26 красавiка 2024, Пятніца, 7:57
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Еўрапарламент заклікаў даць адпор фэйкам з Расеі

5
Еўрапарламент заклікаў даць адпор фэйкам з Расеі

Еўрадэпутаты заклікалі да супрацьстаяння гібрыдным пагрозам, кібератакам і дэзінфармацыі.

У рэзалюцыі, прынятай 10 кастрычніка, Еўрапарламент звярнуў увагу на "надзвычай небяспечную прыроду расейскай прапаганды" і заклікаў Еўракамісію распрацаваць "эфектыўную стратэгію аператыўнага і надзейнага процідзеяння расейскай дэзінфармацыі". Акрамя таго, еўрадэпутаты ўважаюць за неабходнае стварыць міжнародныя прававыя рамкі для надзейнага супрацьстаяння гібрыдным пагрозам, уключаючы кібератакі і дэзінфармацыю, паведамляе "Нямецкая хваля".

За рэзалюцыю прагаласавалі 469 еўрадэпутатаў, супраць былі 143, устрымаліся 47 парламентарыяў.

У прыцэле расейскай прапаганды не толькі ЕЗ

У Еўрапарламенце занепакоеныя спробамі паўплываць на ход і зыход выбараў не толькі ў краінах Еўразвязу, але і ў суседніх з ім. Балканскія краіны, а таксама ўдзельніцы праграмы "Усходняе партнёрства", напрыклад, Грузія і Украіна, адзначаецца ў рэзалюцыі, таксама становяцца аб'ектамі падрыву "нарматыўных асноў, прынцыпаў еўрапейскай дэмакратыі і суверэнітэту".

Такім краінам, мяркуе Еўрапарламент, ЕЗ павінен надаць дапамогу, прычым, канкрэтную. Сярод прапанаваных у рэзалюцыі захадаў - падтрымка незалежных сродкаў масавай інфармацыі ў балканскіх краінах і дзяржавах "Усходняга партнёрства".

Пасля выбараў у Еўрапарламент у траўні гэтага года Еўракамісія заявіла пра спробы паўплываць на іх з дапамогай фэйкаў, якія распаўсюджваюцца з Расеі, прывяла канкрэтныя прыклады, але ўдакладніла, што пакуль казаць пра спланаваную расейскую кампанію дэзінфармацыі нельга.

Хто вядзе агітацыю ў сацыяльных сетках?

Вось і еўракамісар у пытаннях бяспекі Джуліян Кінг падчас выступу на дэбатах у Еўрапарламенце 17 верасня, заявіў, што не мае доказаў "буйнамаштабных скаардынаваных дэзінфармацыйных нападаў". "Але гэта не азначае, на жаль, што гэтыя выбары (у Еўрапарламент. - Рэд.) былі свабоднай ад дэзінфармацыі зонай", - дадаў ён і прывёў прыклад з Нямеччыны, дзе на карысць толькі адной партыі прыпала 86 адсоткаў усёй палітычнай агітацыі ў Facebook.

Пры гэтым, паводле слоў еўракамісара, значную частку гэтай агітацыі генерыравалі прыблізна 80 тысяч падазроных акаўнтаў, імёны і прозвішчы ўладальнікаў якіх складаліся толькі з двух літар. "Шырокамаштабная аўтаматызаваная прапаганда і дэзінфармацыя, на жаль, - факт нашага сучаснага палітычнага жыцця", - падсумаваў Кінг. Партыю ён называць не стаў, але гаворка відавочна ішла пра правапапулісцкую "Альтэрнатыву для Германіі", якой відавочна сімпатызуе Крэмль.

Расея - не адзіная крыніца фэйкаў

У прынятай Еўрапарламентам рэзалюцыі Расею чарговым разам назвалі "асноўнай крыніцай" дэзінфармацыі ў Еўропе, але дадалі, што "падрыўное ўмяшанне" ў грамадска-палітычнае жыццё краін ЕЗ лядзяць не толькі расейскія дзяржаўныя і недзяржаўныя арганізацыі.

Падчас выступу ў дэбатах швэдскі дэпутат Томас Тобе, які прадстаўляе Еўрапейскую народную партыю, заявіў, што Расея з дапамогай дзяржаўных СМІ і фабрык троляў вядзе супраць Еўропы "інфармацыйную вайну нізкай інтэнсіўнасці". "Але мы ведаем, - дадаў ён, - што і іншыя таталітарныя дзяржавы, такія як Кітай, Іран і Паўночная Карэя робяць спробы аслабіць нашы дэмакратычныя інстытуты".

Прадстаўнік "Зялёных" Райнхард Бюцікофер з Нямеччыны (Reinhard Bütikofer) заклікаў сваіх калегаў пашырыць кругагляд. Паводле ягоных слоў, хоць спробы ўмяшання з Расеі ўжо даведзеныя, такое спрабуюць рабіць і прэзідэнт Турцыі Раджэп Таіп Эрдаган, і "таталітарнае кіраўніцтва Кітая".

На думку француза Паскаля Дзюрана з фракцыі "Аднавіць Еўропу", грошы, якія выдзяляюцца Еўразвязам на барацьбу з дэзінфармацыяй, мізэрныя ў параўнанні з сумамі, якія марнуюць іншыя краіны на падрыўную дзейнасць у ЕЗ. Паводле яго ацэнак адна толькі Расея выдзеліла прыкладна мільярд еўраў на прапагандысцкія кампаніі і падтрымку "правільных", з яе пункту гледжання, партый у ЕЗ, напрыклад, у Францыі і Італіі. Рабочая ж група ў стратэгічным камунікацыях (StratCom), створаная ў ЕЗ для процідзеяння прапагандзе, мае бюджэт усяго тры мільёны еўраў на год, дадаў ён.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках