У Белавежскай пушчы зноў знайшлі рэдкі грыб
- 11.08.2026, 23:55
Магчыма, гэта найбольшая папуляцыя ў свеце.
У Белавежскай пушчы выяўлена найбольшая ў свеце папуляцыя рэдкага грыба Osteina rhodophila. Ён расце на «трупах» драўняных грыбоў, распавялі ў нацпарку.
Грыб остэіна расце выключна на старых, адмерлых шматгадовых пладавых целах іншага рэдкага віду — трутавіка ружовага (Fomitopsis rosea), занесенага ў Чырвоную кнігу.
«Геаграфічны статус Osteina rhodophila ўнікальны: на сённяшні дзень у Еўропе гэты від не зафіксаваны нідзе, акрамя Белавежскай пушчы», — адзначылі ў нацпарку.
У нашай пушчы знайшлі ўжо 14 кропак стабільнага пладанашэння гэтага віду. Такое распаўсюджанне тлумачаць строгім рэжымам запаведнасці.



«Остэіне жыццёва неабходны буйнамерны яловы валеж позніх стадый раскладання, ужо засялены трутавіком ружовым, а таксама стабільны мікраклімат. Любыя віды гаспадарчай дзейнасці — санітарныя рубкі або ачыстка лесу ад захламленасці — цалкам разбураюць гэты складаны экалагічны ланцуг», — распавялі ў нацпарку.



Заўважым, што ў Белавежскай пушчы рэгулярна знаходзяць рэдкія грыбы.