20 траўня 2024, панядзелак, 21:58
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Сцюардэса гукнула: «Трымай стырно!»

10
«Сцюардэса гукнула: «Трымай стырно!»

Беларускі аўтобус Ecolines з'ехаў у кювет ва Украіне.

У Facebook з'явілася інфармацыя аб ДТЗ з удзелам беларускага аўтобуса. Ва Украіне аўтобус Ecolines з пасажырамі з'ехаў у кювет. Паводле папярэдняй інфармацыі, ніхто не пацярпеў.

ДТЗ ва Украіне

- З'езд у кювет ранкам бадзёрыць лепш за каву. Дзякуй, што без ахвяр, Ecolines, - напісала пасажырка гэтага аўтобуса. - Кіроўцы памяняліся пасля мяжы. Першы пайшоў спаць, другі пры стырне замгнуў. Пакуль ехалі па жахлівай дарозе, ён еў цукеркі і трымаўся, а як выехалі на добры адцінак, заснуў.

Сярод пасажыраў былі дзеці.

Каментар «Ecolines Беларусь»

Сітуацыю карэспандэнту Onliner.by прасвятліў кіраўнік «Ecolines Беларусь» Павел Куцэнка.

- Рэгулярны міжнародны рэйс Менск - Бабруйск - Мазыр - Кіеў - Адэса здзяйсняў беларускі перавознік. У аўтобусе знаходзіліся 47 пасажыраў, у тым ліку 20 дзяцей, і тры чальцы экіпажа. Цяпер мы праводзім службовае расследаванне, высвятляем прычыны здарэння. Сапраўды, аўтобус з'ехаў з дарогі ў кювет, - распавёў Павал Куцэнка.

Пасажыры ехалі з Беларусі ва Украіну. На працягу дзвюх з паловай гадзін, паводле інфармацыі «Ecolines Беларусь», ім быў дадзены падменны аўтобус, паездка прадоўжылася.

- У выніку гэтага здарэння ніхто не пацярпеў. На месца былі выкліканы супрацоўнікі Дзяржаўнай службы надзвычайных сітуацый Украіны, а таксама «хуткая дапамога». Усе пасажыры агледжаныя медыкамі, скаргаў на самаадчуванне ніхто не мае, - запэўніў Павел Куцэнка.

«Сцюардэса гукнула: «Трымай стырно!»

Настасся знаходзілася ў гэтым аўтобусе, ехала са сваім хлопцам з Менска ў Адэсу. Яна распавяла, як здарылася ДТЗ.

- З Менска мы выехалі а 19:30. Прыехалі на мяжу, надта доўга там не стаялі: гадзіны за дзве ўсё прайшлі. Такім чынам, недзе а трэцяй гадзіне ночы ўжо паехалі па Украіне, кіроўцы змяніліся, - распавяла дзяўчына.

ДТЗ здарылася прыкладна а 5:30.

- Ад мяжы мы ехалі па вельмі дрэннай дарозе, моцна трэсла. Мы з кавалерам сядзелі на адным з пярэдніх шэрагаў, наўскасяк ад кіроўцы. Бачылі, што ён увесь час еў цукеркі. Яшчэ пераглянуліся, падумалі, галодны такі. А выявілася, ён проста спрабаваў не заснуць, - выказала здагадку пасажырка аўтобуса.

Пад 5 раніцы пасажыры задрамалі.

- Памятаю, расплюшчваю вочы, а аўтобус едзе па полі. Выходзіць, мы праехалі сустрэчную палосу і з'ехалі ў кювет. Сцюардэса гукнула кіроўцу: «Трымай стырно!» Спыніліся, ніхто не пацярпеў, - распавяла Наста. - Нас папрасілі выйсці, кіроўцы паспрабавалі выехаць, але не выходзіла: аўтобус мог перакуліцца. Даслоўна праз пару хвілін прыехала хуткая дапамога - напэўна, нехта з відавочцаў выклікаў.

Калі стала ясна, што далей аўтобус не паедзе, пасажырам дазволілі вярнуцца ў салон. Там было цёпла, працаваў інтэрнэт, была вада, функцыянаваў туалет. Падменны аўтобус сапраўды чакалі блізу паўтраця гадзіны.

- Блізу паловы пасажыраў - дзеці 7-8 гадоў, нейкая спартовая каманда, ехалі ў спартовы лагер. Іх суправаджае трэнер, з кімсьці ехалі бацькі. Думаю, тыя бацькі, якія адправілі дзяцей у гэтую выправу, ужо даведаліся аб здарэнні.

Падменны аўтобус прывёз людзей у Кіеў, хоць пасажыры, прынамсі, большасць з іх, едуць менавіта ў Адэсу.

- Ужо дзесьці гадзіну на аўтастанцыі «Выдубічы» мы чакаем таго аўтобуса, які давязе нас у Адэсу. Сказалі, што яшчэ паўгадзіны-гадзіну трэба пачакаць. Нас суправаджае сцюардэса, вадзіцелі засталіся ў аўтобусе - выцягваць яго. Калі мы з'язджалі адтуль, акурат прыехаў трактар - будуць нешта прыдумляць. Сцюардэса стараецца супакойваць людзей, хоць ніякай інфармацыі ад Ecolines мы пакуль не атрымалі. Аб кампенсацыі таксама ніякай гаворкі пакуль не ідзе, хоць у Адэсе мы будзем на месцы са значным спазненнем. Мелі быць там сёння а 13:35, а ў выніку добра калі да 19-20 гадзін дабяромся. Дзень у дарозе, - кажа Наста.

Разам з хлопцам яны ладзіліся вяртацца з Адэсы ў Менск таксама на Ecolines - нават купілі квіткі. Але цяпер мяняюць свае планы.

- Не, будзем здаваць білеты - гэта мы ўжо наважылі. Спадзяюся, праблем не ўзнікне. Будзем вяртацца дадому на цягніку. Здаецца, гэта неяк больш бяспечна, - адзначыла дзяўчына.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках