20 красавiка 2024, Субота, 5:05
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Курапаты: 30 гадоў абароны

3
Курапаты: 30 гадоў абароны

Лінія гэтай абароны праходзіць праз галовы і душы людзей.

З таго дня, калі галоўны рэдактар штотыднёвіка Саюза беларускіх пісьменнікаў «Літаратура і мастацтва» Анатоль Вярцінскі змясціў у нумары ад 3 чэрвеня 1988 года артыкул мастацтвазнаўцы Зянона Пазьняка і інжынера Яўгена Шмыгалёва «Курапаты — дарога смерці» з прадмовай Васіля Быкава.

У артыкуле было даказана, што ў лясным урочышчы плошчай больш за 26 гектараў на паўночна-ўсходнім ускрайку Мінску ў 1932–1941 гадах савецкія органы бяспекі расстралялі сотні тысяч ні ў чым не вінаватых людзей. Пра гэтую трагедыю на курапацкіх пагорках і сёння сведчаць каля 510 западзінаў — пахаванні нашых з вамі продкаў і суайчыннікаў.

Cвядомыя і сумленныя жыхары Беларусі бароняць Курапаты штодзённа і паўсюдна — ад знявагі, бяспамяцтва і фізічнага знішчэння.

Лінія гэтай абароны праходзіць праз галовы і душы людзей, якія ўсё больш разумеюць, што савецкі таталітарны рэжым знішчаў у Курапатах самых таленавітых, адукаваных і працавітых.

Вось чаму адразу пасля адкрыцця таямніцы ўрочышча яно стала месцам паломніцтва сваякоў і духоўных нашчадкаў бязвінных ахвяраў, якія былі расстраляныя за вольную, незалежную і квітнеючую Беларусь.

Першае шэсце ў Курапаты адбылося ўжо праз 16 дзён пасля знакамітай публікацыі ў «ЛіМе». Менавіта 19 чэрвеня 1988-га каля 5 тысяч чалавек з ініцыятывы лідараў моладзевага нацыянальна-дэмакратычнага руху насуперак забароне ўладаў упершыню прыйшлі ва ўрочышча, каб ушанаваць памяць бязвінна палеглых і асудзіць камуністычны рэжым.

А пасля таго, як Зянон Пазьняк надрукаваў у «ЛіМе» ад 16 верасня 1988-га артыкул «Шумяць над магілай сосны» з вынікамі раскопак у межах адкрытай крымінальнай справы, лідары Канфедэрацыі беларускіх суполак вырашылі арганізаваць шэсце ў Курапаты на Дзяды 30 кастрычніка 1988-га. На гэтай масавай акцыі грамадзянаў упершыню ў паваеннай гісторыі БССР быў публічна ўзняты бел-чырвона-белы сцяг. Міліцыя і ўнутраныя войскі сілай, з ужываннем слезацечнага газу, намагаліся разагнаць мітынг. Гэта выклікала абурэнне ў грамадстве.

Так Курапаты сталі сімвалам грамадскага супраціву таталітарнаму рэжыму. Ад 1988 года жалобнае шэсце і мітынг памяці ахвяраў усіх палітычных рэпрэсіяў у Курапатах адбываецца на восеньскія Дзяды штогод. Дарэчы, на Дзяды 1989 года ва ўрочышчы з боку МКАД быў узведзены сяміметровы Крыж Пакуты.

Праз Курапаты праклалі ЛЭП і магістральны газаправод высокага ціску, пабудавалі, а затым пашырылі Мінскую кальцавую аўтадарогу, у лясным масіве раскапалі і, відаць, эксгумавалі шмат з выяўленых на сёння пахаванняў, хаваючы сляды злачынстваў.

Толькі праз пяць гадоў пасля адкрыцця Курапатаў дзяржава пад ціскам грамадскасці надала ім статус гістарычна-культурнай каштоўнасці міжнароднага значэння. І толькі праз 16 гадоў зацвердзіла межы зонаў аховы, якія вызначаюць рэжымы ўтрымання прылеглых абшараў. Аднак гэтыя межы няўхільна скарачаюцца...

У школьных падручніках гісторыі Беларусі ўвогуле не згадваюцца Курапаты. Ва ўрочышчы зафіксаваныя дзясяткі выпадкаў вандалізму, аднак праваахоўныя органы ані разу не затрымалі злачынцаў. А калі ў 2008 годзе іх затрымалі грамадскія актывісты, чыноўнікі зрабілі ўсё, каб злачынцы засталіся непакаранымі. У 1989 годзе беларускі ўрад прыняў пастанову аб узвядзенні ў Курапатах помніку, але гэтая пастанова не выкананая і па сёння.

Людзі самі ўшанавалі ў Курапатах памяць ахвяраў НКУС, у тым ліку сваіх дзядоў і бацькоў, месца спачыну якіх невядомае. Ва ўрочышчы цяпер — больш за тысячу крыжоў, пастаўленых людзьмі з усёй Беларусі. Мемарыяльны камень у Курапатах узвялі беларускія габрэі, ёсць крыж памяці ад палякаў, стаіць помнік ад амерыканскага народу — мемарыяльная лава, якую перадаў прэзідэнт ЗША Біл Клінтан. У 2013 годзе на сродкі архітэктара Маі Кляшторнай, дачкі расстралянага ў 1930-я гады пісьменніка Тодара Кляшторнага, па перыметры Курапатаў усталяваны 11 ахоўных памежных камянёў. Такім чынам, менавіта грамадства ўзвяло ва ўрочышчы народны мемарыял і даглядае яго.

Неабыякавая моладзь зімой 2001–2002 года абараніла ўрочышча ад наступу будаўнікоў падчас пашырэння МКАД. Грамадскасць спыніла планы будаўніцтва на полі паміж Курапатамі і «Экспабелам» катэджнага пасёлку «Сонечны» з праваслаўнай царквой. Менавіта грамадскасць сістэматычнымі захадамі, у тым ліку судамі, ліставаннем да чыноўніцтва і зваротамі да супольнасці больш за пяць гадоў стрымлівала адкрыццё незаконна і самавольна ўзведзенага ля заходняй мяжы ўрочышча забаўляльнага комплексу з першапачатковай назвай «Бульбаш-хол». Менавіта грамадства дамаглося ўключэння ў ахоўную зону Курапатаў «Дарогі смерці», па якой у 1930-я гады людзей везлі ў на расстрэл.

І на новыя выклікі супраць Курапатаў павінна адказаць грамадства. Трэба адвесці ад мемарыяльнага курапацкага лесу экалагічную пагрозу, якая ідзе ад далейшай забудовы наваколля. Трэба спыніць маніпуляцыі з межамі ахоўных зонаў, якія выкарыстоўваюцца, каб пачынаць чарговае будаўніцтва, накшталт спробы леташняга ўзвядзення офіснага будынку з паўднёвага боку Курапатаў.

Шмат высілкаў спатрэбіцца, каб уключыць «Дарогу смерці» ў склад каштоўнасці, правесці Міжнародны адкрыты грамадскі конкурс на найлепшую ідэю мемарыялізацыі Курапатаў, адкрыць імёны забітых ва ўрочышчы людзей і належна ўшанаваць іх памяць, пабудаваць міжканфесійную капліцу і адчыніць Музей ахвяраў сталінізму, урэшце, зрабіць так, каб пра нацыянальны некропаль змог дазнацца кожны жыхар краіны. Менавіта пра гэта мараць сёння тыя, каму баляць Курапаты.

Абарона Курапатаў ад знявагі, бяспамяцтва і фізічнага знішчэння працягваецца…

Марат Гаравы, «Новы Час»

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках