26 красавiка 2024, Пятніца, 13:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Гарадзенскі актывіст: Пара мяняць лысую рызіну

4
Гарадзенскі актывіст: Пара мяняць лысую рызіну

У Горадні прайшоў суд нібыта за «пікет у інтэрнэце».

17 жніўня суд разгледзеў некалькі адміністрацыйных спраў супраць кіраўніка Гарадзенскай абласной арганізацыі АГП Мікалая Саляніка: актывіста судзілі за акцыю 3 ліпеня, якую ўдалося ажыццявіць толькі ў сацыяльных сетках, піша сайт тэлеканалу «Белсат».

3 ліпеня Мікалая Саляніка разам з іншым сябрам АГП у Горадні Аляксандрам Лаўрэнцьевым людзі ў цывільным брутальна затрымалі за спробу правядзення несанкцыянаванага пікету. У той дзень Салянік і Лаўрэнцьеў апранулі турэмныя паласатыя робы і, трымаючы ў руках таблічку з надпісам «Беларусь – краіна для жыцця», сфатаграфаваліся і апублікавалі здымак у сацыяльных сетках. У такім выглядзе актывісты збіраліся наведаць святкаванне Дня Незалежнасці, якое ў той дзень праводзілася ў горадзе.

Аднак, як толькі мужчыны паспрабавалі выйсці з кватэры, іх адразу схапілі супрацоўнікі АМАПу. Актывісты выйшлі з хаты на сваю акцыю, нягледзячы на тое, што на іх чакалі адмысловыя бусы. Як сцвярджае Мікалай Салянік, пасля затрымання яго збілі амапаўцы, і ён трапіў у шпіталь. У шпіталі супрацоўнікі міліцыі адабралі паласатае адзенне, вярнуўшы пасля складання пратаколу толькі турэмную шапку. У ёй Мікалай Салянік выступіў на судзе.

Пры чым тут Максім Мархалюк?

Як высветлілася ў часе суда, супрацоўнікі міліцыі зафіксавалі здымак у турэмных робах яшчэ 2 ліпеня, аднак спробаў затрымаць актывістаў за гэта не рабілі. Са слоў супрацоўнікаў міліцыі, на раніцу наступнага дня Мікалая Саляніка прыехалі правяраць зусім паводле іншай справе. Як сцвярджае сведка старшы ўчастковы інспектар Аддзялення міліцыі Фолюш Кастрычніцкага РАУС Аляксандр Піцко, 3 ліпеня разам з калегам яны працавалі па лініі згубленага мінулай восенню хлопчыка Максіма Мархалюка і выяўлялі аўтамабілі, у прыватнасці ўніверсал (кузаў). Такі ўласна меў і Мікалай Салянік.

«Раніцай мы знаходзіліся на Альшанцы. Звярнулі ўвагу, што з пад’езда выйшаў грамадзянін Салянік, з маладым хлопцам. Мы прадставіліся. Я паказаў пасведчанне, папрасіў проста паказаць дакументы і адчыніць аўтамабіль. Ён стаў гучна крычаць, што нічога паказваць не будзе, адпіхнуў мяне, сеў у машыну і з’ехаў», – заявіў Аляксандр Піцко.

У сваю чаргу Мікалай Салянік зазначыў, што супрацоўнікі міліцыі былі ў цывільным адзенні, іхнае аўто было без апазнавальных знакаў, а пасведчанне ён не мог прачытаць без акуляраў. З гэтай прычыны чалец АГП у Горадні падумаў, што гэта «бандыты» і з’ехаў.

Як заявіў другі сведка Андрэй Пацуй, супрацоўнік АМАПу Ленінскага РАУС, 3 ліпеня яны атрымалі наводку аб непадпарадкаванні ад інспектара міліцыі Піцко. Яны прыехалі на месца і затрымалі актывістаў, якія выйшлі з пад’езда Аляксандра Лаўрэнцьева ў паласатых робах.

«Мікалай Васільевіч выйшаў з будынку, трымаючы на вяроўцы свайго калегу, у якога быў заклеены рот, і трымаў таблічку з надпісам «Беларусь – краіна для жыцця», – заявіў сведка.

Пры гэтым Андрэй Пацуй не пацвердзіў факт збіцца Мікалая Саляніка ў бусе ў часе затрымання. Замест таго, ён абвінаваціў актывіста АГП у нанясенні іх службовай машыне матэрыяльнай шкоды сумай у 298 рублёў.

Адсутнасць у супрацоўнікаў АМАП апазнавальных знакаў, службовага адзення і службовага аўтамабіля, на судзе пацвердзілі іншыя сведкі, якія прысутнічалі 3 ліпеня пры брутальным затрыманні актывістаў. Грамадскі актывіст Сяргей Верамеенка прапанаваў на судзе паказаць відэазапіс, на якім бачна, якім чынам супрацоўнікі АМАПу закідвалі Саляніка і Лаўрэнцьева ў бус, аднак суддзя адмовіла ў гэтай просьбе. У сваю чаргу супрацоўнікі міліцыі, якія выступалі сведкамі адмовіліся прадставіць відэа, запісанае імі 3 ліпеня на відэарэгістратар. Яны спаслаліся на тое, што праз 30 дзён тэхніка аўтаматычна сцірае запісы.

Пікетаванне ў інтэрнэце?

Мікалая Саляніка судзілі паводле двух артыкулаў Адміністрацыйнага кодэксу РБ: два разы за непадпарадкаванне законнаму распараджэнню ці патрабаванню службовай асобы пры выкананні ім службовых паўнамоцтваў (арт. 24.4), а таксама за парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў (арт. 23.34). Суддзя Таццяна Гергель прысудзіла Мікалаю Саляніку 10 базавых штрафу за першы артыкул і 20 базавых штрафу за другі. Аднак у часе зачытвання прысуду агулам суддзя назвала 25 базавых штрафу (612 рублёў), магчыма, зрабіўшы «зніжку» для пенсіянера.

«Магу сказаць толькі, што гэта жах. Суддзя не ўлічваў паказанні сведкаў, нават забараніў паказаць відэа, на якім усё бачна. Гэта яшчэ раз даказвае, што прысуд быў зараней вядомы. Адчуваю сябе проста спустошаным», – пракаментаваў пастанову суда актывіст.

Гарадзенскі актывіст Анатоль Мышкевіч пракаментаваў гэтую справу ў «Фэйсбуку» такім чынам: «Банда зноў выйшла на справу! Сёння грабанулі пенсіянера на 25 базавых! Саша, сыходзь!»

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках