Пенсійная рэформа ў ЗША доўжыцца 44 гады, у нас яе праводзяць за пяцігодку
9- 30.09.2018, 21:36
- 15,588
Беларускія ўлады не выключаюць павышэнне пенсійнага ўзросту і пасля 2022 года.
З 1983 года ў ЗША павялічылі пенсійны ўзрост на 2 гады, але гэтага амаль ніхто ў краіне не заўважыў - пачатая тады амерыканская рэформа аб павышэнні пенсіённага ўзросту з 65 да 67 гадоў расцягнутая на 44 гады і скончыцца толькі ў 2027 годзе. Пенсійны ўзрост сярод мужчын і жанчын тут з'яўляецца аднолькавым, піша «Гомельская весна».
Беларускія ўлады пенсійны ўзрост у 2017 годзе павысілі на тры гады і гэта заўважылі адразу ўсе - рэформа па часе расцягнутая ўсяго на 5 гадоў і скончыцца ўжо ў 2022 годзе, калі мужчыны будуць сыходзіць на пенсію ў 63 гады, а жанчыны ў 58 гадоў.
Пастанова аб павышэнні пенсійнага ўзросту ў ЗША на той час уваходзіла ў дзеянне для тых, хто нарадзіўся пасля 1937 года. Якія нарадзіліся ў 37-м сышлі на адпачынак у 65 гадоў. Той, хто нарадзіўся з 1937 да 1955-га сышлі на пенсію ў 66 гадоў, пры сярэдняй працягласці жыцця ў ЗША 79 гадоў. Асобы, якія нарадзіліся тут з 1955-га да 1960-ы - у 66 гадоў і 2 месяцы і гэтак далей.
Рэформа, распачатая ў ЗША ў 1983-м, завершыцца толькі ў 2027-м і складзе 44 гады. Іншымі словамі, урад ЗША ў 1983-м аб'явіў аб павышэнні пенсіённага ўзросту на 2 гады тым, каму тады было 23 гады. 67 гадоў ім споўніцца праз 44 гады, гэта значыць у 2027-м. Тады, у 23 гады пакутаваць, што яны выйдуць на пенсію не праз 42, а праз 44 гады, нікому з тых маладых людзей і ў галаву не прыходзіла. І не магло прыйсці. Таму цяпер пра пенсійную рэформу ў ЗША ніхто і не ўспамінае, яна прайшла і праходзіць незаўважна.
Пастанова беларускіх уладаў аб павышэнні пенсійнага ўзросту закранула тых, хто нарадзіўся пасля 1957 года для мужчын і 1962 года для жанчын, і будзе павышацца на паўгода кожны год аж да 2022 года. У адрозненне ад амерыканцаў, беларускія пенсіянеры пры сярэдняй працягласці жыцця 73 гады будуць сыходзіць на пенсію не праз два месяцы ў пяцігодку як у ЗША, а на паўгода штогод.
67 гадоў у ЗША - гэта поўны ўзрост выхаду на пенсію. А на самай справе, тут у адрозненне ад Беларусі, на пенсію можна выйсці і раней. У ЗША існуе два віды пенсіі: ёсць дзяржаўная пенсія, дакладна такая ж як і ў нас, прызначаецца дзяржавай і з'яўляецца як бы падарункам ад урада, сума яе залежыць у асноўным ад сярэдняга заробку супрацоўніка. На гэтую пенсію можна выходзіць і раней, дасягнуў мінімальнага ўзросту ў 62 гады. Выплачвацца яна будзе сумаю 75-80% ад поўнай выплаты. А можна яшчэ раней, калі ў чалавека нейкія праблемы са здароўем ці іншыя надзвычайныя абставіны. Пенсія будзе вядома меншая, але ўсё ж такі жыць можна.
Беларускае пенсійнае заканадаўства паводле агульных правілаў не прадугледжвае права выхаду на датэрміновую пенсію. Атрымаць пенсію раней устаноўленага ўзроставага парога на 5 і 10 гадоў у нас могуць толькі тыя, хто працаваў пэўную колькасць гадоў у шкодных умовах працы (па так званых спісах пасад і прафесій №1 і №2). Варта адзначыць, у выпадку страты здароўя з надыходам інваліднасці дзяржава ў нас выплачвае пажыццёва незалежна ад узросту сацыяльную пенсію, сума якой будзе залежаць ад ступені страты працаздольнасці.
Нагадаю, у 2017 годзе ў Беларусі быў прыняты Закон, па якім права на пенсію па ўзросту на агульных падставах маюць мужчыны пры стажы працы не менш за 25 гадоў, жанчыны пры стажы працы не менш за 20 гадоў пасля дасягнення агульнаўстаноўленага пенсійнага ўзросту:
у 2016 годзе: мужчыны - 60 гадоў, жанчыны - 55 гадоў;
у 2017 годзе: мужчыны - 60 гадоў 6 месяцаў, жанчыны - 55 гадоў 6 месяцаў;
у 2018 годзе: мужчыны - 61 год, жанчыны - 56 гадоў;
у 2019 годзе: мужчыны - 61 год 6 месяцаў, жанчыны - 56 гадоў 6 месяцаў;
у 2020 годзе: мужчыны - 62 гады, жанчыны - 57 гадоў;
у 2021 годзе: мужчыны - 62 гады 6 месяцаў, жанчыны - 57 гадоў 6 месяцаў;
у 2022 годзе і наступныя гады: мужчыны - 63 гадоў, жанчыны - 58 гадоў.
Беларускія ўлады не выключаюць, што павышэнне пенсіённага ўзросту можа працягнуцца і пасля 2022 года.