што "перагляд у рамках нагляднай працэдуры прысудаў, якія ўвайшлі ў законнае дзеянне, не складае сродак прававой абароны". Прасцей кажучы, тлумачыць Судаленка, нідзе ў свеце не выкарыстоўваецца працэдура наглядных скаргаў у пракуратуру або старшыні Вярхоўнага суда. КПЧ ААН цікавіць выкананне справядлівым судом першай інстанцыі патрабаванняў МПГПП.

КПЧ ААН і беларускі ўрад гавораць на розных мовах

Нікога не ўвядзе ў зман, працягвае Судаленка, і пададзеная статыстыка. Толькі праз МУС Беларусі ў 2017 годзе было выпісана блізу 4 мільёнаў штрафаў, а акрамя міліцыі адміністрацыйныя пратаколы маюць права складаць яшчэ 70 дзяржаўных структур. Пракуратура выносіць пратэсты, напрыклад, на штрафы ДАІ за перавышэнне хуткасці, але калі гаворка ідзе аб палітычных і грамадзянскіх правах, ніводная справа пакуль не падпала пад перагляд, зазначае праваабаронца.

Улады хітруюць, уважае Судаленка, зазначаючы, што грамадзяне "злоўжываюць" зваротамі ў ААН - апошні час гэтую фармулёўку яны выкарыстоўваюць як пад капірку. Сама сабой яна сведчыць аб тым, што КПЧ ААН і беларускі ўрад размаўляюць на розных мовах, дадае кіраўнік "Цэнтра стратэгічнай цяганіны".

Магілёўка Алена Кісель мяркуе, што пытанне трэба ставіць зусім інакш – ці не злоўжывае дзяржава, хаваючы ад грамадзян інфармацыю аб КПЧ ААН. Упершыню, тлумачыць яна, аб магчымасці паскардзіцца на ўласную дзяржавц яна даведалася ад праваабаронцаў ужо пасля суда. Адвучыўшыся пяць гадоў у ВНУ, Кісель не мела ўяўлення, што такое бывае. У Беларусі, канстатуе яна, нават чалавек з вышэйшай адукацыяй не ведае, як абараніць свае правы, і ўлады не зацікаўлены ў ліквідацыі прававой непісьменнасці насельніцтва.

За ўдзел у акцыі пратэсту дзяўчына была аштрафаваная на 140 еўраў, пасля чаго яе і адлічылі з універсітэта - за тры месяцы да абароны дыплома. Кісель самастойна падавала скаргу ў КПЧ і таксама атрымала стандартны адказ урада, з якім не згодная.

Зрэшты, Леанід Судаленка адзначае, што Менск усё-ткі зрабіў крок насустрач ААН. У канцы 90-х, успамінае ён, беларускія ўлады зусім ігнаравалі запыты КПЧ, а пазней сталі выбарачна даваць свае каментары на скаргі грамадзян. Цяпер жа перапіска мае сістэмны характар. Камунікацыя наладзілася пасля таго, як у 2016 годзе ў Беларусі быў прыняты Нацыянальны план правоў чалавека, які фактычна з'яўляецца планам дзеянняў для выканання рэкамендацый Універсальнага перыядычнага агляду Рады правоў чалавека ААН.

Юрыст праваабарончага цэнтра "Вясна" і адзін з аўтараў альтэрнатыўнага дакладу для КПЧ ААН Валянцін Стэфановіч наракае, што, нягледзячы на пэўны рух насустрач ААН, пазіцыя МЗС Беларусі пакуль засталася нязменнай - улады не ўважаюць пастановы КПЧ абавязковымі для выканання. У Нацыянальным плане ёсць рэкамендацыі для вывучэння такіх пастаноў у беларускіх справах. "Але мы ведаем, што вывучаць іх можна бясконца доўга", - кажа Валянцін Стэфановіч.

Сёлета ўвосень, працягвае ён, у КПЧ ААН у Жэневе пройдуць слуханні аб Беларусі. Раз на пяць гадоў усе краіны прэзэнтуюць там справаздачы аб выкананні МПГПП. Абодва даклады - афіцыйны і падрыхтаваны праваабаронцамі альтэрнатыўны - ужо дасланыя і апублікаваныя на сайце КПЧ ААН. Падчас дыскусій праваабаронцы паспрабуюць пераканаць улады ў Менску выконваць узятыя на сябе міжнародныя абавязанні.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках