11 жнiўня 2026, aўторак, 10:01
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Школьнік з Петрыкава ў Стакгольме пазмагаецца за прыз у $15000

Школьнік з Петрыкава ў Стакгольме пазмагаецца за прыз у $15000
ПАВЕЛ ШЛЯГА

Павел Шляга прадставіць Беларусь у фінале міжнароднага юніёрскага воднага конкурсу «Stockholm Junior Water Prize».

Навучэнец 11 класа гімназіі г. Петрыкава Павел Шляга прадставіць Беларусь у фінале міжнароднага юніёрскага воднага конкурсу «Stockholm Junior Water Prize», які пройдзе з 26 жніўня да 1 верасня ў г. Стакгольме (Швецыя), паведамляе gomel.today.

Гэты міжнародны моладзевы форум праводзіцца ў Швецыі штогод, пачынаючы з 1991 года, у рамках Сусветнага Тыдня Вады. Конкурс праходзіць пад патранажам спадчынніцы трона крон-прынцэсы Вікторыі. У фінале выступяць школьнікі з 30 краін свету, у кожнага - свой унікальны праект захавання і рацыянальнага выкарыстання водных рэсурсаў планеты.

Павел Шляга прадставіць Беларусь з навуковай працай «Вызначэнне колеру, каляровасці і мутнасці вады». У сакавіку 2018 года ён удзельнічаў у нацыянальным адборы, арганізатарам якога з'яўляецца Рэспубліканскі цэнтр экалогіі і краязнаўства. Паводле пастановы аргкамітэта і экспэртнага журы праект Паўла быў абраны з 80 даследчых работ для ўдзелу ў заключным этапе конкурсу ў Стакгольме.

Мэта Стакгольмскага юніёрскага воднага конкурсу - арганізацыя і правядзенне творчага конкурсу сярод старшакласнікаў на найлепшы праект у галіне аховы, аднаўлення і рацыянальнага выкарыстання водных рэсурсаў, выяўлення і ліквідацыі крыніц забруджвання водных аб'ектаў, вывучэння і захавання водных супольнасцяў. Аўтар найлепшага праекта атрымае галоўны прыз - крыштальную скульптуру кроплю вады, грашовы ганарар сумаю 15000 даляраў ЗША пераможцу і 3000 даляраў ЗША яго навучальнай установе.

Даследаванне Паўла Шлягі тычыцца тэмы маніторынгу якасці вады. З дапамогай аўтарскай методыкі ён прапануе даваць першасную характарыстыку вады і ступень яе забруджвання, не звяртаючыся да паслуг спецыялізаваных службаў. Над сваім праектам школьнік працаваў больш за два гады - сканструяваў прыбор з другаснай сыравіны, распрацаваны і апрабаваў спецыяльную табліцу для вызначэння мутнасці і афарбоўкі вады, напісаў кампутарную праграму.

Са слоў Паўла, актуальнасць працы складаецца ў тым, што першасны аналіз вады можна выканаць без хімічных рэактываў, дарагога абсталявання і спецыяльнай падрыхтоўкі. Да таго ж, методыка простая ў выкарыстанні і можа прымяняцца ў палявых або хатніх умовах.

На падставе дамоўленасці са Стакгольмскім Міжнародным Водным Інстытутам з 2010 года Рэспубліканскі цэнтр экалогіі і краязнаўства з'яўляецца нацыянальным каардынатарам конкурсу на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь і арганізуе ўдзел беларускай дэлегацыі ў Сусветным Тыдні Вады. Фінансаванне паездкі ажыццяўляецца ўнітарным прадпрыемствам «Кока-Кола Беўрыджыз Беларусь», якое таксама актыўна падтрымлівае правядзенне нацыянальнага этапу конкурсу.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках