20 кастрычнiка 2018, Субота, 3:54
Нам патрэбна ваша дапамога
Рубрыкі

OPEC: ЗША абгоняць Расею ў здабычы нафты ў 2018 годзе

3

Адставанне РФ будзе захоўвацца да 2040 года.

Аб'ём здабычы нафты ў Злучаных Штатах перавысіць здабычу нафты ў адным з цяперашніх лідараў у гэтым паказчыку ў свеце - Расеі - у 2018 годзе, сведчаць новыя звесткі штогадовага прагнозу Арганізацыі краін - экспарцёраў нафты (OPEC) World Oil Outlook 2040, паведамляе РБК.

Згодна з ім, у 2018 годзе здабыча нафты ў Расеі, як і ў мінулым годзе, складзе 10,3 мільёна барэляў у суткі, пры тым як у ЗША здабудуць ужо 10,5 млн барэляў за дзень (за год да гэтага ў Штатах, паводле звестак OPEC, здабывалі 9,4 млн барэляў за дзень).

Пасля Расея, як чакаюць у Арганізацыі краін - экспарцёраў нафты, аж да 2040 года будзе здабываць не больш за 10,4 барэляў нафты на дзень (такі аб'ём здабычы нафты ў Расеі OPEC прагназуе на 2020-2025 гады). Затым, згодна з прагнозам OPEC, Расея і зусім скароціць здабычу спачатку да 10,2 млн барэляў за дзень (2035 год), а пасля - да 10,1 млн барэляў за дзень.

Такім чынам, у параўнанні звестак аб здабычы нафты за 2017 год са звесткамі за 2040 год Расея, як падлічылі экспэрты, скароціць здабычу нафты на 200 тысяч барэляў за дзень. Гэта, як заўважае CNBC News, звязана з тым, што расейскія інвестыцыі ў гэты час, мабыць, будуць накіраваныя на прадухіленне далейшага зніжэння аб'ёму здабычы нафты, а санкцыі супраць Расеі перашкодзяць яе прамысловасці інвеставаць у лупняковае, глыбакаводнае і арктычнае свідраванне.

У ЗША тым часам, як мяркуюць у OPEC, здабыча нафты да 2025 года будзе павялічвацца. Так, у 2019 годзе Штаты, згодна з World Oil Outlook 2040, будуць здабываць 11,5 млн барэляў за дзень, у 2020-м - 12,2 млн барэляў за дзень, а ў 2015 годзе - ужо 13,4 млн барэляў за дзень. Пасля здабыча, паводле прагнозаў Арганізацыі краін - экспарцёраў нафты, у ЗША будзе зніжацца - спачатку да 12,8 млн барэляў за дзень у 2030 годзе, а пасля - да 11,4 млн барэляў за дзень ў 2035 годзе. У 2040 году ЗША, на думку экспэртаў OPEC, выйдуць на ўзровень здабычы нафты ў Расеі і стануць здабываць 10,1 млн барэляў за дзень. Такім чынам, у параўнанні з 2017 годам, у 2040 годзе Злучаныя Штаты павялічаць здабычу нафты на 700 тысяч барэляў за дзень.

«Чакаецца, што з 2023 да 2040 года пастаўкі нафты з краін, якія не ўваходзяць у OPEC, скароцяцца на 6,7 млн барэляў за дзень», - гаворыцца таксама ў прагнозе OPEC. Амаль палова з гэтай колькасці прыпадзе на зніжэнне здабычы нафты ў Штатах, мяркуюць спецыялісты.