26 красавiка 2024, Пятніца, 20:50
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Суд паводле «справы прафзвязаў»: апошняе слова Генадзя Фядыніча

22
Суд паводле «справы прафзвязаў»: апошняе слова Генадзя Фядыніча
ГЕНАДЗЬ ФЯДЫНІЧ
ФОТА: PRACA-BY.INFO

Можна рыхтавацца да ўсякага прысуду, але гатовым да подласці ніколі быць нельга.

17 жніўня адбыліся спрэчкі бакоў у судзе паводле «справы прафзвязаў». Выступалі адвакаты, пракуроры, а таксама лідары прафзвязу РЭП Генадзь Фядыніч і Ігар Комліка з апошнім словам. Praca-by.info прыводзіць прамову старшыні РЭП з невялікімі скарачэннямі:

«Упэўнены, што «справа прафзвязаў» будзе мець прадаўжэнне, у тым ліку і на міжнародным узроўні. Калі ўся гэтая праца следчага камітэта і абвінавачванні перашкодзяць чыноўнікам, якія наладжваюць нармальныя стасункі з Еўразвязам ці з МАП, то паверце мне, што Аляксандр Рыгоравіч разбярэцца вельмі хутка і знойдзе ўсіх.

Высокі суд, можна рыхтавацца да ўсякага прысуду. Але гатовым да подласці ніколі быць нельга. Гэта электронная скрыня - ды вы ж ведаеце, хто яе стварыў! І ведаеце, хто запіхаў туды ўсе гэтыя дакументы... Цяпер пра дакументы з гэтай скрыні кажуць: ёсць довадная база. Ды не супярэчце вы самі сабе! Ёсць не довадная база, фількіна грамата, у якой не тыя юрыдычныя адрасы, не праведзеная экспэртыза... Правядзіце экспэртызу ў Следчым камітэце, дайце заключэнне, што гэты дакумент з банка сапраўдны. Людзі ўсё гэта бачаць.

Было сказана, што гэтых дваіх [Фядыніча і Комліка, заўв. рэд.] мы судзім, а прафзвяз тут ні пры чым. А як жа арышт офіса прафзвязу? А як жа тыя 814 чалавек, якіх ва ўсёй рэспубліцы дапыталі? А як ставіцца да таго, што кожная следчая група ўважала за свой абавязак саскочыць з гэтай справы, бо выдатна разумела, што не ўсё так проста? Два падпалкоўнікі сышлі, перадалі справу капітану, які давёў яе да фіналу. Можна меркаваць, што, ён будзе маёрам або старэйшым лейтэнантам.

Я вельмі малады пенсіянер. Я яшчэ не атрымліваў ніводнай пенсіі, але яна ў мяне блізу 600 рублёў. Таму я, відаць, у свой час зарабляў таксама нядрэнна. І як можна казаць, што ў 2011 годзе з карыслівых меркаванняў мы грошы скралі з праекту і набылі два аўтамабілі? І знаходзяць карыслівыя гэтыя матывы ў вёсцы Сухадол! Ды лепш бы ў Драздах знайшлі: там прасцей шукаць. Ці слаба?

І напрыканцы хачу сказаць, што працэдура атрымання сродкаў наогул ніякай доваднай базы пад сабой не мае. Таму што кожны чалавек, нават у Беларусі, пры атрыманні грошай з банка павінен і пашпарт паказаць, і запіс у банку павінен быць пра тое, што ты атрымліваў нейкія грошы. Чаму гэта не зроблена? А вось вырываць з кантэксту і казаць: так, яны гэта ўсё зрабілі...

Вы маглі прасіць што заўгодна ў судуа нават да сямі гадоў пазбаўлення волі...Не гэта страшна. Страшна тое, што сёння гэта справа палітычная: палітыкі яе распачалі, палітыкі яе і будуць закрываць. І страшна, што на гэтай справе хочуць паказаць, які нібыта нікчэмны і сам прафзвяз, і ягонае кіраўніцтва. Гэта ж шытае белымі ніткамі! Не здолелі вы гэтага зрабіць і не здолееце, якім бы ні быў прысуд.

Таму хачу адзначыць: калі гэты прэцэдэнт будзе створаны ў Беларусі, калі праз хлуслівыя паштовыя скрыні будуць спрабаваць легалізаваць хлуслівыя дакументы - то заўтра такая скрыня можа з'явіцца супраць кожнага, хто сядзіць у зале. Супраць кожнага! І такая скрыня таксама стане доваднай базай. Гэта недапушчальна.

Ні я, ні мая сям'я, ні мае блізкія і родныя - ніхто не ўжывае і не прадае, і не захоўвае наркотыкі. Калі нехта паспрабуе зрабіць нешта такое, то майце на ўвазе, што гэта будзе чыстай вады правакацыя.

І напрыканцы я хачу падзякаваць вам, людзі. Вам, адвакаты: ваш прафесіяналізм выклікае павагу нават у такой няпростай сітуацыі, у якой мы знаходзімся. Я зычу здароўя сваім ворагам і непрыяцелям. Я хачу, каб яны дажылі датуль, калі Беларусь стане дэмакратычнай. Калі суды будуць абірацца. Каб яны зразумелі ўсю нянавісць людзей, якія будуць выказваць яе наўпрост. Яны пакуль маўчаць. Але гэта маўчанне вельмі цяжка стрымліваць.

І напрыканцы:

«Край курчыцца ў жабрацтве,

У прымусе,

Над ім грыміць хлусні

Пустая медзь.

А хочацца сапраўднай Беларусі,

Хай на сыход,

Ды ў вочы паглядзець».

Напісаць каментар 22

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках