Чыноўніца феерычна адказала на беларускамоўны зварот
49- 12.09.2018, 14:14
- 92,284
У Сеціве высмеялі «вынаходлівасць» чыноўніцы Менгарвыканкама.
Інтэрнэт рагоча з «вынаходлівай» чыноўніцы Менгарвыканкама, галоўнай спецыялісткі аддзела рэгістрацыі суб'ектаў гаспадарання і грамадскіх арганізацый Вольгі Рычардаўны Драчан, піша nn.by.
Яна дала феерычнае заключэнне пра нерэгістрацыю грамадскага аб'яднання «Ваколіца» - уся справа ў дзіўнай мове, якой Драчан тлумачыла заяўнікам адмову ў рэгістрацыі.
Чыноўніца перадае назву «Ваколіца» як «Ваколща», слова «рэгістрацыя» - як «рэпстрацьп».
Ненавісную «і» знайсці не ўдалося, таму чыноўніца эмацыйна страляе: «экалаг!чных». Магчыма, клічнік здаўся ёй занадта грувасткім знакам, значна вышэйшым за літару, таму далей па тэксце яна выкарыстоўвае іншы сімвал: «рэг1страцыяй», «л1квщацыяй палггычных партый»...
Адносна «ў» Драчан так і не вырашыла, які сімвал найлепш перадае гэты гук: сустракаецца і «дзяржа(най», і «дзяржа{най», і нават «гало$ны». Зрэшты, месцамі яна проста піша звычайнае «у» .
Астатнія перлы вы можаце знайсці і паспрабаваць растлумачыць самастойна.
У каментары журналістам Вольга Драчан не змагла растлумачыць, якую школу яна скончыла. «Быў суд», - сказала яна. Імаверна, маючы на ўвазе месца, дзе гэты феерычны дакумент засвяціўся. Тлумачыць арфаграфію яна адмовілася.
На самай справе сітуацыя тлумачыцца вельмі проста - Драчан альбо хтосьці з яе калег мелі на руках беларускамоўную версію дакумента. Пасля з нейкіх прычын было вырашана яе адсканаваць. А пры распазнаванні тэксту ў наладах праграмы стаяла толькі расейская мова. Таму сістэма і імкнулася адшукаць у расейскай мове сімвалы, самыя блізкія па напісанні да беларускіх. Напрыклад, «іц» ператварылася ў «щ», «гі» - у «п».
Драчан жа, не чытаючы, падпісала дакумент.
Мянчанка Вікторыя Шаблінская, якая паказала гэты адказ усяму свету, называе яго папяровым помнікам ідыятызму.