27 красавiка 2024, Субота, 2:17
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларусам пара рыхтавацца да дэфіцыту імпартных лекаў?

23
Беларусам пара рыхтавацца да дэфіцыту імпартных лекаў?

«Ручное кіраванне» медыцынай дае пабочны эфект.

Міністр аховы здароўя Уладзімір Каранік заявіў, што ў Беларусі з новага года запрацуе новы пералік прэпаратаў, на якія будуць вызначаныя «памежныя адпускныя кошты». Гэта ўжо напужала чатырох пастаўшчыкоў медыцынскіх прэпаратаў.

Да чаго можа прывесці такая палітыка ўладаў на фармацэўтычным рынку? Па каментар сайт Charter97.org звярнуўся да прафесійнай лекаркі, сківічна-тваравага хірурга, маці чацвярых дзяцей, актывісткі грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Алены Церашковай, якая ўдзельнічае ў «парламенцкай кампаніі» ў Каменнагорскай выбарчай акрузе №101:

– Калі ўлада пачынае ўключаць ручное кіраванне, то заўсёды ў якасці пабочнага эфекту адбываецца зніжэнне эфектыўнасці. Самым эфектыўным, з гледжання міжнароднай эканомікі, як я разумею, з'яўляецца канкурэнцыя.

Як толькі канкурэнцыю спрабуюць узяць пад кантроль, то ўплыў спажыўца нівелюецца і застаецца толькі ўплыў гэтага самага ручнога кіравання.

Памятаеце, улетку Міністэрства аховы здароўя апытанне праводзіла з нагоды замежных лекаў? На мой погляд, ініцыятыва апытаць насельніцтва, ад каго б яна ні зыходзіла, гэта справа станоўчая, але, бачачы тое, як у нас падлічваюць галасы на «выбарах», можна падумаць, што і астатнія катэгорыі ў нас падганяюцца пад жаданы вынік. Натуральна, гэта ўсё будзе падавацца, як «паляпшэнне даступнасці для насельніцтва», але рэч у тым, што наколькі б ні былі даступныя няякасныя рэчы – якаснымі яны ад гэтага не становяцца.

Усё ж такі вялікі выбар у гэтым выпадку важнейшы, чым нізкі кошт. Будзе вельмі сумна, калі буйныя фармкампанія адмовяцца ад супрацоўніцтва з Беларуссю праз ручное кіраванне ў гэтай галіне.

Тым не менш, а што ўладам застаецца рабіць – насельніцтва бяднее. Можа быць, для некаторых грамадзянаў гэта на самай справе стане дапамогай, таму што часам бывае, што дрэннае лепш, чым ніякае, але гэта зноў жа не робіць гонару ўраду. Калі ўлады хочуць выплываць за кошт затыканне дзірак, прапановы абы-чаго замест рэальна патрэбнага, то гэта зусім не падвышае давер да іх і не паляпшае здароўе нацыі.

Праз некалькі гадоў мы будзем назіраць эфект, і я баюся, што ён будзе зусім не станоўчы.

– Як ужо цяпер у Беларусі выглядае сітуацыя з медыцынскімі прэпаратамі, коштамі на іх?

– Вось вам сённяшні свежы прыклад. Прыйшла пацыентка, якая сказала мне, што ў яе раней быў гепатыт С. Яна яго паспяхова вылечыла, скарыстаўшыся індыйскімі прэпаратамі. Я ўжо не першы раз чую гісторыю пра тое, што людзі самастойна з Індыі заказваюць прэпараты ад гепатыту С, якія ім выдатна дапамагаюць. Паколькі праблема гепатыту С, на жаль, носіць у нашай краіне масавы характар, а яшчэ некалькі гадоў таму кошты на курс лекавання былі вельмі высокія, то хай бы дзяржава паклапацілася пра тое, што трэба ў пастаўшчыкоў закупіць прэпараты, якія рэальна працуюць.

Я не спецыялістка ў гепатыце, але гэта тая хвароба, якая цікавіць мяне як прафесіяналку, таму што я заўсёды рызыкую яе падхапіць ад пацыентаў. Увогуле, хацелася б, каб перадавое і найлепшае, хай нават трохі больш дарагое, да нашых людзей даходзіла.

Магу сказаць, што эфэктыўнасць беларускіх лекаў не заўсёды дрэнная, але «не заўсёды дрэнная» – гэта далёка ад ідэалу.

– У суседняй Літве лекар атрымлівае на рукі 1500–2000 еўраў за месяц. Як ідуць справы ў заробкамі ў лекараў у нашай краіне?

– У ліках нам з Літвой, на жаль, не параўнацца. Скажу так, у Швэцыі лекары працуюць на 0,75 стаўкі. Гэта інфармацыя ад маёй сястры, якая працуе лекарам у Швэцыі. Па-першае, калі яны будуць працаваць на поўную стаўку, то гэта вялікія падаткі, а па-другое, 0,75 стаўкі – гэта якраз столькі, колькі трэба, каб забяспечыць сябе і мець час на сям'ю, хобі. Я, у адрозненне ад яе, часамі працую на 1,5 стаўкі, а бывае, што і больш. У адваротным выпадку, мой прыбытак не пакрые мае патрэбы.

У той самы час у медыцыне ўвесь час адбываюцца незразумелыя намёкі на маніпуляцыі з катэгорыямі. То іх уводзяць, то хочуць скасаваць, то хочуць перагледзець. Міністэрства аховы здароўя то дае дазвол на датэрміновую здачу на катэгорыю, то, наадварот, забараняе. Правілы гульні, як і ўсюды ў нашай краіне, вельмі зменлівыя і мутныя.

Атрымліваецца, што нават тыя капейкі, якія мы маглі б зарабляць дзякуючы павышэнню катэгорыі, спрабуюць забраць. Мухлююць, маніпулююць і ўводзяць ручное кіраванне. Хоць на самай справе здача на катэгорыю не заўсёды азначае, што спецыяліст мае дастаткова ведаў, каб уважацца больш кваліфікаваным. Вось тут з'яўляюцца элементы прафанацыі, звязаныя з тым, што катэгорыю нібыта павінны атрымліваць усе і пацвярджаць усе, але дзяржава не можа дазволіць сабе паставіць фільтр прафесійнай прыдатнасці проста таму, што тады абваліцца ўся сістэма.

– Вы ўдзельнічаеце ў «парламенцкай кампаніі», правялі шэраг пікетаў для збору подпісаў у Менску. Раскажыце пра гэта больш падрабязна.

– Пікеты для збору подпісаў мы абавязкова праводзім некалькі разоў на тыдзень. Магу сказаць, што атмасфера на іх дастаткова прыязная. Агрэсіўна настроеных людзей не было. Звычайна людзі або падыходзяць з пытаннямі, гатовыя падтрымаць, або праходзяць міма.

Увогуле дыялогі з людзьмі адбываюцца дастаткова часта. Адзначу, многія не вераць, што гэтыя «выбары» прынясуць нейкі вынік. Шмат хто ведае, хто вінаваты ў тым, што «выбары» нам не прыносяць плёну. Тым не менш я рэгулярна чую, што людзі вельмі б хацелі сумленных выбараў, зразумелай альтэрнатывы. Людзі пазітыўна рэагуюць на тое, што, я, напрыклад, прадаўжаю працаваць у медыцыне. Чалавек, які працуе для людзей – гэта той кандыдат, якога хочуць бачыць людзі. Я чую скаргі на тое, што не зразумела, хто выбіраў «парламентарыяў» папярэдняга склікання, і не зразумела, чым яны там займаюцца. Людзі хацелі б бачыць больш адкрыты парламент, пра які хоць нешта вядома і каб была нейкая зваротная сувязь, таму што цяпер – гэта закрыты клуб і ў выбарнікаў складваецца ўражанне, што, патрапіўшы туды, шматлікія «дэпутаты» адрываюцца ад народа.

Мы людзям стараемся растлумачыць важнасць грамадскай актыўнасці і што адзіны шлях, якім мы можам дамагчыся пераменаў, – гэта супольна працаваць на іх. Характэрна, што людзі з намі згаджаюцца. Сітуацыя складаная, але наша праца на вуліцах вельмі патрэбная. Незалежна ад таго, ці атрымаецца ў нас сабраць неабходную колькасць подпісаў, незалежна ад таго, ці прызнаюць іх «камісіі», наша праца не праходзіць дарма.

Само з'яўленне нашых сцягоў на вуліцах ужо будзіць людзей. Большасць з якіх нават і не ведала, што, аказваецца, усяго толькі праз месяц будуць «выбары» у «парламент», якія вызначаюць лёс краіны цягам вялікага прамежку часу. Бо законы, прынятыя «парламентам», могуць працаваць дзесяцігоддзямі. Вялікі мінус нашай дзяржавы, што не ідзе праца з насельніцтвам, што няма крыніцаў дзяржаўных, якім людзі давяралі б.

Рэжымы не вечныя, і чым раней мы пачнем выхоўваць наша насельніцтва ў бок палітычнай актыўнасці, тым менш праблемаў будзем мець пасля змены рэжыму.

Удзел у «выбарах» я расцэньваю, як канструктыўны і неабходны крок.

Цяпер выдатны момант, каб паказаць людзям, што ёсць тыя, за кім можна ісці. Ёсць тыя, да каго можна далучацца, і людзі гатовыя да дыскусіі. Галоўнае, што мы цяпер робім, – гэта вірусная папулярызацыя сваёй пазіцыі. Чалавек, які 20–30 хвілінаў размаўляў з тым, хто стаіць на пікеце для збору подпісаў, будзе гэтай інфармацыяй дзяліцца далей: абмяркоўваць, спадабалася ці не, абурыла ці ўразіла, але ён будзе пра гэта гаварыць, а гэта менавіта тое, што нам трэба.

Трэба, каб грамадства атрымала нагоду абмеркаваць палітычную сітуацыю ў краіне. Тады беларусы прыйдуць да прычынаў існага становішча. У нас людзі вельмі разумныя, яны ўсё разумеюць. Калі б пікеты былі дазволеныя цэлы год і кожны дзень, то на іх можна было б назбіраць вельмі шмат цікавых і нестандартных думак, таму што яны якраз і нараджаюцца падчас дыскусіі.

Я радая, што ўдзельнічаю ў «выбарах». Адназначна, я мяркую, гэта важны крок для сябе і не толькі для сябе.

– Што Вы пажадаеце беларусам у сітуацыі, якая склалася?

– Хачу сказаць дзве рэчы: нашу краіну выратуюць прафесіяналы і актыўныя людзі. Прафесіяналам трэба быць кожнаму на сваім месцы і сумленна працаваць, а актыўным быць там, дзе важна ўзяць лёс у свае рукі. Палітыка – гэта менавіта той выпадак, калі вы не займаецеся палітыкай, то рана ці позна палітыка зоймецца вамі.

Напісаць каментар 23

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках