26 красавiка 2024, Пятніца, 17:51
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Аўтааматар: У нас ў краіне аніводнае новаўвядзенне не палегчыла жыццё людзям

12
Аўтааматар: У нас ў краіне аніводнае новаўвядзенне не палегчыла жыццё людзям
ІЛЮСТРАЦЫЙНАЕ ФОТА

Ні да чаго добрага дарожныя «фокусы» уладаў не прыводзяць.

Базавая адзінка ў Беларусі з 1 студзеня вырасце да 27 рублёў. Пра тое, як гэта адаб'ецца на беларускіх кіроўцах, Charter97.org распавёў аўтамабіліст са стажам, актывіст «Еўрапейскай Беларусі» Васіль Сямёнаў:

- Я думаю, што наўрад ці хтосьці будзе ў захапленні ад гэтых новаўвядзенняў. Падвышэнне базавай адзінкі заўважаць не адразу, а тады, калі ўбачаць сумы розных плацяжоў. Вырастуць дзяржаўныя мыты, кошт рэгістрацыі і зняцця з уліку і, вядома, штрафы. Гэта ж адзін з асноўных артыкулаў папаўнення бюджэту. Адначасова з ростам штрафаў павялічваецца і іх колькасць. На дарогах ставяць новыя камеры фіксацыі хуткасці, супрацоўнікі ДАІ часцей праводзяць розныя мерапрыемствы, мэта якіх - сабраць пабольш штрафаў. Думаю, што гэтая тэндэнцыя захаваецца - уладам востра трэба папаўняць бюджэт.

- Нядаўна стала вядома, што «дарожны падатак» усё ж плануюць «адвязаць» ад тэхагляду. Як думаеце, гэта адбудзецца?

- Наўрад ці, хоць гэтага даўно патрабуюць беларускія аўтамабілісты. Зараз дзяржаўны збор прывязаны да тэхагляду, што кіроўцы лічаць вельмі несправядлівым. Розныя людзі ездзяць з рознай частатой і гэтак жа па-рознаму эксплуатуюць праезную частку. Самы правільны варыянт - прывязаць збор да паліва, але на гэта ўлады не пойдуць, бо гэта ўдарыць па іх кішэні.

Калі ўсё ж дарожны падатак «адвяжуць» ад тэхагляду, то хутчэй за ўсё, вырастуць і штрафы за няпройдзены тэхагляд, і яго кошт, і кантроль за аплатай. Без яго стане ездзіць фактычна немагчыма. А пакуль гэтага яшчэ не адбылося, будзем ездзіць, як і раней, проста трэба быць больш уважлівымі. Пытанне ж не ў тым, што дарожны падатак высокі, пытанне ў тым, што ён ідзе на што хочаце, але не на дарогі. Ад'едзь за Менск на пяць-дзесяць кіламетраў, збоч з галоўных магістраляў - адны ямы і выбоіны, асабліва вясной.

Усё, што звязана з дарогамі, я расцэньваю больш чым крытычна. Бо нават здаць на правы з кожным годам станавіцца ўсё цяжэй, як і пераздаць тым, хто з якой-небудзь прычыны пазбавіўся іх. Да таго ж, гэтыя паслугі становяцца даражэйшымі і даражэйшымі.

У нас у краіне ніводнае новаўвядзенне ў сферы транспарту і камунікацый не палегчыла жыццё звычайным людзям. Пастаянна ўскладняецца сістэма з тымі ж ПДР. Ускладняецца дарожная разметка, з'яўляюцца новыя знакі, новыя правілы. Калі заязджаеш на перакрыжаванне, на якім дзесяць знакаў, то нават не паспяваеш паглядзець часам навакол - ці няма на дарозе перашкод, каб выпадкова не парушыць. Гэта робяць для таго для таго, каб садраць грошай пабольш, але ж і супрацоўнікі ДАІ гэта абавязаны рабіць таму, што іх сама сістэма прымушае пастаянна нешта ўскладняць. Яны павінны ўвесь час «удасканальваць» сваю дзейнасць і гэта рэгулярна выяўляецца ў павелічэнні нязручнасцяў для кіроўцаў і пешаходаў. Новаўвядзенні так хутка мяняюцца, што кіроўцы са стажам, часам нават не ў курсе, што цяпер адбываецца на дарогах паводле новых правіл.

Мяркуючы нават з афіцыйнай інфармацыі, з якой я азнаёміўся на электронным табло ў РАУС Фрунзенскага раёна Менска, у параўнанні з мінулым годам, у гэтым годзе, адбылося значнае пагаршэнне дарожнай сітуацыі са смярцямі, траўмамі, проста аварыямі. Таму ні да чаго добрага гэтыя іх дарожныя «фокусы» не прыводзяць. Ужо проста перагнулі палку. Такое бязладдзе на дарогах развялі, што проста жах!

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках