26 красавiка 2024, Пятніца, 20:22
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

NZZ: Расея можа страціць астатнія «разумныя галовы»

3
NZZ: Расея можа страціць астатнія «разумныя галовы»

Крэмль баіцца канкурэнцыі.

Гэты законапраект выклікаў перапалох у расейскай інтэрнэт-сфэры. Прапануецца ў будучыні дазволіць замежнікам валодаць не больш чым 20% акцый значных расейскіх IT-прадпрыемстваў, піша Neue Zürcher Zeitung (пераклад - inosmi.ru).

Крэмль бярэ айчынны інтэрнэт-сэктар «на кароткі ланцужок» або гэты закон « толькі» выйшаў з-пад пяра кагосьці з дэпутатаў ад прапуцінскай партыі «Адзіная Расея», які не разбіраецца ў тэмах, звязаных з Інтэрнэтам? Менавіта на гэта спадзяецца галіна, бо тады шанцы на адхіленне гэтай ініцыятывы даволі добрыя. Бо дарадцы Пуціна не могуць не разумець, якую шкоду можа прычыніць гэты закон. Інвестары, у сваю чаргу, ужо робяць высновы: акцыі расейскага інтэрнэт-гіганта Яндэкс страцілі блізу 20% вартасці.

Хто б ні стаяў за гэтым абмежаваннем, гэты «нехта» не разумее, што калісьці зрабіла расейскія інтэрнэт-кампаніі моцнымі. Сапраўды, яны ж здалелі выстаяць у барацьбе з заходнімі канкурэнтамі! Яндэкс на роўных супрацьстаіць Google ў пошукавых запытах на расейскай мове, але ягоная філія Яндэкс.Таксі «паставіла на калені» Uber - прынамсі, у Расеі. Сацыяльная сетка Вконтакте нашмат перасягае ахопам Facebook, а моладзь уважае за лепшае гутарыць у Telegram, а не ў Whatsapp. Гэтыя паспяховыя кампаніі з'явіліся і выраслі ў 2000 гадах, калі Крэмль не звяртаў асаблівай увагі на інтэрнэт-галіну. Яна, у сваю чаргу, залучала міжнародных інвестараў і была адкрытая для эксперыментаў. У 2011 годзе Яндэкс стаў першай расейскай высокатэхналагічнай кампаніяй, якая выйшла на амэрыканскую біржу Nasdaq, і ён калісьці меў вялікія планы экспансіі за мяжой.

Гэтыя часы даўно мінулі. І хоць яшчэ не ўсе замежныя інвестары сышлі з Расеі, у мінулыя гады ў Расеі быў прыняты шэраг законаў, якія абмяжоўваюць свабоду ў Сеціве. Прынамсі, пасля таго як дзяржава наважыла атрымаць неабмежаваны доступ да асабовых звестак карыстальнікаў і даручыў сваім хакерам і «тролям» мяшацца ў выбары ў іншых краінах, шмат хто з інвестараў ставіцца да інтэрнэт-бізнэсу ў Расеі з асцярогай. Шмат якія расейскія стартапы не без падстаў пераносяць свае штаб-кватэры за мяжу, найперш у ЗША - менавіта ў тую краіну, ад уплыву якой Крэмль нібыта імкнецца абараніцца, прымаючы вышэйзгаданыя законы і ўводзячы розныя забароны.

Калі новы закон сапраўды будзе прыняты, і для замежных інвестараў будуць узнікаць новыя перашкоды, расейскія кампаніі рана або позна страцяць канкурэнтаздольнасць, прычым не толькі з прычыны нястачы капіталу на распрацоўку новых прадуктаў, а яшчэ і таму, што такія законы выклікаюць у інвестараў адчуванне, што у іх на шыі пятля, якая паволі зацягваецца. А гэта нельга назваць спрыяльнай атмасфэрай для росквіту IT-сфэры.

Пакуль Яндэкс яшчэ здатны расці на айчынным рынку, прапаноўваючы сваім кліентам паслугі таксі, арэнды аўтамабіляў або дастаўкі ежы. Але шмат хто з прадпрымальнікаў, якія стаялі ля вытокаў галіны, ужо пакінуў Расею або ўважае за лепшае ўкладваць сродкі за межамі краіны. Спецыялісты ў галіне кампутарных тэхналогій уваходзяць у лік самых мабільных людзей у свеце. І рана або позна расейскія кампаніі страцяць не толькі інвестараў і «разумныя галовы», але і кліентаў, якія пойдуць ад іх акурат да заходніх канкурэнтаў, якіх так баіцца Крэмль і ад уплыву якіх стараецца засцерагчы ўласных суграмадзян. Калі толькі тых наогул не прагоняць з расейскага рынку, прыняўшы яшчэ які-небудзь закон.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках