26 красавiка 2024, Пятніца, 11:20
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мікалай Статкевіч: Галоўны начальнік хоча адкласці яшчэ больш «зялёных» у сваю скарбонку

21
Мікалай Статкевіч: Галоўны начальнік хоча адкласці яшчэ больш «зялёных» у сваю скарбонку

Чаму ў Беларусі размяшчаюць шкодныя вытворчасці?

Пра гэта на сваёй старонцы ў Фэйсбуку напісаў лідар Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу Мікалай Статкевіч:

- Калі цяперашні «перасідзент» упершыню атрымаў уладу, Кітай быў беднай галоднай краінай, якая значна адставала ад Беларусі. За амаль 25 гадоў ягонага «мудрага» кіраўніцтва сітуацыя стала адваротнай - нашая краіна адстае ўсё больш, а Кітай ужо значна апярэджвае нас паводле ўзроўню развіцця і даходаў насельніцтва. Адтуль нават сталі пераносіць у бедныя краіны шкодныя вытворчасці. У тым ліку - і ў Беларусь.

Цяпер асабліва на слыху дзве з іх - завод беленай цэлюлозы ў Светлагорску і акумулятарны завод у Берасці.

У Светлагорску ад атрутных выкідаў і смуроду пакутуюць тысячы людзей. Асабліва дзеці. Але мясцовыя ўлады ўпарта абараняюць небяспечную кітайскую вытворчасць. Дайшло да таго, што забараняюць работнікам звяртацца па медыцынскую дапамогу ў сувязі з атручваннямі. Настаўнікам мясцовых школ забаранілі нават згадваць пра атрутныя выкіды.

Завод у Берасці яшчэ не запушчаны, але з прыкладу аналагічнага прадпрыемства ў Белаазёрску ўсе ведаюць, што пасля яго запуску ўсё вакол будзе атручана вельмі небяспечным свінцом. Людзям, як і ў Светлагорску, не даюць дазволаў на мірныя мітынгі супраць атрутнай вытворчасці. Лідараў пратэсту жорстка пераследуюць. Супраць іх выкарыстоўваюць нават АМАП.

Атрымаць згоду на размяшчэнне «экалагічных бомбаў» пад бокам у сотняў тысяч людзей проста так немагчыма. Зразумела, што нехта з улады атрымаў за злачынны дазвол на іх будаўніцтва вельмі вялікія сумы хабараў. Улічваючы, што кошт атрутных вытворчасцяў - сотні мільёнаў даляраў, то мінімальныя сумы хабараў маглі скласці дзясяткі мільёнаў.

Але хто ж з улады мог учыніць гэта страшнае злачынства, якое выракае на хваробы і пакуты тысячы і тысячы людзей, і пагражае заражэннем ядамі вялікіх тэрыторый і нават Дняпра? Якая поскудзь зрабіла гэта?

Давайце разбірацца. Дзве розныя вобласці. Дзве розныя, але вельмі небяспечныя вытворчасці. Аднолькавая ўпартасць уладаў, якія не звяртаць увагі на велізарны грамадскі рэзананс і не баяцца ўмяшання сталічнага начальства.

Відавочна, што такое магчыма толькі на загад з Менска. І аддаць такую каманду мог толькі адзін, самы галоўны начальнік. Які, каб адкласці яшчэ больш «зялёных» у скарбонку ў замежных банках, пазбаўляе людзей, якія калісьці паверылі яму, магчымасці проста жыць на сваёй зямлі.

Цяпер актывісты спрабуюць арганізаваць мясцовыя пратэсты супраць атрутнікаў. Калі гэта не дапаможа, то тады мы арганізуем цалкам легальную магчымасць наўпрост звярнуцца да галоўнага атрутнікаў. А астатняе будзе залежаць ад саміх людзей. Чым больш іх скарыстаецца такой магчымасцю, тым больш будзе ў іх шанцаў выратаваць сваю зямлю для сваіх дзяцей.

Цяпер усё залежыць толькі ад нас саміх.

Напісаць каментар 21

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках