26 красавiка 2024, Пятніца, 20:20
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Назад у Расею не пайшлі б»

1
«Назад у Расею не пайшлі б»
Фота: «Радыё Свабода»

Як жыве вёска, якую Хрушчоў перадаў з Расеі ў Беларусь.

Асьлянку і яшчэ шэсьць вёсак пры канцы 1964-га Хрушчоў адным з апошніх сваіх рашэньняў перадаў з Расеі ў Беларусь. Канчатковы ўказ Прэзыдыюму Вярхоўнага Савету СССР падпісаў старшыня прэзыдыюму Анастас Мікаян 17 лістапада 1964 году. Хрушчова тады пры ўладзе ўжо не было, паведамляе «Радыё Свабода».

У Асьлянку журналісты прыехалі пад каталіцкія Каляды па зьледзянелай, але расчышчанай дарозе. Бачым закінутыя дамы, вялізны і такі ж закінуты будынак з надпісам «Дорожи честью школы», з рэдкіх двароў брэшуць сабакі, а па адной з вуліц чухае дапатопны трактар з малочнымі бітонамі.

«Пісалі, езьдзілі ў Маскву, — з ходу згадвае гаспадар трактара Васіль Браніслававіч падзеі пяцідзесяцігадовай даўніны. — Бо да чыгункі было далёка нам дабірацца. І тады перавялі нас у Беларусь».

«У мяне і ў пасьведчаньні напісана — РСФСР, — кажа ён. — Я рускі, бацька ў мяне рускі, маці руская».

На просьбу паглядзець дакумэнт вядзе ў дом, але пытаецца: «А вы не тэрарысты?» Сваю пільнасьць Васіль Браніслававіч праявіць яшчэ ня раз — усё ж ён тут стараста і дэпутат.

Пытаньне, ці не католік ён, яго шчыра абурае: «Які католік! Я праваслаўны! Дзед у адным акопе ў вайну сядзеў зь нейкім Браніславам, то і бацьку так назваў — імя спадабалася».

Сама Асьлянка — вёска старая, калі не сказаць старажытная. Ужо ў 1654 годзе яна належала Мсьціслаўскаму кармэліцкаму кляштару. У 1667-м пабудавалі тут вадзяны млын, а ў 1737-м — драўляную царкву. Помнік народнага дойлідзтва, як пішуць даведнікі. Тут працавала сукнавальня, была народная вучэльня, а за савецкім часам — калгас, школа, дзіцячы дом.

Цяпер тут няма нават крамы. Замест яе тры разы на тыдзень прыяжджае «лятучка». Пра колішні росквіт нагадвае сам ляндшафт — вёска раскінулася сярод палёў некалькімі шырокімі доўгімі вуліцамі. Але жывуць тут — у адным доме на дзесяць.

«13 жылых дамоў бяз дачнікаў, — кажа Браніслававіч. — Разам чалавек 20–25. З дачнікамі хіба дамоў 17 будзе».

Васіль Браніслававіч лічыць сябе рускім, сумуе па Савецкім Саюзе і ва ўсіх бедах вінаваціць капіталізм.

«Мне ўсё адно — што Беларусь, што Расея. Але трошку палітыка не такая, як нада, — кажа ён. — Калі б трошку наш урад за народ, за радзіму перажывалі больш, чым за алігархаў, то было б добра паўсюль. А ў нас спрадвек было, хоць Брэжнеў, хоць Хрушчоў — усе былі пачом зра».

Вяртацца ў Расею Браніслававіч катэгарычна ня хоча. У дэталях згадаць, як Асьлянка з расейскай стала беларускай, Браніслававіч ня можа — занадта малады, нарадзіўся ў 1959-м. Таму вядзе нас да суседа — Дзьмітрыя Ягоравіча.

Дзьмітрыю Аўчыньнікаву ўжо 89-ты год. «Было так, — кажа найстарэйшы жыхар Асьлянкі. — Аб’ядноўвалі Мсьціславіцкі раён з Манастыршчынскім, зрабілі Манастыршчынскі раён. А нам, каб праехаць у Манастыршчыну, трэба было ехаць сто зь лішнім кілямэтраў. А напрасткі — трыццаць... Дарогі тады кепскія былі. Вырашылі ў Мсьціслаў. Навошта нам сто кілямэтраў ехаць, калі можна дзесяць?»

«Тады лёгка гэта было зрабіць, — згадвае ён гістарычныя зьмены мяжы. — Напісалі ў Маскву, і дазволілі».

Кажа, што жыць у Беларусі адразу стала лепш — маўляў, па тагачасных расейскіх законах яму давалі толькі 5 сотак зямлі, а па беларускіх — 25. Сам ён пачаў тут працаваць у школе ў 1952 годзе — выкладаў і музыку, і фізкультуру. Дапрацаваў аж да 1997-га, пакуль школу не закрылі. Але яшчэ шэсьць гадоў езьдзіў выкладаць у іншую вёску.

І дом, які настаўнік пабудаваў сам, і ўчастак зь вялізнай пасекай дагэтуль выглядаюць дагледжанымі. Але вёскі ўжо, лічы, няма.

«Развучыліся людзі працаваць на зямлі», - кажа ён.

Дачка ў яго таксама настаўніца, жыве ў Смаленску. Таму і пашпарт у Дзьмітрыя Ягоравіча расейскі. Выяжджаць у Расею Дзьмітры Ягоравіч ня хоча. Кажа, што калі б там было лепш, то ўжо зьехаў бы даўно.

«Нават радыя і задаволеныя»

Добрыя кілямэтры тры Дзьмітры Ягоравіч вядзе нас да іншага вясковага старажыла. Распавядае, як у вайну зноў адкрылася старая драўляная царква. «Сьвятар быў, вянчаньні былі, а мы, малыя, бегалі глядзець».

Баёў тут не было, але калі немцы адступалі, то палілі ўсе вёскі. «А тады ж усе дахі былі саламяныя», — кажа Дзьмітры Ягоравіч. — Усё згарэла».

Адзін за адным ён паказвае на апусьцелыя дамы і згадвае, хто ў іх жыў. «Я ніколі ня думаў, што заглухне і гэтая вёска».

Калі мы даходзім да скрыжаваньня, тут ужо чакаюць два аўтамабілі — мясцовая чыноўніца па ідэалёгіі і старшыня калгасу, выкліканыя пільным Браніслававічам, жадаюць праверыць у нас дакумэнты.

У начальства да нас пытаньняў няма. Гэта супакойвае Ягоравіча, і мы праз поле ідзем далей. У хаце Васіля Захаравіча дадаюцца апошнія дэталі гісторыі:

«Сталі пісаць у газэту, перад Расеяй дабівацца, — кажа Захаравіч. — Паслалі „хадакоў“ — былі такія два: Ермакоў і Маісеенкаў Міхаіл Раманавіч. Яны з пакетамі дакумэнтаў паехалі ў Маскву. І ў Маскве рашэньне такое далі, што ў эканамічна нявыгадным месцы калгас і можна адпусьціць у Беларусь».

— Не шкадуеце, што перайшлі?

— Нават радыя і задаволеныя, — кажа Васіль Захаравіч.

Ён таксама наракае, што «пасьля Гарбачова» жыць стала горш і людзі зь вёсак разьехаліся, засталіся адны пэнсіянэры. Ягоныя дзеці даўно жывуць у Менску — у госьці адзін да аднаго езьдзяць часта, а сёлета сыгралі ўнучцы вясельле.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках