Сем найлепшых размоўных фільмаў для прагляду на выходныя
- 29.09.2018, 21:42
- 14,800
Удалыя фільмы, якія цалкам пабудаваныя на дыялогах.
Надоечы я паглядзеў фільм «Як ажаніць халасцяка», у якім Кіяну Рыўз і Вайнона Райдэр адчайна забаўляюцца, дасягаючы нябачанага ўзроўню «экраннай хіміі». І я надумаў успомніць іншыя ўдалыя фільмы, якія цалкам пабудаваныя на дыялогах, піша журналіст «Новага часу» Аляксей Бондараў.
Жанр размоўнага фільма – адзін з самых складаных.
Значна прасцей апавядаць гісторыю і ствараць настрой дзеяннем, частай зменай кадраў і лакацый, не кажучы ўжо пра выбухі і спецэфекты ў пэўных жанрах.
Зносіны з гледачом мінімалістычнымі сродкамі патрабуюць ад стваральнікаў фільма неймаверных высілкаў. Гэта найвышэйшы пілатаж. Рэдка хто за гэта бярэцца. І мала ў каго атрымліваецца.
Вось некалькі размоўных фільмаў, якія канечне заслугоўваюць увагі.
Амерыканцы
Glengary Glen Ross
1992 год
Камерная драма пра суровыя працоўныя будні агентаў у продажы нерухомасці ў Чыкага. Цэнтральны офіс дасылае да іх матывацыйнага трэнера, які ладзіць пэўнае спаборніцтва. Два агенты, якія пакажуць найлепшы вынік, будуць прэміяваныя, астатнія будуць звольненыя.
Далей – неймаверны напал запалу і апусканне ў глыбіні чалавечай псіхікі, якое становіцца магчымым не толькі дзякуючы сцэнару (дарэчы, фільм пастаўлены паводле п'есы Дэвіда Мамета), але і ўзрушальнай акцёрскай працы. У фільме згулялі Джэк Леман, Эл Пачына, Кевін Спэйсі, Эд Харыс і Алек Болдуін.
У Болдуіна, дарэчы, роля невялікая, але легендарная. Ягоны матывацыйны спіч да гэтага часу выкарыстоўваюць коўчы і трэнеры ў персанале.

12 абураных мужчынаў
12 angry men
1957 год
Немагчыма абысціся без гэтага класічнага фільма, дзеянне якога адбываецца ў пакоі для нарады прысяжных. Разглядаецца справа пра вінаватасць падлетка ў забойстве. Ягоная віна здаецца відавочнай 11 прысяжным, але 12-ы сумняваецца і паступова перацягвае на свой бок усіх астатніх.
Фільм часта называюць адным з найвялікшых у гісторыі сусветнага кіно. І гэта той выпадак, калі такія гучныя словы цалкам заслужаныя.
Ідэальныя незнаёмцы
Perfetti sconosciuti
2016 год
Італьянскі фільм пачынаецца як камедыя, але перарастае ў нешта значна больш сур'ёзнае. Гэта гісторыя пра тое, як група сяброў, сабраўшыся на вячэру, дамовілася зачытваць уголас усе СМС і адказваць на званкі праз гучную сувязь. Да канца вечару высветліцца, што ў людзей, якія ведаюць адзін аднаго шмат гадоў, ёсць маса таямніцаў. Часам вельмі змрочных.
Дарагая Алена Сяргееўна
1988 год
Упэўнены, што шмат хто будзе здзіўляцца, не ўбачыўшы ў спісе ўсімі любімага «Гаража» Эльдара Разанава. Так, «Гараж» – выдатны ўзор размоўнага кіно. Але ў Разанава ёсць больш прыдатны для гэтага спісу фільм, дарэчы, даўно і незаслужана забыты.
Гэта экранізацыя нашумелай п'есы пра школьнікаў, якія прыйшлі дадому да сваёй настаўніцы, каб угаварыць яе выправіць ім адзнакі за кантрольную. У цэнтры ўвагі – супрацьстаянне паміж «старымі» каштоўнасцямі, якія прапаведуе настаўніца, і «новым духам часу», які ўжо на ўсю моц адчуваюць дзеці.
Гэта магутная сацыяльная драма, якая паказвае талент Разанава-рэжысёра з зусім іншага боку.

Кава і цыгарэты
Coffee and Cigarettes
2003 год
Гэты фільм, які складаецца з 11 кароткаметражак, Джым Джармуш пачаў здымаць яшчэ ў 1986 годзе і працаваў над ім 17 гадоў. У фільме зняліся ўсе ўлюбёныя акторы ці музыкі Джармуша, уключаючы Стыва Бушэмі, Раберта Беніньі, Ігі Попа, Тома Уэйтса, Кейт Бланшэт, Стыва Кугана і Біла Мюрэя.
Сюжэту як такога няма. Усе яны проста п'юць каву, паляць цыгарэты і балбочуць пра ўсялякае глупства. Але ў цэлым атрымліваецца геніяльнае кіно. Так умее толькі Джармуш.
Чалавек з Зямлі
Man from Earth
2007 год
Фантастычны фільм без адзінага спецэфекту.
Прафесар універсітэта ладзіць развітальную вечарыну для сваіх калег у сувязі з ад'ездам у іншы горад. І нечакана прызнаецца ім у тым, што ён несмяротны і жыве, не старэючы, з часоў ранняга палеаліту.