28 красавiка 2024, Нядзеля, 18:21
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Палітвязень Зміцер Паліенка: Лічу дні да вызвалення

Палітвязень Зміцер Паліенка: Лічу дні да вызвалення
ЗМІЦЕР ПАЛІЕНКА
ФОТА: TUT.BY

Праз 90 дзён палітвязень будзе на свабодзе.

Аляксандр Паліенка, бацька палітвязня Змітра Паліенкі, на гэтым тыдні атрымаў ад сына ліст з калоніі.

«Зміцер ужо лічыць дні да вызвалення, напісаў, што застаецца 90 дзён да тых часоў, як ён апынецца на волі», - распавёў Аляксандр Мікалаевіч сайту palitviazni.info.

«Сын піша, што ў яго ўсё добра: чытае кнігі, якія яму перадаюць сябры, - кажа Аляксандр Паліенка. - Наколькі я разумею, дагэтуль ён не працуе праз астму. Чакае, калі дашлю яму бандэроль, як раз цяпер яе і збіраю. Звычайна пасылаю цыгарэты, цукеркі, паштоўкі. Ды туды шмат і не збярэш - дазваляецца ўсяго 2 кілаграмы».

У верасні Аляксандр Мікалаевіч збіраецца і на доўгатэрміновае спатканне з сынам.

«5-6 верасня адпраўляюся ў калонію, а ўжо ў канцы кастрычніка Зміцер выходзіць на волю, - адзначае суразмоўца. - Натуральна, ужо цяпер ён думае, чым будзе займацца на волі, хоча знайсці сталую афіцыйную працу, каб міліцыя не чаплялася, бо нейкі час ён яшчэ будзе знаходзіцца пад наглядам».

Нагадаем, Зміцер Паліенка - сацыяльны актывіст з Менска. Падставай для крымінальнага пераследу стаў ягоны ўдзел у мірным сходзе «Крытычная маса», які праходзіў 29 красавіка 2016 г у Менску і быў перапынены міліцыяй.

12 кастрычніка 2016 года судом Цэнтральнага раёна г. Менска прызнаны вінаватым ва ўчыненні злачынства, прадугледжанага артыкулам 364 Крымінальнага кодэкса («гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўнікаў органаў унутраных спраў») і часткай 2 артыкула 343 КК .. Зміцер Паліенка быў прысуджаны да двух гадоў пазбаўлення волі з адтэрміноўкай выканання пакарання на два гады.

7 красавіка 2017 году судом Заводскага раёна Менска разгледжанае прадстаўленне органа, які ажыццяўляе кантроль за паводзінамі асуджанага, і скасаваная адтэрміноўка выканання пакарання. У сувязі з гэтым, без права на абскарджанне, актывіст быў накіраваны ў выпраўленчую калонію для адбыцця пакарання ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам 1,5 гады.

22 жніўня 2017 года Amnesty International прызнала Змітра Паліенку вязнем сумлення.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках