4 траўня 2024, Субота, 1:53
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У цэнтры Светлагорска прайшоў масавы флэшмоб супраць кітайскага завода

10
У цэнтры Светлагорска прайшоў масавы флэшмоб супраць кітайскага завода
ФОТА: SVABODA.ORG

Жыхары горада выйшлі на цэнтральную плошчу ў масках і з зялёнымі паветранымі шарамі.

У Светлагорску 15 верасня прайшоў флэшмоб супраць выкідаў з кітайскага завода. Не менш за 150 чалавек у масках і з зялёнымі паветранымі шарамі сабраліся каля цэнтральнай плошчы. Пляцоўку ў прызначаны час - 17.00 паводле ініцыятывы ўладаў занялі дзеці. Яны танчылі і запускалі паветраныя шары чырвонага колеру, паведамляе «Радыё Свабода».

Фото: svaboda.org

Гэта было падобна на рэпетыцыю да Дня горада, які пройдзе ў наступную суботу. Пенсіянеры, маладыя сем'і з дзецьмі, старшакласнікі надзелі медыцынскія маскі, трымалі зялёныя паветраныя шары як знак таго, што людзі хочуць дыхаць чыстым паветрам. Жыхары райцэнтра абураныя, што новы завод беленай цэлюлозы забруджвае паветра. Ад выкідаў у горадзе часта стаіць смурод.

Фото: svaboda.org

Паміж жыхарамі райцэнтра хадзіў міліцыянт Яўген Беспалько і папярэджваў праз мегафон, што «гэтае мерапрыемства несанкцыянаванае», за што надыходзіць адказнасць паводле артыкула 23.34 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях. «Так арыштуйце нас! Нам усё роўна, дзе паміраць - тут ці ў турме!», - закрычала на міліцыянта пенсіянерка. Іншыя ўдзельнікі флэш-мобу пыталіся ў міліцыянта - ці ёсць у яго дзеці і ўнукі?

Фото: svaboda.org

«Гэта не мітынг, не пікет - транспарантаў і плакатаў не было, ніхто не вылучаў нейкіх патрабаванняў. Таму не варта міліцыі пагражаць людзям. Яны проста выйшлі дыхаць чыстым паветрам», - пракаментавала праваабаронца Алена Маслюкова.

Фото: svaboda.org

Яна дадала, што людзі дамаўляліся або ўвогуле не ісці на Дзень горада ў наступную суботу, або прыйсці туды ў масках і з зялёнымі паветранымі шарамі.

Фото: svaboda.org

Ініцыятыўная група маніторынгу сітуацыі з заводам падавала ў выканкам заяўку на мітынг. Ён планаваўся 15 верасня. Але адзіную ў горадзе пляцоўку, якая вызначаная для мітынгаў і пікетаў (стадыён «Бумажнік») у прызначаны дзень акупаваў БРСМ. Там праходзіла свята «Уладар сяла». Тады жыхары райцэнтра дамовіліся правесці флэшмоб.

Раніцай 15 верасня ў пракуратуру выклікалі праваабаронцу Алену Маслюкову і актывіста Анатоля Змітровіча. Пракурор раёна афіцыйна папярэдзіў іх пра адказнасць за ўдзел ці арганізацыю несанкцыянаваных мерапрыемстваў.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках