26 красавiка 2024, Пятніца, 21:13
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Андрэй Войніч: Галоўнае – тое, што я ўбачыў у вачах моладзі на плошчы Свабоды

3
Андрэй Войніч: Галоўнае – тое, што я ўбачыў у вачах моладзі на плошчы Свабоды
ФОТА: «Радыё Свабода»

Настрой людзей – гэта вялікая рухальная сіла.

Папулярны беларускі блогер Сцяпан Святлоў (NEXTA), аўтар фільма «Лукашэнка. Крымінальныя матэрыялы», які набраў больш за 1,5 мільёнаў праглядаў на youtube.com і блізу 600 тысячаў у іншых сацсетках, правёў сустрэчу падпісчыкаў у Менску на плошчы Свабоды. На сустрэчу прыйшло блізу 2 тысячаў чалавек.

Відэаблогер і актывіст грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» падзяліўся ў «Фэйсбуку» сваім меркаваннем пра сустрэчу:

«Не буду пераказваць падзеі вечару пятніцы, проста адзначу пару момантаў.

Галоўнае, што здарылася – гэта велізарная колькасць маладых людзей, у вачах якіх не пабітасць і нават не надзея на кагосьці, а гатоўнасць дзейнічаць. Моладзь прыйшла не паглядзець ці паслухаць некага там, а прыйшла ўдзельнічаць у развязанні праблемаў краіны. Гэта паказвае, што ў нашай краіны ёсць будучыня, што мы ўсё ж такі разам, мы – народ і нас аб'ядноўвае агульная бяда – рэжым Лукашэнкі.

Я нездарма гаварыў, што з кожным днём прачнутых і працерлых вочы ўсё больш, усё больш людзей глядзіць на сітуацыю ў краіне цвярозым аб'ектыўным поглядам. Тых жа, хто верыць праўладным крыкунам – СМІ, прапагандзе, ідэолагам і іншым – амаль не засталося. Нават самая вялікая частка правераных «лукамольцаў» уцякла з-пад нагляду куратараў да нас.

Другі важны момант заключаецца ў тым, што МУС не проста не змаглі перашкодзіць правесці перадвыбарчы пікет і сустрэчу з NEXTA, але і сталі гэткім каталізатарам абурэння людзей на плошчы Свабоды. Дзякуючы іх правакацыям і спробам перашкодзіць мы вымушаны былі абараняць наша абсталяванне, залезці на трактар. Што было потым, усе бачылі. Прынамсі, правакатары не здолелі зламаць апаратуру цішком, як яны зрабілі гадзіну таму.

Народ абурыўся і гатовы быў браць ратушу штурмам, каб вызваліць Андрэя Шарэнду. Дзверы ледзь зачынілі. Кіраўніку МУС Караеву, які, як высветлілася, сядзеў унутры, хапіла розуму вызваліць нашага сябра.

Вось гэты настрой людзей – вялікая рухальная сіла. Я не столькі пра апісаны вышэй момант, я пра выступы, крычалкі, эмоцыі на плошчы. А між тым вакол нас сабралася крыху больш за тысячу. А цяпер уявіце, што мы можам зрабіць, калі нас будзе дзесяць тысячаў? А калі сто?

А абавязкова ж будзе, і тады мы зможам задаць пытанні, якія дыктатура папросту ігнаруе цяпер, тады мы зможам развязаць праблемы краіны, якіх бясконцае мноства.

І самае галоўнае – тады мы прыбярэм дыктатара з усёй ягонай бандай і наша краіна зажыве нармальным жыццём, як сацыяльным, так і эканамічным.

Хочацца сказаць дзякуй усім, хто прыйшоў на абмеркаванне фільма Сцяпана, усім, хто выказаўся ці хацеў, але не змог. І яшчэ раз нагадаю, што чым больш людзей паглядзіць гэты фільм – тым больш людзей прачнецца, тым хутчэй мы вылечым Беларусь ад дыктатуры.

Прадоўжым гутарку на Кастрычніцкай 15 лістапада а 18-й. Прыходзьце».

Нагадаем, што каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Яўген Афнагель на сустрэчы NEXTA заклікаў сабрацца 15 лістапада а 18-й на Кастрычніцкай плошчы. Мітынг будзе цалкам легальным, бо да 17 лістапада ў Беларусі прадаўжаецца выбарчая кампанія, і ўсё будзе праходзіць у рамках агітацыйнай кампаніі кандыдатаў у дэпутаты.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках