26 красавiка 2024, Пятніца, 17:57
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мэра Кішынёва абяруць у другім туры

Мэра Кішынёва абяруць у другім туры
ФОТА: MIROSLAV ROTARI

У лідарах – прарасейскі сацыяліст і праеўрапейскі кандыдат.

Кандыдатура новага мэра Кішынёва вызначыцца ў другім туры. Пра гэта сведчаць папярэднія вынікі апрацоўкі 92 адсоткаў (280 з 307) пратаколаў, піша "Нямецкая хваля".

Кандыдат ад прарасейскай Партыі сацыялістаў Рэспублікі Малдова Іён Чэбан набірае 41,95 адсотка галасоў. Ягоны асноўны канкурэнт – Андрэй Нэстасе, лідар праеўрапейскай правай "Платформы Годнасць і праўда" (DA), якая ўваходзіць ў выбарчы блок ACUM ("Цяпер"), атрымлівае 30,58 адсотка галасоў.

У экс-мэра Кішынёва, ліберала Дорына Кіртоакэ – 9,39 адсотка. Такім чынам ні адзін з апанентаў не змог атрымаць больш чым 50 адсоткаў галасоў.

Як паведамляе агенцтва "Інтэрфакс", другі тур можа прайсці 3 лістапада.

У Бельцах перамагае Вусаты

Між тым у другім у велічыні горадзе краіны – Бельцах – на выбарах, паводле папярэдняй інфармацыі, перамог лідар "Нашай партыі" Рэната Вусаты. Ягоны апанент з Партыі сацыялістаў Рэспублікі Малдова Аляксандр Несцяроўскі павіншаваў яго з перамогай, паведамлче Бельцкі незалежны партал esp.md.

Нечаканая пасада Нэстасе

Іён Чэбан і Андрэй Нэстасе раней ужо ўдзельнічалі ў другім туры электаральнага марафону на датэрміновых мясцовых выбарах у Кішынёве 3 чэрвеня 2018 года. Перамогу з нязначнай перавагай тады атрымаў лідар партыі DA, аднак заняць крэсла мэра Нэстасе не давялося. ЦВК, падкантрольны кіроўнай на той момант дэмпартый Малдовы, ануляваў вынікі галасавання. Падставай стаў пост апазіцыйнага палітыка ў сацсетках, дзе ён у дзень выбараў заклікаў выбарнікаў прыйсці на ўчасткі. Суддзі трох інстанцый пагадзіліся з пастановай ЦВК. У Еўразвязе мяркуюць, што гэты вердыкт нясе ў сабе пагрозу для дэмакратыі ў Малдове.

Пасля таго як 8 чэрвеня 2019 года ў малдаўскім парламенце была створаная кааліцыйная большасць, дэпутаты прынялі дэкларацыю "Аб захопленай дзяржаве". Андрэй Нэстасе ўзначаліў Міністэрства ўнутраных справаў і заняў крэсла віцэ-прэм'ера. Уступіўшы ў перадвыбарчую барацьбу за пасаду мэра, ён, згодна з заканадаўствам, прыпыніў сваю працу ў Кабінеце.

У разгар выбарчай кампаніі, 8 кастрычніка, Апеляцыйная палата Кішынёва нечакана скасавала сваю леташнюю пастанову і зацвердзіла вынікі датэрміновых мясцовых выбараў 3 чэрвеня 2018 года. Нэстасе атрымаў пасаду мэра, аднак адразу адмовіўся ад яе як удзельнік новай электаральнай гонкі.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках