15 лiстапада 2019, Пятніца, 14:38
Добрая навіна
Рубрыкі

На «Дажынкі» грошы ёсць, на помнік – няма

7
На «Дажынкі» грошы ёсць, на помнік – няма

Сёлета крэўскі замак застаўся без фінансавання.

Нягледзячы на абяцанні працягнуць сёлета чарговы этап рэстаўрацыі з кансэрвацыяй руін крэўскага замка ў Смаргонскім раёне Гарадзенскай вобласці, работы на мурах так і не аднавіліся. «Радыё Свабода» высвятляла, чаму праект замарозілі.

Яшчэ на пачатку года кіраўнік аўтарскага нагляду Уладзімір Сіняўскі запэўніваў, што з надыходам вясны будаўнікі разачнуцца з аднаўленнем баявых галерэй бліжэй да замкавай вежы, а таксама паўночна-ўсходняй часткі сцяны, дзе ў 1920-я гады польскія рэстаўратары паставілі мураваную «падпорку» - контрфорс. Усё гэта планавалася зрабіць да канца 2019 года.

Аднак ні рыштаванні, ні бытоўкі, ні самі будаўнікі на тэрыторыі замка так і не з'явіліся. Тым часам фартэцыя ХIV стагоддзя па ўсім неўмацаваныя перымэтры імкліва абсыпаецца.

Аднаўленне паўночна-ўсходняга муру адкладзенае

У Смаргонскім райвыканкаме, на балансе якога знаходзіцца аб'ект, журналістам сказалі, што сродкі на рамонт выдаюцца з фонду падтрымкі культуры і мастацтва, самастойна рэгіянальнаму бюджэту такіх выдаткаў не пацягнуць. Да таго ж мясцовая ўлады цяпер мае зусім іншы клопат - паспець усё зрабіць з абласнымі «Дажынкамі»: часу вобмаль, а ўвесь горад дагэтуль перакапаны.

Археалагічны нагляд у Крэве ажыццяўляе кандыдат гістарычных навук Алег Дзярновіч. Паводле ягоных слоў, на гэты сэзон сродкаў на кансэрвацыйна-будаўнічыя работы замка не выдавалася. Гэта мінус. А плюс, што прафінансаваныя работы над праектам.

«Мясцовыя ўлады, як і ўсе мы, хацелі б бачыць адноўленыя вежы і паўночны мур, - адзначае гісторык. - А будаўнічы праект - рэч досыць дарагая. Так што ў гэтым сэнсе фінансаванне кансэрвацыйных работ адбываецца. Спадзяюся, налета працягнем будаўнічыя і даследчыя работы».

У канцы мінулага года будаўнікі адрапартавалі аб заканчэнні чарговага этапу - кансэрвацыі паўночна-заходняга муру. Гэтая частка захавалася лепш за іншых, таму пастанавілі пачаць менавіта з яе.

Адноўленыя муры маюць амаль 100 м даўжыні і на асобных адцінках дасягаюць 10 м вышыні. Туды вярнулі аўтэнтычныя і сабраныя талакой камяні, прагалы замуравалі чырвонай цэглай. Як і ў выпадку з Княжацкай вежай, закансэрваванай раней, мур пакрылі двухсхільным дахам. Сабралі начынне ды з'ехалі.

Зрэшты, спех і жаданне ўкласціся ў рамкі каляндарнага года ў даслоўным сэнсе вылезлі бокам: з надыходам адлігі ў сакавіку абрынуўся кавалак муру, які будаўнікі ладзілі ў зімовыя маразы. Давялося вяртацца і перарабляць нанова.

Далучыць тутэйшых жыхароў да вырабу цэглы

Дзеля справядлівасці, спецыялісты звярталі ўвагу і на іншыя небясспрэчныя моманты. Напрыклад, на тое, што ў працэсе аднаўлення выкарыстоўвалі камяні прыблізна аднаго памеру, а валуны пакідалі ў запас. Таму складваецца ўражанне «ахайнага рамонту».

Або тое, што ў рошчыну будаўнікі ўкладаюць фрагменты-«разынкі». Калі старыя дойліды ўбівалі каменныя кліны, каб ушчыльніць канструкцыю, то цяпер муроўка выглядае збольшага як дэкарацыйная.

Або яшчэ. Вышэйшая частка муроў выкладаецца чырвонай цэглай. У старажытнасці іх выраблялі з мясцовай гліны, цяперашняя выглядае занадта па-сучаснаму. Элементы «новабудоўлі» асабліва прыкметныя на Княжацкай вежы: сэрыйная прадукцыя дысануе з аўтэнтычнымі рэшткамі.

Мясцовы майстар Сяргей Бандарэнка аднаўляе традыцыі ганчарства і ў суботу-нядзелю гандлюе аўтарскімі сувенірамі ў намёце ля замка. А ў астатні час на сваім надзеле ў суседняй вёсцы Чухнах сваімі рукамі будуе сярэднявечную канструкцыю ў прапорцыі 1:10. На ягонае перакананне, да працэсу аднаўлення арыгіналу варта было б далучыць тутэйшых жыхароў, якія маюць патрэбныя здольнасці «ў крыві».