20 траўня 2024, панядзелак, 21:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

АДКБ – толькі папяровы тыгр

12
АДКБ – толькі папяровы тыгр

Бюджэт АДКБ саступае бюджэту NATO ў 538 разоў.

Патрабаванне прэзідэнта ЗША павысіць выдаткі краінаў-чальцоў NATO на абарону стала адной з самых абмеркаваных навінаў у сусветных СМІ. Што ж адбываецца ў гэты час у АДКБ, арганізацыі, якую некаторыя называюць магчымым праціўнікам NATO? Праблемаў у АДКБ назапасілася процьма, і ўсе яны вельмі сур'ёзныя, піша казахскі палітолаг Марат Шыбутаў для сайта eurasian-studies.org.

Пачнем з самага важнага. Калі французскі кароль Людовік XII спытаў, якія падрыхтоўкі патрэбныя для заваёвы Міланскага герцагства, то будучы маршал Францыі Джан-Джакопа Трывульцыа адказаў:

«Для вайны патрэбныя тры рэчы – грошы, грошы і яшчэ раз грошы».

Бюджэт АДКБ як арганізацыі ў 2017 годзе склаў 275,8 мільёна рублёў або 4,73 мільёна даляраў ЗША. У 2018 годзе яе бюджэт складзе 374,2 мільёна расейскіх рублёў або 5,98 мільёна даляраў.

Бюджэт NATO ў 2017 годзе склаў 2 189 мільёнаў еўраў (грамадзянскі бюджэт – 234, вайсковы – 1300, праграмы інвестыцый у забеспячэнне бяспекі – 655 мільёнаў еўраў) або 2 545 мільёнаў даляраў ЗША.

Розніца ў бюджэтах арганізацый у 2017 годзе склала 538 разоў. Пры гэтым вайсковы бюджэт краінаў АДКБ у 2017 годзе быў меншы за вайсковы бюджэт краінаў NATO прыкладна ў 15 разоў, гэта значыць у прапорцыі бюджэт АДКБ павінен быў бы складаць блізу 170 мільёнаў даляраў. А ён складаў 4,73 мільёна. У прынцыпе на гэтым абмеркаванне эфектыўнасці АДКБ і ейнай працы ў цэлым можна скончыць і ісці дадому, стараючыся не глядзець адзін аднаму ў вочы, але можна прывесці яшчэ некалькі прыкладаў.

Другая праблема АДКБ вынікае з яе прыроды: арганізацыя аб'ядноўвае некалькі розных армій. На падставе чаго?

NATO аб'ядноўваюць 1300 пагадненняў у стандартызацыі, якія дазваляюць выкарыстоўваць адной краіне ўзбраенне, баявую тэхніку і матэрыяльна-тэхнічныя рэсурсы іншай краіны без аніякіх праблемаў. Таксама гэта тычыцца розных пазначэнняў, алгарытмаў дзеянняў, сувязі і іншых важных аспектаў узаемадзеяння.

Колькі стандартаў распрацавала АДКБ, якая існуе з 1992 года? Правільны адказ – нуль. На вучэннях дапамагае тое, што захавалася савецкае ўзбраенне, краіны-ўдзельніцы закупляюць расейскую ваенную тэхніку, часткова захаваліся савецкія стандарты. Але час ідзе. Што будзе праз пяць гадоў? Гэта другая ў важнасці праблема пасля грошай.

Наступная звязаная з недахопамі структуры АДКБ, асабліва яскравымі ў параўнанні са структурамі NATO. У NATO ёсць, а ў АДКБ адсутнічаюць:

сітуацыйны цэнтр;

рэгіянальныя штабы;

аб'яднанае камандаванне КСАР і КСБР;

агульная выведка;

адзіная сістэма СПА (сістэма СПА Беларусі, Расеі і Казахстана ствараецца ў рамках СНД, а не АДКБ);

цэнтры ваеннай падрыхтоўкі;

даследчыя праграмы;

супольныя назіральныя місіі і афіцэры сувязі.

На самай справе пералік можна прадоўжыць.

Змадэлюем сітуацыю: у краіне-чальцы АДКБ здараецца ўзброены канфлікт, трэба прымаць пастанову. А сабрацца камандаванню АДКБ няма дзе – сітуацыйнага цэнтра, куды ўвесь час паступаюць звесткі выведкі, няма. Ды і самой выведкі няма. Загад аддаць таксама няма каму, таму што няма рэгіянальнага штаба. На гэтым усё і скончыцца.

Можа, таму АДКБ яшчэ ні разу не ўдзельнічала ў міратворчых або іншых аперацыях неваеннага тыпу – ёсць вялікія асцярогі з нагоды эфектыўнасці кіравання?

Некалькі словаў пра кадравы склад АДКБ. Да прыкладу, былы генеральны сакратар АДКБ Мікалай Бардзюжа, які ўзначальваў арганізацыю з 2003 да 2017 года, па-першае, асабіст і памежнік, па-другое, заўсёды займаўся кадрамі і баявога досведу не меў. У Аналітычнай асацыяцыі АДКБ каардынуе арганізацыйную працу Ігар Панарын, аўтар вядомага артыкула-прагнозу ад 2008 года пра распад ЗША на шэсць частак у 2009 годзе. Цяпер 2018 год – ЗША ўсё яшчэ не распаліся.

Калі АДКБ і кіраўніцтва краінаў-сяброў хочуць зрабіць нешта добрае для арганізацыі і ператварыць яе ў нешта рэальнае, трэба тэрмінова пачынаць чараду рэформаў. Інакш NATO і далей будзе адмаўляцца ўзаемадзейнічаць з АДКБ з прычыны адсутнасці зацікаўленасці. «Падрасці, потым пагаворым, можа быць».

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках