У Беларусі забаранілі прадаваць расійскі безглютэнавы хлеб
- 17.09.2026, 8:33
Прадукт знялі з продажу і вярнулі пастаўшчыку.
Безглютэнавы хлеб з Ленінградскай вобласці Расіі забаранілі прадаваць у Беларусі. Спецыялісты заключылі, што прадукт не адпавядае ўстаноўленым патрабаванням.
Пытанні ў правяральнікаў узніклі да безглютэнавага збожжавага хлеба масай 300 грамаў вытворчасці ТАА «Диетика» (Ленінградская вобласць Расіі). Спецыялісты прыйшлі да высновы, што тавар не адпавядае патрабаванням тэхнічных рэгламентаў. Пры яго вытворчасці выкарыстоўваліся недапушчальныя харчовыя дабаўкі.
«У маркіроўцы вытворцам заяўлена наяўнасць натуральнага фарбавальніка — цукровага колеру IV, загушчальніка — ксантанавай камедзі і рэгулятара кіслотнасці — лімоннай кіслаты», — удакладнілі ў Віцебскай абласной інспекцыі Дзяржстандарта.
Хлеб знялі з продажу і вярнулі пастаўшчыку.
