26 красавiка 2024, Пятніца, 8:18
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

S&P прадказала Расеі стагнацыю, падзенне рубля і адток інвестыцый

S&P прадказала Расеі стагнацыю, падзенне рубля і адток інвестыцый

Рэйтынгавае агенцтва зазірнула ў 2022 год і не ўбачыла там ні 3% штогадовага росту, ні тэхналагічнага «прарыву».

Эканоміка Расеі застаецца «структурна слабай», залежнай ад экспарту нафты і газу, пакутуе ад неэфектыўнага дзяржкіравання і геапалітычных рызык, а сцэнар «прарыву», агучаны прэзідэнтам і ўрадам, мае толькі «абмежаваныя» шанцы на рэалізацыю.

Такую ацэнку дае міжнароднае рэйтынгавае агенцтва S&P у рамках чарговага перагляду суверэннага рэйтынгу РФ, піша finanz.ru.

Пакінуўшы сам рэйтынг нязменным - на ўзроўні ВВВ - або ніжэйшай ступені інвестыцыйнай катэгорыі, - S&P папярэджвае, што можа распачаць «негатыўнае рэйтынгавае дзеянне» ў найбліжэйшыя 24 месяцы, калі новыя санкцыі ЗША будуць рэалізаваныя ў жорсткім фармаце.

Сярэднія санкцыі - гэта забарона на куплю новых пазыковых абавязацельстваў урада РФ. У гэтым выпадку рэйтынгі, якія адлюстроўваюць платаздольнасць Расеі як пазычальніка ў замежнай валюце, застануцца без зменаў.

Жорсткі сцэнар - гэта санкцыі супраць другаснага рынку дзяржпазыкі, раўназначныя забароне не толькі набываць новыя выпускі, але і трымаць ранейшыя, а таксама санкцыі супраць дзяржбанкаў, якія блакуюць доступ да даляравых аперацый.

Яны, як адзначае S&P, «істотна негатыўна паўплываюць не толькі на фінансавую стабільнасць, але і на аб'ёмы гандлю энэрганосьбітамі з Еўропай», пры тым што на вуглевадароды па-ранейшаму прыпадае больш за 50% расейскага экспарту і амаль трэць даходаў бюджэту.

Тэмпы росту ВУП на душу насельніцтва ў Расеі не адпавядаюць інвестыцыйнаму рэйтынгу. Яны ніжэйшыя, чым у 30 краін, якія маюць супастаўную ацэнку крэдытаздольнасці, і застануцца імі на ўсім гарызонце прагнозу - да 2022 года, мяркуе S&P.

Рост намінальнага ВУП у 2019 годзе замарудзіцца да 1,5%, а ў 2020-22 гадах складзе толькі 1,8% замест 3% і больш, абяцаных МЭР.

Прадоўжыцца адток замежных інвестараў з рэальнага сектара: у 2019-21 гадах яны будуць штогод забіраць суму, эквівалентную 0,8% расейскага ВУП.

Аслабее і рубель: на канец 2019 года курс даляра падымецца да 69 рублёў, у 2020-м - да 71 рубля, і ў 2021-22 - да 73 рублёў.

«Рост будзе абмежаваны праз такія структурныя недахопы, як дамінуючая і ўсё большая роля дзяржавы ў эканоміцы, а таксама адносна нізкі ўзровень канкурэнцыі і інавацый», - гаворыцца ў рэлізе.

Планы дагнаць Нямеччыну, перамагчы беднасць і за 6 гадоў увайсці ў топ-5 эканомік свету з дапамогай інфраструктурных будоўляў і нацыянальных праектаў за 24 трыльёны рублёў - рызыкуюць застацца на паперы, як і травеньскі ўказ 2012 года, выніковасць якога, як дыпламатычна канстатуе S&P, выявілася «абмежаванай».

Акрамя таго, што існуе тыповая для Расеі «рызыка канфлікту інтарэсаў» і няпоўнага выканання, абвешчаныя захады не нацэленыя на інстытуцыйныя праблемы. Гэта незалежнасць судовай сістэмы, выбарчае выкарыстанне закона і слабая сістэма дзяржкіравання, пералічвае агенцтва.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках