13 снежня 2019, Пятніца, 2:47
Засталося зусім крыху
Рубрыкі

«Усе кажуць, што выглядаю быццам з адпачынку»: беларуска распавяла, як працавала ў Фінляндыі

6
«Усе кажуць, што выглядаю быццам з адпачынку»: беларуска распавяла, як працавала ў Фінляндыі
ІНА З КАЛЕГАМІ.
ФОТА: ІНА ХОМІЧ

Іна Хоміч з брыгадай беларусаў адпрацавала «вахту» на сезонных работах на Аландскіх астравах.

Праца, як у санаторыі, жыллё - за кошт наймальніка, заробак - ад 7 еўра ў гадзіну «чыстымі». Берасцейка Іна Хоміч з брыгадай беларусаў адпрацавала «вахту» на сезонных работах на Аландскіх астравах і распавяла tut.by, як там у фінскіх шведаў.

Аландскія астравы - гэта аўтаномія ў складзе Фінляндыі, якая заселеная пераважна шведамі. Геаграфічна архіпелаг размяшчаецца ў Балтыйскім моры на ўваходзе ў Батнічны заліў.

Мясцовыя жывуць за кошт турызму, фермерства і рыбалоўства. На сезонныя працы сюды, як правіла, запрашаюць латышоў і эстонцаў. Сёлета адзін з фермераў, які спецыялізуецца на вырошчванні гародніны і збожжавых культур, вырашыў у якасці эксперыменту паклікаць групу беларусаў, патлумачыла Іна Хоміч.

З яе слоў, прыбалты прыязджалі на двухтыднёвую вахту і з'язджалі, а на іх месца прыязджалі новыя, якіх ізноў даводзілася навучаць з нуля. Ад гэтага пакутавала і якасць, і прадукцыйнасць працы. Тады фермер вырашыў запрасіць людзей з больш аддаленых краін, якія змаглі б правесці ў яго ўвесь сезон. Праз свайго памочніка ён выйшаў на эстонца, які жыве з беларускай, і папрасіў яе набраць каманду. Беларускую брыгаду сабралі, аформілі візы для сезонных работнікаў - і ў канцы верасня Іна прыехала на Аланды.

- 23 верасня мы прыступілі да працы і прапрацавалі да лістапада. Са мной было дзевяць беларусаў і пяць эстонцаў, якія туды пастаянна ездзяць, - распавяла Іна.

Беларуская брыгада працавала на сямейнай ферме на востраве Вардо. Наймальнік - фінскі швед - на працягу года спраўляецца сваімі сіламі, а ўвесну і ўвосень, калі вялікі аб'ём работ, запрашае гастарбайтэраў. Пры гэтым вясной яму патрэбная дапамога толькі на тыдзень, таму хапае і эстонцаў.

- Умовы працы вельмі добрыя. Табе не трэба ні пра што турбавацца. Калі трэба нешта прыкруціць, то тут жа побач ляжаць усе неабходныя інструменты. Не так, як у нас: скажуць зрабіць, а як і чым - незразумела. Я падчас навучання ва ўніверсітэце працавала ў Беларусі ў студэнцкім атрадзе, і такія праблемы часам узнікалі. А тут усе ўмовы, толькі працуй. Стаўленне да нас было выдатнае. Фермер і яго сын працавалі разам з намі ў поле. Сваім прыкладам паказвалі, што і як трэба рабіць, - кажа берасцейка.

У ВЁСЦЫ ЧАСТКА СТАЯЦЬ ТАКІЯ ДОМІКІ З ЛЯДОЎНЯМІ, ЗАПОЎНЕНЫЯ ГАРОДНІНАЙ. ЛЮБЫ МОЖА ЎЗЯЦЬ З ЯЕ ПРАДУКТЫ І КІНУЦЬ У СКАРБОНКУ 2 ЕЎРЫ.
ФОТА: ІНА ХОМІЧ

«Чырвоную рыбу можна было купіць па 5 еўраў за кілаграм»

Выдаткі на пражыванне цалкам пакрываліся наймальнікам. Для беларусаў ён зняў у мясцовым кемпінгу некалькі нумароў, у якіх летам жывуць турысты.

- Мясцовыя фермеры вельмі рэдка здымаюць жыллё для сваіх работнікаў. Нам у гэтым плане пашанцавала. Таму што жыллё там каштуе да 400 еўра ў месяц. Наш наймальнік здымаў кемпінгі з усімі ўмовамі, пральнай машынай, саўнай і кухняй. Жылі па чатыры чалавекі ў пакоі. Было вельмі ўтульна.

Прадукты гастарбайтэры куплялі самі.

- Мы ездзілі ў краму за 30 кіламетраў. Там у адзін дзень на тавары была 30% зніжка. А на прадукты, у якіх мінаў тэрмін прыдатнасці, - 60%. Мы жылі на гэтых зніжках, таму што кошты былі дастаткова высокія. Хоць не на ўсё. Чырвоную рыбу, напрыклад, можна было купіць па 5 еўраў за кілаграм.

БІБЛІЯТЭКА.
ФОТА: ІНА ХОМІЧ

Першы час беларусы збіралі салату айсберг. Да абеду працавалі ў полі, пасля - у цэху на пакаванні. На наступную раніцу салата ўжо была ў мясцовых крамах. Потым пайшла пекінская капуста. Большая частка брыгады зразала яе ў поле цэлы дзень, астатнія - фасавалі па скрынях.

«У мяне за месяц выйшла блізу 1700 еўраў»

Працоўны дзень, як правіла, працягваўся 8 гадзін. Пры гэтым кожныя дзве гадзіны былі 30-хвілінныя кава-паўзы і гадзінны перапынак на абед. Са слоў Іны, часам працавалі і па 10-11 гадзін у дзень. У тыдзень працаўнікі мелі два выходныя, якія выпадалі на розныя дні, - усё залежала ад аб'ёму работ. У вольны ад працы час Іна чытала кнігі, хадзіла за грыбамі, гуляла.

- У плане забаў там было ўсё як у беларускай вёсцы. Брыгадзір-эстонец даў нам сваё аўто, і мы ездзілі на ім у горад. Мужчыны хадзілі на рыбалку. Ім паказалі месца, дзе дазволена лоўля. А яшчэ хадзілі па грыбы. Калі мы туды прыехалі, грыбоў у лесе было шмат. Там іх ніхто не збірае. Я назбірала белых, высушыла на батарэі і прывезла дадому.

За гадзіну працы беларусам плацілі блізу 10 еўраў "бруднымі". Калі адняць ад гэтай сумы падатак і іншыя адлічэнні, выходзіла крыху больш за 7 еўраў.

- Працэнт падатку залежыць ад колькасці адпрацаваных гадзін. Калі адпрацаваў да 200 гадзін у месяц, то адымаецца 20%. Мы адпрацавалі больш, таму ў нас аднялі 35%. У мяне за месяц выйшла блізу 1700 еўраў. У Беларусі за гэтую працу столькі ніколі б не атрымаў, - патлумачыла Іна.

Свой месяц працы на Аландах берасцейка жартам называе «санаторыем»:

- Я вярнулася - і мне ўсе кажуць, што выглядаю быццам з адпачынку. Абсалютна няма такога пачуцця, што я месяц цэлымі днямі займалася фізічнай працай. Мне гэтая вахта вельмі «зайшла»! І праца, і добрая атмасфера, і стасункі паміж людзьмі на дарогах, у крамах. Добрая ежа, прырода. Чым не санаторый?!