25 кастрычнiка 2020, Нядзеля, 19:28
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

«Дармаедская база» так і не змагла запрацаваць

68
«Дармаедская база» так і не змагла запрацаваць
Фота: bortnikau.livejournal.com

Улады спалохаліся бунтаў.

Тэрмін аплаты «дармаедаў» асобных камунальных паслуг поўнымі тарыфамі пераносіцца на 1 траўня 2020 года. Гэта прадугледжанае пастановай урада №682 ад 7 кастрычніка 2019 года, паведаміў журналістам першы намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Беларусі Андрэй Лабовіч, паведамляе карэспандэнт БелТА.

Такая пастанова прынятая ў мэтах недапушчэння неабгрунтаваных выпадкаў налічэння павялічанай платы за паказаныя паслугі грамадзянам.

Намеснік міністра заявіў, што звесткі для фармавання базы грамадзян, не занятых у эканоміцы, паступаюць амаль з 50 крыніц. У сувязі з гэтым неабходна забяспечыць правядзенне дадатковых мерапрыемстваў для актуалізацыі звестак, якiя ўтрымлiваюцца ў ведамасных інфармацыйных рэсурсах.

Выяўленая патрэба ў дапрацоўцы сістэмы ўліку спажыўцоў газу, а менавіта правядзенне арганізацыйных і тэхнічных мерапрыемстваў, якія забяспечваюць аператыўны абмен інфармацыяй.

Дапрацоўка ведамасных інфармацыйных рэсурсаў у частцы паляпшэння якасці змешчанай у іх інфармацыі патрабуе дадатковага часу.

Нагадаем, што беларусы, якія працуюць за мяжой, аўтаматычна трапляюць у «дармаеды».

Не раз заяўлялася аб тым, што «дармаеды» будуць аплачваць і іншыя паслугі, якія субсідуюцца дзяржавай, а «незанятых у эканоміцы беларусаў» палохалі ЛПП.

Нагадаем, што папярэдняя версія «дармаедскага дэкрэта» выклікала масавыя пратэсты, якія экспэрты называюць самымі маштабнымі ў Беларусі з часоў «перабудовы».

«Дармаедская база» была афіцыйна запушчаная з 1 снежня 2018. Праца над базай вялася доўгі час. У рукі камісій патрапіла шмат асабістай інфармацыі пра беларусаў. Зафіксаваныя выпадкі, калі ў базу траплялі людзі, якія не маюць ніякага дачынення да дэкрэта аб «дармаедах». Больш за тое - даўно памерлыя людзі, школьнікі, пенсіянеры.

Інфармацыю аб «дармаедах» збіралі настаўнікі ў школах, МНС, МУС, ЖКГ. Але і гэтага выявілася недастаткова для таго, каб «дармаедская база запрацавала цалкам.