26 красавiка 2024, Пятніца, 13:45
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Маргелаў: Памяшканне для бізнэсу каштуе, як лецішча на Чорным моры

6
Маргелаў: Памяшканне для бізнэсу каштуе, як лецішча на Чорным моры
ВІКТАР МАРГЕЛАЎ
ФОТА: TUT.BY

Дзяржава дзейнічае паводле прынцыпу «кожны сам за сябе».

У сталіцы ёсць маёмасць, аднак бізнэс не спяшаецца яе арандаваць і размяшчаць там свае вытворчасці. Адпужваюць прадпрымальнікаў высокія арэндныя стаўкі і паўаварыйны стан будынкаў, піша «Заўтра тваёй краіны».

Сустаршыня Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва Віктар Маргелаў, разважаючы пра ролю бізнэсу ў развіцці гарадоў на форуме Трыалог: «Грамадства-ўлада-бізнэс, будучыня горада», спыніўся на праблеме некарыстаных альбо неэфектыўна карыстаных вытворчых плошчаў у беларускай сталіцы.

– З аднаго боку, ёсць некарыстаная сталічная маёмасць, з другога боку, нібыта ёсць і прадпрымальнікі, якія маглі б заняць гэтыя плошчы. У шэрагу з іх ёсць бізнэс-планы, што і як рэалізоўваць на гэтых плошчах, шмат у каго ёсць рэсурсы на гэта, – апавёў Маргелаў. – Пры гэтым ёсць велізарная праблема неплацяжоў у краіне ў цэлым. Гарантый, калі ты вядзеш бізнэс або займаешся вытворчасцю, што табе заплацяць адразу, ніякіх, добра, калі заплацяць праз час.

У той самы час вытворчыя памяшканні, якія ёсць у горадзе, прадаваць бізнэсу не хочуць, а аддаюць перавагу таму, каб здаваць у арэнду, а арэндная плата часцяком вельмі высокая і для бізнэсу, пазначыў праблему лідар прадпрымальнікаў.

– Бывалі выпадкі, я сам асабіста іх ведаю, калі бізнэс, які развіваўся на арандаваных плошчах, увогуле жорстка падманвалі, прымушаючы яго з'язджаць, таму што знаходзіўся арандатар, які мог плаціць на рубель больш. І людзі з'язджалі, трацілі дзясяткі, нават сотні тысячаў даляраў на пераезд сваіх вытворчасцяў, – заўважыў Віктар Маргелаў.

– Таму пісьменныя прадпрымальнікі сёння кажуць, што развіваць вытворчасць будуць толькі на сваіх плошчах. Аднак і тут ёсць загваздка. Чамусьці ўлады горада мяркуюць, што пабудаванае ў савецкі час памяшканне каштуе прыкладна як лецішча на Чорным моры, – прадоўжыў ён.

Часцяком агульны стан памяшканняў нашых буйных заводаў паўаварыйны, гэта значыць, арандаваўшы такое памяшканне, спачатку давядзецца там зрабіць капітальны рамонт. Зразумела, што сур'ёзна ўкладвацца ў чужое прадпрымальнік баіцца.

– У нас кожны сам за сябе. Дзяржава сабе, а прадпрымальнікі спрабуюць самі неяк выжываць, і вынік усяго гэтага мы бачым, – падсумаваў Маргелаў.

Чаму не атрымаўся праект «сто кавярняў каля дома»?

Сустаршыня Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва ў рамках тэмы ўдзелу бізнэсу ў развіцці Менска закрануў яшчэ адну праблему, якая тычыцца ініцыятывы адкрыцця невялікіх кавярняў у спальных раёнах.

Ён адзначыў, што гарадскія ўлады некалькі гадоў таму самі пыталіся ў бізнэс-супольнасці, якія ініцыятывы яна хацела б рэалізаваць, якія паспрыялі б развіццю прадпрымальніцтва. У сваю чаргу бізнэс ініцыяваў праграму «Сто кавярняў каля дома». Сутнасць яе ў тым, каб не толькі ў цэнтры горада, але і ў спальных раёнах развівалася грамадскае харчаванне, і там з'явіліся невялікія кавярні.

– Быццам бы ўладам Менска ідэя спадабалася, былі нават знойдзеныя зямельныя надзелы, аднак пасля правядзення экспертызы большасць з іх прызналі непрыдатнымі для рэалізацыі гэтай ідэі, – апавёў Віктар Маргелаў.

Прысутная на форуме чыноўніца з Менгарвыканкама прызнала, што ў многіх агучаных праблемах згодная з сустаршынёй Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва, але ўсё ж запярэчыла яму, што з яе звестак, зямельныя надзелы былі прапанаваныя прадпрымальнікам, але, на жаль, мала хто з іх нешта там пабудаваў.

– Хто хацеў, той рэалізаваў. І з'явілася досыць шмат цікавых аб'ектаў каля дома пад назвай «кавярня» і яны выкарыстоўваюцца на прызначэнне, – заўважыла яна.

Тым не менш, з прызнання Віктара Маргелава, такіх аб'ектаў адзінкі.

– Мяркую, што была праведзеная тытанічная праца. А выніку нуль, – сказаў ён. – У асноўным, зямельныя надзелы ў Менску аддаюцца пад гандлёва-забаўляльныя цэнтры, вось гэта праўда. А вось пад вытворчае прадпрымальніцтва або пад названыя аб'екты грамадскага харчавання – амаль нічога.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках