Закон пра асаблівы статус Данбаса будзе падоўжаны на год
4- 10.12.2019, 9:24
- 7,969
Удзельнікі нармандскага саміту дамовіліся цягам чатырох месяцаў стварыць умовы для правядзення выбараў у АРДЛА.
Закон "Аб асаблівым парадку мясцовага самакіравання ў асобных раёнах Данецкай і Луганскай абласцей" можа быць прадоўжаны на год. Пра гэта ноччу 10 снежня ў Парыжы падчас прэс-канферэнцыі паводле вынікаў нармандскага саміту паведаміў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі, піша gordonua.com.
"Гэта тэхнічная рэч, нам лягчэй цяпер прадоўжыць гэты закон і пазней унесці формулу Штайнмаера, бачачы пэўныя крокі з таго боку, што мы набліжаемся да дээскалацыі. Цяпер пачакаць, калі гэты закон не будзе існаваць, а потым, калі дай бог усё добра, мы будзем новы закон галасаваць – гэта больш складана. Я думаю, што трэба прадоўжыць", – сказаў Зяленскі.
Прэзідэнт адзначыў, што новы закон трэба ўзгадняць з кожным бокам на перамовах у Менску.
"Мне здаецца, што гэта складана і нам потым могуць выкручваць рукі. А гэты закон ужо ёсць, і мы яго прадоўжым. Ён часовы. Мяне сёння спыталі: чаму не на пяць гадоў, не на 10? Я шчыра адказаў усім прадстаўнікам нармандскага саміту: Мы не ведаем, што будзе праз пяць гадоў, праз 10, а прадоўжыць на год – гэта нармальная прапанова", – дадаў ён.
Таксама лідары краінаў "Нармандскай чацвёркі" – прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі, расейскі лідар Уладзімір Пуцін, канцлерка Нямеччыны Ангела Меркель і прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон – дамовіліся, што цягам чатырох месяцаў будуць створаныя перадумовы для правядзення мясцовых выбараў на Данбасе.
Пра гэта Макрон заявіў у ноч на 10 снежня на прэс-канферэнцыі пасля саміту ў Парыжы, паведамляе gordonua.com.
"Нам цяпер трэба даручыць міністрам замежных справаў і дарадцам узгадніць палітычныя ўмовы, каб за чатыры месяцы стварыць перадумовы для правядзення мясцовых выбараў", – сказаў Макрон.
Ён не называў тэрмінаў для правядзення выбараў, але адзначыў, што ў гэтым працэсе павінна быць узятая да ўвагі ўзгодненая ў Менску "формула Штайнмаера".
Меркель казала, што праз чатыры месяцы адбудзецца новая сустрэча ў нармандскім фармаце, а да таго часу бакі будуць займацца падрыхтоўкай саміту і "накіроўваць усіх на падрыхтоўку мясцовых выбараў" на Данбасе.
У 2014 годзе, адразу пасля анэксіі Крыма, на ўсходзе Украіны Расея пачала ўзброеную агрэсію. Баявыя дзеянні вядуцца паміж Узброенымі сіламі Украіны з аднаго боку і расейскай арміяй і падтрыманымі Расеяй баевікамі, якія кантралююць частку Данецкай і Луганскай абласцей, з другога. Афіцыйна РФ не прызнае свайго ўварвання ва Украіну, нягледзячы на прад'яўленыя Украінай факты і доказы.
Перамовы пра ўрэгуляванне канфлікту на Данбасе вядуцца ў трохбаковай кантактнай групе ў Менску (Украіна, Расея, АБСЕ), а таксама ў нармандскім фармаце – з удзелам прадстаўнікоў Украіны, Францыі, Нямеччыны і Расеі. Кіраўнікі дзяржаваў нармандскага фармату сустракаліся апошні раз 19 кастрычніка 2016 года ў Берліне.
Саміт у нармандскім фармаце ў Парыжы пачаўся 9 снежня блізу 17-й, перад сустрэчай чатырох лідараў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі і прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін правялі двухбаковыя сустрэчы з Меркель і Эмануэлем Макронам. Прыкладна ў 18.20, амаль з паўтарагадзінным спазненнем, пачаліся перамовы лідараў "Нармандскай чацвёркі". Гэтую сустрэчу перапынілі для перамоваў Зяленскага і Пуціна.
Двухбаковыя перамовы прэзідэнтаў Украіны і РФ доўжыліся больш за гадзіну. У частцы сустрэчы ўдзельнічалі міністр энэргетыкі і абароны навакольнага асяроддзя Украіны Аляксей Оржэль і выканальны дырэктар НАК "Нафтагаз Украіны" Юры Вітрэнка. З расейскага боку – кіраўнік управы "Газпрама" Аляксей Мілер і міністр энэргетыкі РФ Аляксандр Новак.