26 красавiка 2024, Пятніца, 7:50
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Топ-5 «залатых» закупаў: на што дзяржава выдаткоўвае мільёны даляраў?

17
Топ-5 «залатых» закупаў: на што дзяржава выдаткоўвае мільёны даляраў?

Журналісты паглядзелі сайт дзяржзакупаў.

Belsat.eu прыгледзеўся да сайта дзяржзакупаў і даведаўся, на што беларускія ўлады гатовыя сёння марнаваць з бюджэту велізарныя сумы, якія часам перавышаюць мільён даляраў.

1. Нанатэхналогіі за 5 979 121 BYN (2 784 353$)

ААТ «КБТЭМ-Ома» з Менска займаецца навукова-тэхнічнымі распрацоўкамі і вытворчасцю спецыяльнага оптыка-механічнага і кантрольна-вымяральнага абсталявання. У снежні 2018-га прадпрыемства набыло ўстаноўку для электронна-прамянёвай літаграфіі за тры мільёны, выдадзеныя дзяржавай.

У тэндэры на пастаўку і ўсталяванне дарагога абсталявання японскай вытворчасці перамагла кампанія з Сінгапура пад назвай SUARA SEPI SDN. BHD. Устаноўка для электронна-прамянёвай літаграфіі - гэта прыбор, які выкарыстоўваецца ў нанаінжынерыі і мікраэлектроніцы. Кажучы простымі словамі, ён уяўляе з сябе набор высокадакладных мікраскопаў для стварэння аптычных структур для элементаў абароны ад падробак (напрыклад, вадзяных знакаў і галаграмы).

2. Меліярацыя для Віцебскай вобласці 3400000 BYN (1 583 324$)

Дзяржаўнае аб'яднанне «Белводгас» праводзіць аўкцыён на «тэхнічны агляд на меліярацыйных і водагаспадарчых сістэмах у раёнах Віцебскай вобласці». У дакументах, размешчаных на сайце, пазначана, што, сярод іншага, у комплекс мерапрыемстваў уваходзіць меліярацыя водных угоддзяў.

Яе збіраюцца праводзіць на адным аб'екце ў кожным з 21 раёнаў вобласці. Дамова (цяпер знаходзіцца на этапе падпісання) разлічаная на наданне гэтых паслуг да канца снежня гэтага года.

3. Дранка паліўная для Полацкай ЖКГ за 2 280 000 BYN (1 303 914$)

КУП «Жыллёва-камунальная гаспадарка Полацка» ўклала дамову на пастаўку драўлянай дранкі, якая будзе выкарыстоўвацца як паліва для кацельняў. Са шматлікіх аб'яў вытворцаў дранкі вынікае, што яе прыкладны рынкавы кошт вар'юецца ў дыяпазоне 15-30 рублёў за кубічны метр. Аднак дакументы аўкцыёну, размешчаныя Полацкай ЖКГ, сведчаць: там набылі дранку па 38 рублёў/м3.

Паводле перапісу насельніцтва 2016 года, насельніцтва Полацкага раёна складае 108 389 чалавек.

4. Святлодыёдныя экраны для Палаца Рэспублікі - 2 380 000 BYN (1 108 316$)

Палац Рэспублікі з 13 лютага 2019 года правядзе тэндэр на пастаўку святлодыёднага экрана плошчай 400 квадратных метраў. Экран сапраўды вялікі - такі можна выкарыстоўваць для грандыёзных шоў. Таксама вядома, што Палац рэспублікі здае некаторае абсталяванне ў арэнду. На гэты момант закупы знаходзяцца ў статусе падачы прапаноў ад патэнцыйных зацікаўленых пастаўшчыкоў. Рынкавы кошт такога экрана адрозніваецца ў залежнасці ад кампаніі-дыстрыбутара тавару.

Журналісты высветлілі, што ТАА «Івентэкспагруп» прапануе арэнду вялікага святлодыёднага экрана 250 рублёў/кв. м., гэта значыць, што за 400 кв. м гіпатэтычна Палац Рэспублікі мог бы заплаціць не больш за 100 тысяч рублёў.

5. Рыба для войска – 1 556 476,76 BYN (724 825$)

Гандлёва-вытворчая ўправа пры Міністэрстве абароны набывае звыш 177 тон свежамарожанага мінтая, больш за 106 тон скумбрыі і блізу 72 тон аргенціны. Улічваючы, што колькасць беларускага войска - 65 тысяч жаўнераў, атрымліваецца амаль па тры кілаграмы мінтая, прыкладна паўтара і аднаму кілаграму аргенціны адпаведна на аднаго чалавека. Характэрна, што перыяд пастаўкі, паводле дакументаў – з 1 студзеня да 31 снежня 2019 года. Пры гэтым норма ўжывання рыбы для дарослага чалавека, рэкамендаваная беларускім Міністэрствам аховы здароўя, складае ад 16 да 24 кілаграмаў на год.

Цяпер аўкцыён знаходзіцца на стадыі разгляду прапаноў ад пастаўшчыкоў.

Напісаць каментар 17

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках