20 траўня 2024, панядзелак, 21:36
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Міліцыянты ледзь не забілі гомельскага журналіста

18
Міліцыянты ледзь не забілі гомельскага журналіста
КАСТУСЬ ЖУКОЎСКІ
ФОТА: «Радыё Свабода»

Кастусь Жукоўскі пайшоў у ДАІ забіраць пасведчанне кіроўцы, а апынуўся ў лякарні.

Супрацоўнічаў з «Белсатам» – ціснулі, перастаў супрацоўнічаць – усё роўна ціснуць. Журналіст-фрылансер Кастусь Жукоўскі з Гомеля апавёў пра чарговае сутыкненне з уладамі.

«Я мог памерці. Гэта проста ставіць пад пагрозу маё жыццё, гэта злачынства, зробленае міліцыянтамі», – кажа Кастусь Жукоўскі.

Напярэдадні Жукоўскі прыйшоў у мясцовую ДАІ, каб нарэшце вярнуць правы кіроўцы, якіх яго пазбавілі год таму. Але міліцыянты адмовіліся вяртаць дакумент, нават не патлумачыўшы прычынаў. Тады журналіст папрасіў азнаёміць яго з матэрыяламі справы.

«І адміністрацыйныя працэсы, і Канстытуцыя нашай краіны гарантуюць кожнаму грамадзяніну права атрымліваць тую інфармацыю, якая закранае ягоныя правы і законныя інтарэсы», – тлумачыць праваабаронца Леанід Судаленка.

Аднак замест матэрыялаў справы, якіх запатрабаваў Жукоўскі ў аўтаінспектараў, тыя прынеслі толькі стос не прашытых папераў, трэць тэксту ў якіх была схаваная за белымі лістамі.

«Я сарваў адзін ліст, які заклейваў матэрыялы справы, там заўважыў тое, за што мяне пазбавілі правоў. Там было напісана наўпрост... [маўляў,] пасля прагляду матэрыялу, што выйшаў на тэлеканале, злачынцы ў пагонах знайшлі правапарушэнні з боку Жукоўскага, за што пазбавілі яго правоў і наклалі штраф памерам 10 базавых. Вось менавіта гэта яны і хавалі цэлы год», – апавядае журналіст.

Паводле словаў Жукоўскага, калі ён пачаў рабіць фота гэтых дакументаў, у аддзяленні стварылася нездаровая атмасфера, а інспектары адразу ж выклікалі міліцыю і Следчы камітэт.

«Супраць мяне хацелі завесці крымінальную справу, але склалі пратакол паводле 17.1 – зрыў працы дзяржаўных службаў», – кажа Жукоўскі.

Пасля шасці гадзінаў у «дзяжурцы» фрылансера павезлі ў суд. Дарогай Жукоўскі заявіў, што яму дрэнна, і не раз прасіў міліцыянтаў выклікаць «хуткую» і пусціць у прыбіральню.

«Міліцыянты не рэагавалі ніяк. Казалі: “Ужо выклікалі” або “пацерпіш”. Я не трываў і трываць не збіраўся! Мне стала яшчэ горш...» – дадае фрылансер.

«Хуткую», аднак, усё ж такі выклікалі – ужо ў судзе, куды Жукоўскага ледзь не заносілі на руках. Лекары адвезлі журналіста ў лякарню, дзе зафіксавалі ў яго павышаную тэмпературу і ціск, прызначылі лячэнне і ложкавы рэжым.

Дасталася і жонцы фрылансера. ДАІшнікі спынілі машыну, на якой Алена Жукоўская разам з паплечнікамі мужа накіроўвалася ў суд. І склалі пратакол за... налепку з «Пагоняй» на кузаве аўто.

Учора на дзеянні праваахоўнікаў Кастусь Жукоўскі напісаў скаргі ў пракуратуру, Следчы камітэт і МУС. І адправіў іх у цэнтральныя органы ўстановаў.

Напісаць каментар 18

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках