3 траўня 2024, Пятніца, 0:42
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Хлопцы разгарнулі на набярэжнай бел-чырвона-белы сцяг і фатаграфаваліся з ім»

1
«Хлопцы разгарнулі на набярэжнай бел-чырвона-белы сцяг і фатаграфаваліся з ім»
АЛЕНА МАСЛЮКОВА
ФОТА: ПЦ «ВЯСНА»

Пасля пратэстнага флэш-мобу ў Светлагорску затрымалі трох маладзёнаў.

20 верасня праваабаронцу са Светлагорску Алену Маслюкову выклікалі ў мясцовы РАУС у якасці асобы, у адносінах да якой вядзецца адміністрацыйны працэс паводле артыкула 23.34 КоАП (удзел або арганізацыя несанкцыянаванага масавага мерапрыемства), піша праваабарончы цэнтр «Вясна».

Прычына такой цікавасці праваахоўных органаў да праваабаронцы - нібыта ейны ўдзел у мерапрыемстве супраць працы ў горадзе завода для вытворчасці беленай цэлюлозы, якое адбылося ў суботу 15 верасня. І хоць улады на гэты дзень запланавалі іншае мерапрыемства, людзі ўсё адно сабраліся на цэнтральнай плошчы і правялі запланаваны флэшмоб супраць смярдзючых выкідаў з кітайскага завода.

У РАУС міліцыянт Дзмітрый Шпак склаў на Алену Маслюкова пратакол паводле ч 1. артыкула 23.34 - за тое, што яна «ўдзельнічала ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве (флэшмобе)». Праваабаронца з пратаколам не пагадзілася, бо мяркуе, што флэш-моб не з'яўляецца масавым мерапрыемствам, а ейная прысутнасць на плошчы не павінна аўтаматычна трактавацца як ейны ўдзел у ім.

Акрамя гэтага, у міліцыі праваабаронца даведалася, што пасля флэш-мобу міліцыянты затрымалі трох хлопцаў, адзін з якіх быў непаўналетні.

«Іх не затрымлівалі на плошчы. Вядома, што гэта адбылося праз некаторы час пасля заканчэння флэш-мобу. Хлопцы пайшлі на набярэжную, дзе разгарнулі бел-чырвона-белы сцяг і пачалі з ім фатаграфавацца. Гэта заўважылі міліцыянты і пайшлі да іх. Хлопцы спрабавалі ўцячы, і калі міліцыянты дагналі іх, то склалі пратаколы за непадпарадкаванне службовым асобам (паводле артыкула 23.4 КоАП). Непаўналетняга адпусцілі адразу пасля складання пратаколу, а дваіх паўналетніх пакінулі ў ізалятары да панядзелка», - распавяла Алена Маслюкова пасля паходу ў РАУС.

Нагадаем, што напярэдадні мерапрыемства Алену Маслюкову выклікаў на размову пракурор раёна А. Яўсеенка і папярэдзіў аб адказнасці за парушэнне заканадаўства аб масавых мерапрыемствах, палічыўшы, што Маслюкова можа быць арганізатаркай несанкцыянаванага масавага мерапрыемства.

Акрамя Алены позву ў светлагорскую міліцыю паводле артыкула за несанкцыянаваны мітынг атрымаў грамадскі актывіст Анатоль Змітровіч. На яго таксама быў складзены пратакол паводле артыкула 23.34 КоАП.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках