25 красавiка 2024, Чацвер, 13:55
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як Лукашэнка «ратаваў» шклозавод «Нёман»

6
Як Лукашэнка «ратаваў» шклозавод «Нёман»

Тры сумныя вынікі.

Напярэдадні адбылося чарговае гучнае затрыманне. Сілавікі прадэманстравалі, як аўтаматчыкі бяруць з хабарам 2,4 і 1,2 тысячы даляраў ЗША дырэктара шклозавода «Нёман» і аднаго з топ-мэнэджараў прадпрыемства.

На форумах канстатуюць: «Пасля 500-600 тысяч даляраў неяк дробна, але тэндэнцыя выразная: няма ніводнага кіраўніка ў Беларусі, які не бярэ хабару. Можа трэба Лукашэнку не на футбол ездзіць забаўляцца, а падумаць аб кадрах, якія прызначае і ўзгадняе».

«Салiдарнасць», у сваю чаргу, успамінае, як Лукашэнка працаваў у пэўным кірунку.

Як Лукашэнка ўзяўся за выратаванне завода

У 2002 годзе быў падрыхтаваны праект аб стварэнні на шклозаводзе «Нёман» у горадзе Бярозаўцы Лідскага раёна супольнага прадпрыемства з нямецкай кампаніяй. На жаль, Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва ідэю не падтрымала, пісала «Экономическая газета».

Прычыну адмовы чыноўнікі патлумачылі так: маўляў, атрымаецца, што на СП будзе высокарэнтабельная вытворчасць з высокім заробкам, а побач будзе старая вытворчасць, не здольная канкураваць. І таму ў горадзе можа адбыцца сацыяльны канфлікт.

Сітуацыя на «Нёмане» толькі пагаршалася. У 2005-м завод вымушаны быў наведаць Аляксандр Лукашэнка. Стан прадпрыемства на той момант выявіўся такім: вялікія запазычанасці ў аплатах у бюджэт, праблемы са збытам, перапоўненыя склады.

2005 ГОД.

Да дыктатара звярнуліся па дапамогу, папрасіўшы рэструктурызаваць пазыкі і выдаць новыя крэдыты. Лукашэнка, вядома, на гэта пагадзіўся: «Цяпер галоўнае выратаваць завод, выратаваць калектыў».

Пры гэтым ён запатрабаваў увесці на прадпрыемстве самую строгую дысцыпліну і прыстрашыў: «Проста так вы не атрымаеце ні капейкі. А калі ўбачу, што ў вас будзе нешта атрымлівацца, то і падтрымка вам будзе нададзеная адпаведная».

На справе шклозаводу даволі хутка далі льготы, субсідыі, крэдыты. Цягам дзесяцігоддзя велізарныя грошы ўкладваліся ў мадэрнізацыю. У 2016 годзе газета «Вечерний Гродно» пісала, што толькі стварэнне цэха вытворчасці шклаваты абышлося 63 млн еўраў.

Праз 13 гадоў. Вынікі

У якім жа стане легендарны шклозавод «Нёман» знаходзіцца цяпер? Наяўныя звесткі вымушаюць усвядоміць тры несуцяшальныя вынікі дзеянняў уладаў.

1. Мадэрнізацыя сябе не апраўдала, прадпрыемства ў вельмі глыбокім крызісе.

Нядаўна часопіс Камітэта дзяржкантролю паведаміў: праведзеная ў 2006-2015 гадах маштабная мадэрнізацыя шклозавода «Нёман» сябе не апраўдала. Прадпрыемства, выкарыстаўшы сур'ёзныя інвестыцыі, не толькі не змагло зарабіць неабходныя фінансавыя рэсурсы для стабільнай працы, але і прадаўжае нарошчваць пазыкі. А частка закупленага абсталявання прастойвае.

Паводле звестак «Салідарнасці», на прадпрыемстве існуюць праблемы з прастоямі і выплатамі заробкаў.

2. Колькасць работнікаў скарацілася больш, чым удвая.

У 2005 годзе мадэрнізацыя ладзілася дыктатарам у імя выратавання калектыву. На той момант на «Нёмане» працавалі амаль 4 тысячы чалавек. Сёння на прадпрыемстве блізу 1,5-1,7 тысяч.

3. «Нёман» прадаўжае высмоктваць бюджэтныя грошы.

Шклозавод не ў стане расплаціцца з пазыкамі. У чэрвені ўрад павялічыў дзяржаўную долю на ААТ на суму раней нададзенай дзяржпадтрымкі з рэспубліканскага бюджэту - 10,5 млн рублёў.

І канца бюджэтнай падтрымкі не відаць. Тэлеканал АНТ паведаміў нядаўна: «Прагнозы не радасныя - тут мяркуюць, што за год запрацуюць амаль 50 млн рублёў. Толькі вось пазыкі ўжо цяпер цягнуць цяжарам амаль на 200. Расплаціцца самастойна без падтрымкі наўрад ці здолеюць».

Шклозавод «Нёман» вызначана з'яўляецца адным з самых яскравых прыкладаў няўмелых дзеянняў чыноўнікаў, якія думаюць, што разбіраюцца ў бізнэсе. Калісьці сюды адмовіліся пускаць прыватных інвестараў, затым уклалі бюджэтныя грошы ў мадэрнізацыю, толкам не пралічыўшы чаканы эфект.

У выніку ля разбітага карыта засталіся і працаўнікі прадпрыемства, і падаткааплатнікі. А адказнасці ніхто не панёс - у завода няма пэўнага гаспадара, а ёсць няўмелы папячыцель у асобе дзяржавы.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках