26 красавiка 2024, Пятніца, 8:00
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Аляксандр Крэмэр: Беларусы разумнейшыя, чым думаюць улады

2
Аляксандр Крэмэр: Беларусы разумнейшыя, чым думаюць улады
АЛЕКС КРЭМЭР
ФОТА: VEDOMOSTI.MD

Прадстаўнік Сусветнага банка расказаў, чаму рэформы ў нашай краіне неўнікнёныя.

Сталы прадстаўнік Сусветнага банка ў Беларусі Аляксандр Крэмэр у часе «Кастрычніцкага эканамічнага форуму» разбіў аргументы, якія прыводзяць праціўнікі правядзення ў краіне структурных рэформаў, піша zautra.by.

Аргумент: У Беларусі хутчэй, чым у іншых краінах рэгіёну, зніжаўся ўзровень беднасці

Але колькасць людзей, якія жывуць за мяжой беднасці, у 2017 годзе ў параўнанні з 2014-м павялічылася больш чым на 10%.

У той час як у той самай Малдове ці Украіне сем'і ў гэтыя гады назапашвалі актывы, беларусы – выдаткоўвалі. Тым самым станавіліся больш уразлівымі ў адносінах да эканамічных рызык.

Аргумент: У 2000-я эканоміка Беларусі добра расла і без рэформаў

Гэта так: да 2009 года эканоміка расла больш чым на 7% за год. Аднак расла яна за кошт знешніх запазычанняў. З 2002 года каб павялічыць тэмпы эканамічнага росту да больш чым на 2,5%, ёй даводзілася павялічваць аб'ём запазычанняў на 9%. Цяпер браць крэдыты нашмат складаней. Больш за тое, краіна і так ледзь спраўляецца з аплатай пазык. Значыць, эканамічны рост у найлепшым выпадку будзе дасягаць 2%.

Аргумент: Нацбанк і Міністэрства фінансаў спраўляюцца з макраэканамічным балансам

Мінфін здольны паменшыць выдаткі бюджэту, Нацбанк – праводзіць адпаведную палітыку, якая прывяла б да зніжэння прыватных запазычанняў. Але макракарэктаванне без структурных рэформаў прыводзіць да выцяснення прадукцыйных інвестыцый, адзначае Аляксандр Крэмэр. Напрыклад, карэктаванне ў 2015–2017 гадах ажыццяўлялі шляхам ліквідацыі прыватных інвестыцый. Таму цяпер у краіны занадта мала бюджэтных сродкаў для фінансавання асноўных катэгорый дзяржвыдаткаў.

Аргумент: Насельніцтва – супраць рэформаў

На самай справе сітуацыя змянілася: не падтрымлівае рэформы менш за траціну насельніцтва. А амаль 50% хацелі б частковай або поўнай трансфармацыі.

– Насельніцтва разумнейшае, чым мы думаем. Тыя, у каго ёсць хатняя гаспадарка, выразна разумеюць, што будзе, калі выдаткоўваць больш, чым зарабляеш. Яны зразумеюць неабходнасць рэформаў, калі гэта як мае быць растлумачыць, – мяркуе Аляксандр Крэмер.

Сталы прадстаўнік Сусветнага банка ў Беларусі назваў тры блокі задачаў, якія стаяць перад Беларуссю.

Паставіць дыягназ і вылечыць дзяржсектар

Дзяржпазыка Беларусі за апошнія 10 гадоў істотна вырасла ў тым ліку таму, што дзяржава вымушаная была знаходзіць сродкі для кампенсацыі стратнасці дзяржсектара.

У 2018 годзе на падтрымку дзяржпрадпрыемстваў Беларусь выдаткавала блізу 4% ВУП, гэта лепш, чым у 2015 (9,5%), але ўсё роўна шмат. Такая дзяржпадтрымка разумная толькі тады, калі гэтыя прадпрыемствы робяць неабходныя грамадскія паслугі.

Дзяржпрадпрыемствы ў першую чаргу выступаюць пасярэднікамі паміж дзяржавай і занятымі на іх грамадзянамі ў сістэме сацыяльнай падтрымкі: яны атрымліваюць дзярждатацыі і плацяць працаўнікам заробкі нават у тым выпадку, калі кампанія нічога не зарабляе.

Але гэта абсалютна неэфектыўная форма сацпадтрымкі насельніцтва. Карысней і выгадней для краіны было б зачыніць тыя дзяржкампаніі, у якіх няма шанцаў стаць бясстратнымі, і зрабіць стаўку на прыватны сектар, дзе будуць стварацца новыя працоўныя месцы. У гэтым выпадку супрацоўнікі зачыненых прадпрыемстваў не застануцца не ў справах на рынку працы.

Стварыць сумленныя ўмовы для бізнэсу

Дзяржава можа атрымліваць больш выгодаў ад прыватнага сектара, калі развяжа ключавыя праблемы ў эканоміцы. Да прыкладу, 40% прыватнага сектара адзначаюць, што вымушаныя канкураваць у няроўных з дзяржпрадпрыемствамі ўмовах. Акрамя гэтага прыватнікі мяркуюць, што законы і нарматывы да іх ужываюцца непаслядоўна і непрадказальна, што перашкаджае доўгатэрміноваму планаванню. Яшчэ адна праблема для бізнэсу – крыжаваныя субсідыі. У той час як насельніцтва аплачвае толькі 20% кошту ацяплення, ягоную астатнюю частку перакладаюць на плечы прадпрыемстваў, што б'е па іх канкурэнтаздольнасці.

Перагледзець сацыяльны кантракт

Змены, перад аліччам якіх стаіць беларуская эканоміка, вымусяць дзяржаву паклапаціцца пра сацыяльную абарону насельніцтва.

– Уздзеянне гэтых зменаў можна змякчыць шляхам умацавання праграмаў сацыяльнай абароны, – кажа Аляксандр Крэмер.

Сярод іншага стварыць умовы, каб тыя, што шукаюць працу, пачалі атрымліваць годную дапамогу ў беспрацоўі і супрацоўнікі зачыненых дзяржпрадпрыемстваў атрымалі магчымасць прайсці навучанне, без якога іх шанцы ўладкавацца ў рынкавых умовах вельмі малыя.

– Калі Беларусь распачне названыя структурныя змены, то выйдзе з гэтага працэсу мацнейшай, больш паспяховай і эканамічна незалежнай, – мяркуе сталы прадстаўнік Сусветнага банка ў Беларусі.

Рэформы для Беларусі неўнікнёныя. Ажыццявіць такую трансфармацыю няпроста. Але чым даўжэй краіна адкладае развязанне праблемаў, тым складаней будзе з імі разабрацца.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках