26 красавiка 2024, Пятніца, 11:24
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Да матацыклаў не цягне»: у Менску двум грузінам перасадзілі сэрца байкераў

29
«Да матацыклаў не цягне»: у Менску двум грузінам перасадзілі сэрца байкераў

Маладзёны распавялі пра жыццё да і пасля аперацыі.

Гіоргі Талахадзэ вучыцца на опернага спевака, спявае ў рэстарацыі і збіраецца ажаніцца. Гіоргі Саркісаві праязджае днём па 14 кіламетраў на ровары і займаецца плаваннем. Хлопцы - жыхары Тбілісі, але не ведалі адзін аднаго, пакуль іх шляхі не сышліся ў Менску. Тут, у РНПЦ «Кардыялогія» абодвум зрабілі адну з самых складаных аперацый у сучаснай медыцыне: перасадку сэрца.

Донарамі для іх сталі беларускія байкеры. Цяпер раз на паўгода цёзкі павінны прыязджаць у Беларусь на абследаванне: лекары робяць аналізы і глядзяць, ці спраўна працуюць новыя сэрцы. Пакуль, дзякуй Богу, усё добра.

«Еўрарадыё» сустрэлася з Гіоргі Талахадзэ і Гіоргі Саркісаві, каб хлопцы распавялі нам пра жыццё да і пасля аперацыі.

Гіоргі Талахадзэ, 19 гадоў, з новым сэрцам жыве два гады

Я не ведаў, што мне патрэбная перасадка. Бацькі не сказалі. Да апошняга думаў, што проста будзе нейкая аперацыя, і ўсё. Не сказалі, каб у мяне не было дэпрэсіі... Мне пашанцавала: я прыехаў, і праз 18 дзён знайшоўся донар. Не ведаю, ці так бы спакойна ўсё прайшло, і пагадзіўся б на перасадку, калі б быў у курсе гэтай сітуацыі.

Пасля перасадкі нічога не баліць. Адчуванне, што зноў нарадзіўся... Ці змяніўся? Ды не: я і я...

Спяваю гучна. Сэрца не баліць

Маім донарам стаў байкер. Але да матацыклаў не цягне. Я захапляюся гонкамі. Час ад часу ўдзельнічаю ў ралі. Бацька лаецца, што гэта траўматычны тып спорту, можна стукнуцца аб стырно. Але мне падабаецца.

Вучуся ў Тбіліскай кансерваторыі па класе класічнага вакалу і фартэпіяна. Спяваю гучна. Сэрца не баліць. Вечарамі яшчэ па шэсць гадзін у рэстарацыях выступаю. У будучыні мару працаваць у оперным тэатры.

Праз месяц збіраюся ажаніцца. Пасля вяртання з Менска папрашу рукі ў маёй дзяўчыны. Ужо набыў пярсцёнак.

Цяпер у трансплантацыі сэрца маюць патрэбу амаль 60 грузінаў. З новым сэрцам з Беларусі вярнулася сем жыхароў Грузіі. Сярод іх - 14-гадовая Кэці. Год таму «Еўрарадыё» рабіла вялікі матэрыял пра дзяўчынку. Адразу пасля прыезду ў Тбілісі Кэці стала дрэнна: арганізм не прымаў яе новае сэрца. Але паступова ўсё наладзілася.

«Дзецям нельга казаць, што ў іх вялікія праблемы, што ў іх будзе іншае сэрца. Гэта іх моцна траўмуе. Шкада, што Кэці пра гэта сказалі, - распавядае Гіоргі Саркісаві. - Яна была ў моцнай дэпрэсіі. Стала капрызнай. Ляжала, адмаўлялася хадзіць. Мы з Гіоргі і яшчэ адным хлопцам вымушаныя былі прыйсці, задраць футболкі, паказаць сваё цела ў шнарах і сказаць: «мы такія ж, як ты, але мы бегаем, ездзім на роварах, плаваем, жывем як звычайныя людзі». Гэта дапамагло. Цяпер яна вучыцца дома. Усё ў парадку».

Гіоргі Саркісаві, 34 гады, з новым сэрцам жыве чатыры гады

У мяне была дзяўчына. Яна працавала ў грузінскім парламенце. Гэта яна пачала збіраць грошы на аперацыю. У парламенце трэба прытрымлівацца дрэс-коду, а яна хадзіла ў цішотцы з маёй выявай і надпісам: «Яму патрэбныя грошы». Яе лаялі, што так нельга, а яна пярэчыла, што можна, бо хлопцу патрэбная дапамога. Дэпутаты, звычайныя людзі, пералічылі 65 тысяч даляраў, дзяржава дала 70 тысяч. Па тэлевізіі пра гэта казалі штодня.

Я быў супраць таго, каб мне збіралі грошы на аперацыю. Але ўсе казалі, што гэта не сорамна. Калі ўбачыў сябе па тэлевізары, вельмі лаяўся. Не хацеў, каб цэлая Грузія бачыла, як я ляжу, бачыла мае праблемы.

Я быў у дэпрэсіі, месяц не ўставаў з ложка. Потым прыйшоў мой святар, айцец Серафім, які на арамейскай мове спявае. Пагаварыў, паклаў у руку сто даляраў і паабяцаў назаўтра прыехаць і паспавядаць мяне. Маўляў, рыхтуйся. Праз дзве гадзіны я ўстаў, пайшоў у ванну, пагаліўся і перастаў думаць, што са мной будзе.

Калі я прыехаў у Менск, маё сэрца працавала на сем адсоткаў. Гэта вельмі мала. У Грузіі мяне падрыхтавалі да пералёту. Са мной ляцеў мой сябар рэаніматолаг, я быў падлучаны да апаратаў. Сэрца знайшлося на другі дзень.

Маім донарам стаў байкер, які разбіўся на матацыкле ў свой дзень нараджэння

Яму было 38 гадоў. Прапаноўвалі паказаць ягонае фота - адмовіўся, потым усё жыццё будзе сніцца. Раней я вельмі любіў матацыклы. Але прастудзіўся аднойчы, і перастаў ездзіць. Магчыма, таму яшчэ тут, жывы...

Пасля аперацыі вярнуўся дадому, глядзеў на сябе з боку, і мне здавалася, што гэта не я. У мяне стаў іншы характар. Сябры таксама пра гэта кажуць. Не ведаю, ад сэрца гэта ці ад лекаў. Але нешта ёсць.

Я апякуюся грузінамі, якім неабходная перасадка сэрца. У кожнай клініцы ёсць мой нумар тэлефона, яго даюць усім, хто мае патрэбу ў трансплантацыі. Я адпраўляю аналізы ў Менск, размаўляю з лекарамі. Раблю гэта бясплатна. Мне самому дапамаглі людзі. Як я магу браць цяпер грошы з тых жа людзей?

Мне можна прыязджаць на абследаванне раз на год. Але, напрыклад, Гіоргі не ведае расейскай мовы, таму я яго суправаджаю. Заадно і сам правяраюся. Мне дапамагае дзяржава. Аналізы ў Менску для замежнікаў каштуюць 3500 даляраў.

Грузія аплачвае як маё знаходжанне, аналізы ў клініцы, так і квіткі на самалёт. У нас платная медыцына. Але для мяне ўсё бясплатна. Мабыць, таму што я дапамагаю тым, каму патрэбная дапамога, і не бяру за гэта грошы.

У мяне ў Грузіі ёсць дом. Збіраюся яго прадаць і набыць жыллё ў Менску. Мне тут вельмі падабаецца. Я не ведаю, калі будзе наступная перасадка сэрца. Гарантыя на сэрца - да 25 гадоў. Таму хачу атрымаць тут від на жыхарства і бясплатна зрабіць наступную перасадку. Я заўсёды гляджу наперад. Буду жыць месяц у Грузіі - есці хінкалі, месяц у Беларусі - есці дранікі.

Напісаць каментар 29

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках