СБУ апублікавала звесткі сотняў наймітаў з «ПВК Вагнера»
- 28.01.2019, 21:58
- 15,436
Нумары ў некалькіх соцень выяўленых дакументаў, як у Пятрова і Башырава, адрозніваюцца толькі апошнімі двума лічбамі.
Служба бяспекі Украіны апублікавала звесткі ўнутраных і замежных сотняў пашпартоў расейскіх грамадзян. На сцвярджэнне ведамства, усе гэтыя асобы - супрацоўнікі прыватнай вайсковай кампаніі «Вагнера» і наведвалі краіны афрыканскага рэгіёну, паведамляе svoboda.org.
Кіраўнік ведамства Васіль Грыцак заявіў, што нумары замежных пашпартоў указваюць на іх сувязь з Галоўным кіраваннем Генштаба Узброеных сіл Расеі, бо пераважная большасць дакументаў была аформленая ў УФМС 770001 па горадзе Маскве. У гэтым жа кіраванні былі аформленыя ўнутраныя пашпарты абвінавачаных у атручванні Скрыпалей Аляксандра Пятровa і Руслана Башырава, якіх СМІ ўважаюць кадравымі афіцэрамі ГРУ Расеі.
Нумары ў некалькіх соцень выяўленых СБУ дакументаў, як у Пятрова і Бошырава, адрозніваюцца толькі апошнімі двума лічбамі.
Украінская служба бяспекі апублікавала таксама спіс з 149 чалавек, якія, паводле яе звестак, у пачатку 2019 года бралі ўдзел у падаўленні антыўрадавых пратэстаў у Судане. Першай пра гэта паведаміла брытанская газета The Times, аднак прадстаўніца расейскага МЗС Марыя Захарава зняпраўдзіла гэта. З яе слоў, расейскія прыватныя інструктары займаюцца там толькі падрыхтоўкай мясцовых сілавікоў.
Раней СБУ паведамляла, што наймітаў «ПВК Вагнера» дастаўлялі ў Судан на самалётах Міністэрства абароны Расеі. Так, паводле дамовы ведамства ад 30 лiпеня 2018 года з фірмай «М Інвест», якую СМІ звязваюць з меркаваным спонсарам «ПВК Вагнера» Яўгенам Прыгожыным, 223 лётны атрад Мінабароны здзейсніў восем рэйсаў з Масквы ў сталіцу Судана Хартум.
Паводле звестак СМІ, найміты «ПВК Вагнера» працуюць у 10 афрыканскіх краінах – між іншым, у Судане, Цэнтральнаафрыканскай рэспубліцы, Лівіі, Зімбабвэ і Анголе. У абмен на права здабычы карысных выкапняў яны ахоўваюць высокапастаўленых чыноўнікаў, рыхтуюць вайскоўцаў, а таксама дапамагаюць з арганізацыяй перадвыбарчых кампаній.
25 студзеня агенцтва Reuters паведаміла, што каля чатырохсот байцоў «ПВК Вагнера» былі адпраўлены ў Венесуэлу для аховы прэзідэнта Нікаласа Мадура і падаўлення пратэстаў апазіцыі, што не прызнае яго легітымнасць. Расейскі амбасадар у сталіцы Внесуэлы Каракасе назваў гэтае паведамленне «чарговым фэйкам». Пазней з аспрэчаннем выступіў і прэс-сакратар Уладзіміра Пуціна Дзмітрый Пяскоў.
30 ліпеня 2018 года ў Цэнтральнаафрыканскай рэспубліцы былі забітыя тры расейскіх журналісты - Архан Джэмаль, Аляксандр Растаргуеў і Кірыл Радчанка - якія прыехалі ў гэтую краіну, каб зняць дакументальны фільм пра дзейнасць «ПВК Вагнера». Расследаванне забойства, праведзенае цэнтрам «Дасье» Міхаіла Хадаркоўскага, прыйшло да высновы, што яно было спланаваным, і што да яго, з высокай доляй верагоднасці, датычныя расейскія найміты. Следчы камітэт Расеі зняпраўджвае гэтую інфармацыю і настойвае на версіі банальнага рабавання.
СМІ называюць спонсарам «ПВК Вагнера» »кухара Пуціна», піцерскага бізнэсоўца Яўгена Прыгожына. Структуры прадпрымальніка ў апошнія гады атрымлівалі буйныя кантракты ад Міністэрства абароны Расеі. Акрамя фінансавання наймітаў Прыгожына звязваюць таксама з «фабрыкай троляў» - «Агенцтвам інтэрнэт-даследаванняў». У Злучаных Штатах гэтую арганізацыю абвінавачваюць ва ўмяшанні ў прэзідэнцкія выбары. Сам Прыгожын з 2016 года знаходзіцца пад санкцыямі ЗША.
У снежні мінулага года прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін фактычна прызнаў дзейнасць расейскіх наймітаў за мяжой. З яго слоў, калі «група Вагнера» не парушае расейскае заканадаўства, яна «мае права працаваць і прасоўваць свае інтарэсы ў любым пункце планеты». Пры гэтым у Расеі прадугледжаная крымінальная адказнасць за наёмніцтва.