26 красавiка 2024, Пятніца, 7:59
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Падзел Каспійскага мора: ці пачне Пуцін новую вайну

4
Падзел Каспійскага мора: ці пачне Пуцін новую вайну

Дамова пяці дзяржаў будзе парушаная.

На выходных Расея дамовілася з краінамі так званай каспійскай пяцёркі, у якую таксама ўваходзяць Азербайджан, Іран, Казахстан і Туркменістан, аб прынцыпах падзелу Каспійскага мора. Але асноўнае пытанне - каму дастанецца вялікая частка радовішчаў нафты і прыроднага газу - так і засталася без адказу. Пра тое, ці можа Расея дзеля прыродных багаццяў пайсці на канфрантацыю з краінамі рэгіёну, сваю думку "Апострафу" выказаў расейскі журналіст і публіцыст Леанід Радзіхоўскі:

- Думаю, што вынікам дамоўленасцяў стаў, хутчэй, працоўны дакумент, які азначае, што частку праблем разгледзелі, а частка засталася. Але, пэўна, ён быў узаемавыгадным, хоць у такіх выпадках заўсёды нехта здабывае больш, хтосьці менш.

Амаль 50 мільярдаў барэляў нафты ў Каспійскім рэгіёне [паводле ацэнак Службы энэргетычнай інфармацыі ЗША] - гэта паводле цяперашніх коштаў прыкладна 3,5 трыльёна даляраў. Гэта не Данбас які-небудзь і не Крым паршывы. Гэта з аднаго боку.

З іншага боку, у агляднай перспектыве ніякіх магчымасцяў для вайсковых сутыкненняў я тут не бачу зусім. Таму што вызначае ў палітыцы не эканамічны разлік, не грошы, насуперак папулярнай ва Украіне і не толькі думцы. Калі б за ўсім былі грошы, то Расея і кроку б не ступіла ў ідыёцкі Крым, які і дарма не патрэбны, і вельмі дорага каштуе, а разам з амерыканцамі з двух бакоў расціснула б Іран. Гэта калі б грошы вызначалі. Бо зразумела, што захапіць дно Каспійскага мора - гэта велізарныя грошы, а ўлезці ва ўсякія ўбогія вобласці ва Украіне - гэта выдаткаваць да халеры грошай і зарабіць процьму непрыемнасцяў.

Аднак адбываецца ўсё адно наадварот: Расея падтрымлівае Іран супраць амерыканцаў і марнуе грошы ва Украіне. Зусім відавочны чыста эканамічны разлік у гэтым выпадку не працуе і ў агляднай перспектыве працаваць не будзе. Расея найбліжэйшыя гады не будзе псаваць стасункі з краінамі Каспійскага рэгіёну і ўжо тым больш не пойдзе з імі ні на якія вайсковыя сутыкненні. А ўжо з Іранам - у самую апошнюю чаргу.

Расея, ва ўсякім разе пакуль Пуцін ва ўладзе, не пойдзе на ўгоду з Амерыкай супраць Ірана. Натуральна, Расея будзе стоадсоткава падтрымліваць міжнароднае ядзернае пагадненне з Іранам - гэта шматкроць заяўленая афіцыйная пазіцыя Расеі, якая не зменіцца. Яна можа толькі стаць больш жорсткай.

Як вядома, Расея ў гэтай справе не самотная. Гэтак жа люта, як гэтую ўгоду адмаўляе Амерыка, яе бароніць увесь Еўразвяз. Шчыра кажучы, прычыны гэтага шалу мне незразумелыя - ні з таго, ні з другога боку. Пазіцыя Расеі ж тут зусім відавочная: амерыканцы сваёй палітыкай штурхаюць РФ да максімальнага збліжэння з Іранам. Што, уласна кажучы, і адбываецца. А калі стасункі з Амерыкай канчаткова сапсуюцца, то, я думаю, паляціць у топку слоўнае і няпэўнае, хоць важнае, пагадненне аб Сірыі. Сутнасць гэтага пагаднення з Ізраілем і ЗША зводзіцца да таго, што Расея дапамагае стварыць пояс бяспекі ля межаў Сірыі з Ізраілем, вакол Галанскіх вышынь, і дамагаецца, каб Іран адтуль вывеў войскі. Гэтая пастанова на паперы не прапісаная, але была абвешчаная на той самай скандальнай сустрэчы Пуціна з Трампам.

Пакуль у Расеі ёсць хоць нейкія надзеі на захаванне стасункаў з амерыканцамі, я думаю, што Пуцін гэтай лініі будзе больш-менш пільнавацца. Калі ж стасункі з амерыканцамі канчаткова пойдуць на сухі лес - дапусцім, ЗША ўвядуць санкцыі аб забароне для Расеі праводзіць разлікі ў далярах - я думаю, што Пуцін пашле да чорта ўсе гэтыя пагадненні і будзе актыўна і ў лоб супрацоўнічаць з Іранам у Сірыі, з усімі наступствамі. Пакуль што гэтага няма.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках