Якімі будуць наступствы падатковага манеўру ў РФ для беларускай эканомікі
2- 5.09.2018, 21:37
- 10,697
Дэфіцыт рахунку бягучых аперацый Беларусі вырасце на траціну.
Дэфіцыт рахунку бягучых аперацый плацежнага балансу Беларусі у 2019 годзе можа вырасці да $2 млрд з чаканых $1,5 млрд у 2018 годзе ў сувязі са скарачэннем нафтавых даходаў Менска праз падатковы манеўр у Расеі, мяркуюць аналітыкі Sberbank CIB, паведамляе «Интерфакс».
«Дэфіцыт рахунку бягучых аперацый (у Беларусі) павялічыцца. Зніжэнне экспартных мыт нафты ў Расеі прывядзе да скарачэння даходаў ад рээкспарту расейскай нафты (якія ўлічваюцца ў рахунку бягучых аперацый). Падаражанне імпарту нафты на фоне глабальнага зніжэння нафтавых коштаў будзе садзейнічаць павелічэнню дэфіцыту рахунку бягучых аперацый Беларусі. Мы чакаем, што пры кошце брэнт $65/барр. ён павялічыцца з $1,5 млрд у 2018 годзе да $2 млрд у 2019 годзе», - сказана ў чарговым аналітычным аглядзе кампаніі, у якім ацэньваюцца маштабы негатыўных наступстваў падатковага манеўру для беларускай эканомікі.
Паводле разлікаў экспертаў Sberbank CIB, пры кошце нафты Brent на ўзроўні $73/бар. страты Беларусі складуць блізу $0,6 млрд у 2019 годзе. У тым ліку ў сувязі з падаражэннем паставак нафты (праз паэтапную адмену экспартных мыт нафты ў РФ) дадатковыя выдаткі Беларусі складуць $300 млн. Яшчэ $300 млн Менск страціць праз зніжэнне экспартных мыт на нафтапрадукты. Паводле ацэнак экспэртаў, ва ўмовах прагназаванага кошту нафту на ўзроўні $73/бар. гэты артыкул даходаў беларускага бюджэту можа скараціцца з $2 млрд у 2018 годзе да $1,7 млрд у 2019 годзе. Як следства, прафіцыт бюджэту Беларусі знізіцца да 1% ВУП (супраць 4,8% ВУП у першым паўгоддзі 2018 года - ІФ).
У выпадку зніжэння кошту нафту да $65/бар., страты Беларусі складуць $0,5 млрд, а прафіцыт бюджэту паменшыцца да 0,7% ВУП, уважаюць аналітыкі.
Як паведамлялася, Мінфін Беларусі ацэньвае зніжэнне даходаў бюджэту налета на ўзроўні Br600 млн ($300 млн паводле існага курса) праз пачатак рэалізацыі ў Расеі падатковага манеўру ў нафтавай сферы. У сувязі з гэтым даходы бюджэту знізяцца на 1,7%, што прывядзе да неабходнасці скарачэння расходнай часткі для захавання прафіцытнага бюджэту.
Паводле звестак Нацбанка Беларусі, у студзені-траўні 2018 года дэфіцыт рахунку існых аперацый плацежнага балансу склаў $1,23 млрд (5,3% ВУП), што на 94,5% больш у параўнанні са студзенем-траўнем 2017 года ($630,4 млн, 3,1% ВУП).