Як Лукашэнка «пернікі» чыноўнікаў вызначаў
21- 22.01.2019, 15:46
- 34,178
«Пернікі» чыноўнікаў можна лёгка знайсці, напрыклад, у выглядзе элітнай нерухомасці ў Драздах.
На нарадзе 22 студзеня Лукашэнка чарговым разам загаварыў аб якасцях, якімі павінен валодаць беларускі чыноўнік.
- Задача зрабіць дзяржаўную службу падобнай, скажам, на воінскую службу, выпрацаваць дакладныя i вычарпальныя патрабаванні да яе праходжання, падвысіўшы імідж дзяржаўнага кіравання агулам, - такую параду Аляксандр Лукашэнка даў сваёй вертыкалі падчас абмеркавання новага закона аб дзяржаўнай службе.
І тут жа дадаў, што чыноўнік павінен быць сціплым - і не гнацца за матэрыяльнымі выгодамі.
- Я папярэджваў усіх вас, што гэтыя пернікі, якія ў нас прынята раздаваць у кожным законе ў выглядзе нейкіх сацыяльных гарантый, не павінны быць вышэй таго, што яны ёсць. Матэрыяльнае становішча дзяржслужбоўцаў павінна расці або падаць у адпаведнасці з ростам або падзеннем жыццёвага ўзроўню нашага насельніцтва, - заявіў ён.
«Салiдарнасць» узгадала, якім яшчэ павінен быць чыноўнік адпаведна з запаветамі дыктатара. І якія «пернікі» яму за гэта належаць.
Жыць як паводле воінскага статута
- Калі гэта будзе, як у вайскоўцаў, адпаведны статут - добра, хай будзе статут. Але людзі павінны бачыць, што прэзідэнт выстаўляе вельмі жорсткія патрабаванні да дзяржаўных чыноўнікаў. А за гэта ім належыць гэта, гэта і гэта.
За парушэнне сыходзіш з пасады - ідзеш у турму, - казаў Лукашэнка на нарадзе летам 2018 года.
Сярод «пернікаў», якія належалі чыноўніку, Лукашэнка называў «забяспечыць жыллём, медыцынай, а дзяцей уладкаваць у школу або дзіцячы садок».
Разбірацца ў сельскай гаспадарцы
- Абараніце расліны і падрыхтуйцеся да жніва. Жалезна. Трэба сіласу столькі, значыць, столькі і не болей. За гэта будуць несці адказнасць ад адмыслоўцаў да прэм'ер-міністра.
Мы ўсе ведаем, як рабіць, але праз расхлябанасць мы губляем велізарныя грошы, - даваў загад у 2016 годзе тагачаснаму прэм'еру Мясніковічу дыктатар і загадваў «усё комплексы трэба напоўніць свіннямі».
Умець размаўляць з журналістамі
- Я не ведаю, як гэта вы будзеце рабіць, але калі я пачую або ў інтэрнэце прачытаю, што чыноўнік не размаўляе з журналістам і не падае тую інфармацыю, якую павінен...уносіць неадкладна прапановы аб яго замене, - абураўся Лукашэнка на круглым стале з кіраўнікамі дзяржаўных СМІ.
- Калі ты прыйшоў міністрам, намеснікам, кіраўніком прадпрыемства, калі ласка, размаўляй з журналістамі, як бы ні было цяжка і складана, - вучыў нядбайных чыноўнікаў Аляксандр Лукашэнка.
...і рамантаваць дах
Яшчэ не паспела забыцца гісторыя, калі беларускі дыктатар падчас нарады ў Воршы звольніў увесь склад урада. Заадно дасталася і міністру будаўніцтва - за дзіравы дах на мясцовым прадпрыемстве.
- Ён сядзеў і не мог адрамантаваць дах - выканаць даручэнне прэзідэнта. Хто меў права скасаваць мае пастановы, пастаўленыя публічна перад народам. Жалезабетонна трэба было развязаць і кропка, - ладзіў разнос Лукашэнка.
***
Нягледзячы на тое, што ўсе патрабаванні і пагрозы дыктатара да чыноўнікаў ужо даўно вядомыя, а іх «пернікі» можна лёгка знайсці, напрыклад, у выглядзе элітнай нерухомасці ў Драздах - лепш ад гэтага дзяржаўная машына працаваць не стала.
І нешта падказвае, што новы закон аб дзяржаўнай службе наўрад ці дапаможа зрабіць беларускага чыноўніка ідэальным - хоць бы паводле версіі Аляксандра Лукашэнкі.