24 красавiка 2024, Серада, 16:42
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ізраільскія дэпутаты хочуць «прыцягнуць» ЗША да спрэчкі з РФ праз Іл-20

Ізраільскія дэпутаты хочуць «прыцягнуць» ЗША да спрэчкі з РФ праз Іл-20

Дэпутаты заклікалі Беньяміна Нетаньяху выйсці за рамкі «тактычных дамоўленасцяў» з Пуціным.

Ізраільскаму ўраду варта дамагчыся ад ЗША ўзмацнення іх ролі ў Сірыі для процідзеяння Расеі. Пра гэта заявілі лідар ізраільскай парламенцкай апазіцыі Цыпі Ліўні і дэпутат Еш Шэла, піша Times of Israel. Іх словы прагучалі на фоне абвінавачванняў, якія выставіла сёння Мінабароны Расеі на адрас ізраільскіх ВПС праз збіты самалёта Іл-20, паведамляе «Радыё Свабода».

У сваім выступе Ліўні расцаніла выпады расейскай стараны як сведчанне таго, што Масква больш не хоча каардынаваць свае дзеянні з Ізраілем у рэгіёне. З гэтай прычыны Ліўні заклікала прэм'ера краіны Беньяміна Нетаньяху выйсці за рамкі «тактычных дамоўленасцяў» з Уладзімірам Пуціным і ўзмацніць стратэгічнае ўзаемадзеянне з ЗША, што дапамагло б Ізраілю змагацца з Іранам у Сірыі.

Еш Шэла з Камітэта замежных спраў і абароны Кнэсэта падтрымаў Ліўні. На ягоную думку, Мінабароны Расеі напраўду ведае аб невінаватасці Ізраіля і прытворна абвінавачвае яго толькі для таго, каб прасігналізаваць пра тое, што Сірыя з гэтага часу закрытая для палёту ізраільскай авіяцыі.

У нядзелю міністр абароны Ізраіля Авігдор Лібэрман заявіў, што палітыка Ізраіля ў Сірыі не зменіцца, нягледзячы на незадаволенасць Масквы. Усклаўшы адказнасць за гібель расейскага выведніка на Сірыю, ён падкрэсліў, што ўлады краіны не стануць «публічна спрачацца з Расеяй праз СМІ» і працягнуць дзейнічаць у адпаведнасці з ранейшым рэжымам каардынацыі з Масквой. Ён падкрэсліў, што Ізраіль не дазволіць Ірану зрабіць сірыйскую тэрыторыю базай для нападу на габрэйскую дзяржаву.

23 верасня Мінабароны Расеі пацвердзіла ранейшыя абвінавачванні на адрас Ізраіля з нагоды Іл-20, нягледзячы на тое, што раней Ізраіль перадаў Маскве падрабязныя звесткі пра інцыдэнт, закліканыя пераканаць Крэмль у невінаватасці габрэйскай стараны. Ізраіль ускладае адказнасць за катастрофу расейскага самалёта радыёэлектроннай выведкі на Сірыю і Іран, сцвярджаючы, што ВПС краіны наносілі ўдары менавіта па іранскіх аб'ектах на сірыйскай тэрыторыі. Ізраільскія вайскоўцы сцвярджаюць, што ў момант, калі сірыйская СПА адкрыла агонь, знішчальнікі ўжо збілі ўсе цэлі ў Сірыі і вярнуліся ў паветраную прастору Ізраіля.

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках